На ўзбярэжжы Аўстраліі знайшлі загадкавыя шары. Імі займаюцца спецыялісты па космасе
На поўначы аўстралійскага штата Квінсленд на бераг вынесла шэсць вялікіх серабрыстых сфер. Паводле папярэдніх ацэнак, яны могуць быць фрагментамі касмічнай тэхнікі, піша Бі-бі-сі.
Цяпер паходжанне знаходак вывучае Аўстралійскае касмічнае агенцтва. Спецыялісты ў ахоўных касцюмах змясцілі аб'екты ў спецыяльныя герметычныя кантэйнеры пад аховай паліцыі, паколькі ўсярэдзіне могуць знаходзіцца небяспечныя рэчывы.
Пажарна-выратавальная служба Квінсленда ўстанавіла вакол месца знаходкі 50‑метровую зону бяспекі і заклікала жыхароў не набліжацца да падобных прадметаў, а пры іх выяўленні неадкладна паведамляць экстранным службам.
У інтэрнэце з'явіліся версіі, што сферы могуць быць бакамі для ракетнага паліва. Калі гэта так, у іх маглі захавацца рэшткі гаручых або хімічна актыўных рэчываў. Пакуль невядома, якому касмічнаму апарату належалі гэтыя аб'екты і якая краіна іх запусціла.
Падобныя выпадкі ўжо здараліся. У 2023 годзе на заходнім узбярэжжы Аўстраліі знайшлі вялікі металічны купал, які пазней прызналі фрагментам індыйскай ракеты-носьбіта. А ў 2011 годзе ў Намібіі выявілі сферычны аб'ект, які, паводле экспертаў, мог быць паліўным бакам ракеты з рэшткамі гідразіну.
Чытайце таксама:
NASA запусціла робата, каб паспрабаваць адсунуць каштоўную касмічную абсерваторыю далей ад Зямлі
НАСА назвала імёны членаў экіпажа місіі «Артэміда-3» — чарговага этапу на шляху да высадкі на Месяц
У кітайскай пустыні разгледзелі з космасу дзясяткі новых ядзерных аб'ектаў