На Цнянскім вадасховішчы знайшлі краба, які ў прыродзе жыве ў водах Заходняй Афрыкі
Незвычайнага «адпачывальніка» заўважылі на пляжы Цнянскага вадасховішча ў Мінску. Фота і відэа апублікаваў акаўнт nedvizhka_minsk, піша Blizko.by.

Па пяску каля вадаёма швэндаўся сапраўдны краб.
Больш за тое, гэта быў вясёлкавы краб, які ў дзікай прыродзе сустракаецца на ўзбярэжжы Заходняй Афрыкі — уздоўж Атлантычнага акіяна ад Сенегала да Анголы. У натуральным асяроддзі гэтыя паўназемныя ракападобныя жывуць у мангравых зарасніках і на прыбярэжных участках, дзе выкопваюць глыбокія (да 1—2 метраў) норы ў вільготным грунце.
У каментарыях да допісу карыстальнікі справядліва заўважылі, што, хутчэй за ўсё, краб быў набыты ў заамагазіне, але гаспадар не здолеў забяспечыць яму належныя ўмовы ўтрымання і проста выпусціў яго ў вадаём.
Варта адзначыць, што ў прэснай вадзе такі краб можа жыць толькі пры ўмове, што яе жорсткасць складае каля 179 міліграмаў соляў на літр вады. У Цнянскім вадасховішчы гэты паказчык складае ўсяго 3—4 міліграмы соляў на літр, што можа быць небяспечным для жыцця ракападобнага.
Каментары