Папулярны расійскі святар пасмяяўся з беларусаў
Павел Астроўскі — вядомы расійскі святар з 278 тысячамі падпісчыкаў на YouTube, уласнымі кнігамі і мерчам. Беларусаў у сацсетках абурыў яго здзеклівы каментар.
Павел Астроўскі. Фота: pavelostrovski / Instagram
Святар Павел Астроўскі служыць у мястэчку Нахабіна, што ў Маскоўскай вобласці, а заадно актыўна займаецца блогерствам. Апроч YouTube-канала, ён піша кнігі і перыядычна ходзіць на тэлепраекты і інтэрнэт-шоу.
Вядзе ён і Threads, там у Астроўскага 158 тысяч падпісчыкаў. 4 ліпеня Павел адрэагаваў на пост з заклікам да расіян не называць Беларусь Беларусіяй:
«Не здзіўлюся, калі акажацца, што вы лічыце, што першапачаткова ўсе людзі былі беларусамі і гаварылі выключна на адзіна правільнай вашай мове з ідэальным вымаўленнем, пажоўваючы адзіна сапраўдную ежу — дранікі.
Калі хто не ведае, Адам і Ева былі беларусамі».
Астроўскі перанёс на беларускую глебу падыход, які яшчэ ў 2010‑я выкарыстоўвала расійская прапаганда. Яны высмейвалі тэорыі некаторых радыкальных украінскіх аўтараў пра надзвычай старажытнае паходжанне ўкраінцаў, падаючы іх як мэйнстрымную навуку, каб тым самым выставіць украінскую ідэнтычнасць агулам як выдумку. Напрыклад, быў фэйк 2014‑га года, згодна з якім украінскія гісторыкі нібыта лічаць, што Чорнае мора выкапалі ўкраінцы.
Беларусы не змаўчалі:
«Імкнучыся быць разумным, нельга забывацца заставацца чалавекам. Такога крынджу я даўно не чытаў».
«Можа хопіць ужо зневажаць людзей, цэлая нацыя вам не дагадзіла?»
Адна каментатарка перадрукавала каментар Астроўскага, выказала сваё абурэнне і папрасіла яго па-руску называць жыхароў Беларусі «белорусы», а не «беларусы», як напісаў Астроўскі. Спадабалася нават прапагандысту Ігару Туру.
І толькі адзінкі вырашылі апраўдаць Астроўскага:
«Колькі беларусаў брыдоты пра Расію тут пішуць, усё ўсім ок, ніхто не адмяняе беларусаў. А тут пажартаваў чалавек з улікам практыкі, якая ўжо ёсць у суседняй краіне, дык адразу беларусы пакрыўдзіліся».
Але больш папулярнымі былі іншыя ацэнкі — вось самы залайканы каментар:
«Шчыра кажучы, я ў шоку. Бацюшка, па сутнасці, агулам нас зняважыў, абвінаваціўшы ў фанабэрыстасці».
У 2024‑м Астроўскі прызнаваўся, што падчас споведзі не задае лішніх пытанняў удзельнікам агрэсіі супраць Украіны:
«Вось ён прыходзіць і ён кажа: «Бацюшка, адпусці мне грахі». Вось ён прыйшоў у ратацыю. І я бачу, што ў яго ў вачах слёзы, і я яго ні пра што не спытаю. «Адпускаеш?» — «Так, вядома».
Я проста ведаю выпадкі, калі пачынаюць пытацца, ці марадзёрыў, ці мацюкаўся. Я не ведаю, як іншыя бацюшкі, не хачу іх асуджаць», — казаў Астроўскі.
Чытайце таксама:
Госць з Расіі ў Мінску ўзяў у арэнду машыну — ганяў так, што штрафаў пакінуў ажно на 1215 рублёў