NASA запусціла робата, каб паспрабаваць адсунуць каштоўную касмічную абсерваторыю далей ад Зямлі
Такія аперацыі дагэтуль не праводзіліся.

Амерыканскае касмічнае агенцтва адпраўляе ў космас апарат-маніпулятар, каб выратаваць ад падзення на Зямлю каштоўныя тэлескопы. Такія аперацыі дагэтуль не праводзіліся, і шанцы на поспех не з’яўляюцца стопрацэнтнымі. Аднак навукоўцы, якім абсерваторыя перадае важныя здымкі, лічаць, што спроба таго вартая, піша Бі-бі-сі.
Гаворка ідзе пра касмічную абсерваторыю Swift, якая назірае за самымі магутнымі выбухамі зорак у Сусвеце. Яе арбіта знізілася да небяспечных значэнняў, і калі не ўмяшацца, яна можа ўпасці на Зямлю.
Таму камерцыйная кампанія пад кіраўніцтвам NASA запусціла ў пятніцу апарат пад назвай LINK. План просты: апарат захоплівае тэлескоп трыма «рукамі»-маніпулятарамі і адсоўвае Swift далей ад Зямлі і яе атмасферы, аднаўляючы параметры арбіты. Але на справе ўсё значна складаней, чым у апісанні.
Навуковец Сімеон Барбер, які займаецца планетарнымі даследаваннямі ў Брытанскім Адкрытым універсітэце, падкрэслівае, што аналагаў гэтай місіі не было, і рызыка высокая. «Але NASA відавочна лічыць, што варта паспрабаваць», — сказаў ён. — І навуковая супольнасць вельмі на гэта спадзяецца, бо гэта важны тэлескоп, які дазваляе нам вывучаць падзеі звышвысокіх энергій. Іншых спосабаў іх даследаваць у нас няма».
Абсерваторыя Swift пачала зніжацца з-за таго, што павышаная сонечная актыўнасць прывяла да пашырэння верхніх слаёў атмасферы Зямлі. За 20 гадоў пасля запуску вышыня яе арбіты зменшылася з 600 да 360 кіламетраў. Пры гэтым асноўная страта вышыні адбылася ў апошнія пару гадоў.

Падзенне спадарожнікаў на Зямлю — звычайная з’ява, але Swift асабліва каштоўны для навукоўцаў, таму яго страта была б вельмі балючай. Пры гэтым ён працаваў значна даўжэй запланаваных двух гадоў — ужо 22 гады.
Абсерваторыя памерам з вялікі легкавы аўтамабіль абсталявана трыма тэлескопамі і была запушчана ў 2004 годзе. Яе задача — вывучэнне магутных касмічных выбухаў, якія адбываюцца пры гібелі масіўных зорак або сутыкненні нейтронных зорак.
Гэтыя падзеі настолькі манументальныя, што за лічаныя секунды выдзяляецца энергія, параўнальная з выпраменьваннем нашага Сонца на працягу 10 мільярдаў гадоў. Менавіта таму, што гэтыя катаклізмы такія кароткачасовыя, касмічную лабараторыю і назвалі Swift («Хуткі»). Увогуле, нічога падобнага да гэтых тэлескопаў у навукоўцаў няма, і NASA вырашыла, што такое абсталяванне варта незвычайнай экспедыцыі.
Робата зрабіла нядаўна створаная кампанія са штата Арызона Katalyst Space Technologies. На тое, каб перахапіць Swift на адзнацы ў 300 кіламетраў над Зямлёй (ніжэй гэтага апарат ужо немагчыма выратаваць), у інжынераў Katalyst было менш за год, — кажа яе кіраўнік Гоні Лі.
«Тое, што каманда Katalyst змагла зрабіць усяго за восем месяцаў, уражвае. Мы спраектавалі, пабудавалі, пратэставалі і аснасцілі робатамі апарат, які возьмецца за адну з самых смелых камерцыйных сэрвісных місій», — напісаў Лі ў прэс-рэлізе ў пачатку ліпеня.
Інжынеры стварылі трохрукага робата памерам прыкладна з халадзільнік, напоўненага камерамі і сістэмамі арыентацыі. У космас яго вывела ракета Pegasus XL, а далей рухацца LINK будзе з дапамогай невялікіх манеўровых рухавікоў. На працягу некалькіх тыдняў ён будзе па чарзе ўключаць свае сістэмы — рухавікі, навігацыю, камеры і датчыкі — каб праверыць, як перажыла запуск яго механіка і электроніка.

А тым часам абсерваторыя працягвае зніжацца. Выратавальны апарат, рухаючыся самастойна, адсочвае рухомую мэту. Прыкладна праз тры ці чатыры тыдні ён нарэшце наблізіцца да яе. Спачатку LINK будзе аблятаць тэлескоп, здымаючы яго з усіх бакоў. Інжынеры прыблізна разумеюць, дзе трэба «схапіць» Swift, але за 20 гадоў на арбіце яго абрысы маглі змяніцца.
«Swift не быў разлічаны на тое, каб яго захоплівалі ў космасе і карэктавалі яму арбіту, — кажа Барбер. — Таму выратавальны апарат будзе набліжацца вельмі павольна, і фіксацыя таксама будзе няспешнай».
У пэўны момант давядзецца зрабіць вырашальнае дзеянне і вылучыць тры робатызаваныя захопы да абсерваторыі. Калі ўсё пройдзе паспяхова, LINK, утрымліваючы Swift, пачне адштурхоўваць яго ад Зямлі. «Арбіта тэлескопа паступова будзе паднятая да ўзроўню, на якім ён зможа доўга заставацца стабільным, — тлумачыць Барбер. — Гэта будзе вельмі павольны і плаўны пад’ём». Чакаецца, што неабходныя 240 кіламетраў гэтая пара пераадолее за два-тры месяцы.
І калі ўсё атрымаецца, навукоўцы пачнуць думаць пра магчымасць яшчэ адной выратавальнай экспедыцыі — ужо да значна больш вядомага тэлескопа «Хабл».
Каментары