Украіна створыць Нацыянальны пантэон у Кіева-Пячэрскай лаўры. Чым ён будзе адрознівацца ад афіцыёзнага пантэона ў Беларусі?
Ва Украіне афіцыйна вызначыліся з месцам і правіламі стварэння Нацыянальнага пантэона — галоўнага мемарыяла, дзе спачнуць найвыдатнейшыя гістарычныя постаці дзяржавы. Яго фарміраванне кардынальна адрозніваецца ад таго, што робяць з нацыянальнай памяццю сёння ў Беларусі.

Рашэнне аб стварэнні Нацыянальнага пантэона ва Украіне абмяркоўвалася амаль 30 гадоў. 1 ліпеня 2026 года Вярхоўная Рада канчаткова ўхваліла адпаведны закон, а неўзабаве Кабінет міністраў вызначыў і месца для будучага мемарыяла.
Як паведамляе выданне «РБК-Украіна», ён размесціцца ў цэнтры Кіева, на тэрыторыі Нацыянальнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра».
Украінскі падыход грунтуецца на празрыстай працэдуры. Закон дакладна вызначае, хто можа быць ушанаваны ў Пантэоне: гэта кіраўнікі дзяржаў эпохі Русі, Рускага каралеўства, Казацкай дзяржавы, УНР і ЗУНР, Карпацкай Украіны, а таксама прэзідэнты сучаснай Украіны.
Акрамя таго, там знойдуць спачын галоўнакамандуючыя войскамі, нобелеўскія лаўрэаты і выдатныя дзеячы культуры, навукі і мастацтва.
Пры гэтым закон прама забараняе ўключаць у Пантэон асоб, асуджаных за злачынствы супраць чалавецтва, а таксама тых, хто падпадае пад законы аб дэкамунізацыі і дэкаланізацыі.
Украінскі інстытут нацыянальнай памяці (УІНП) разам з МЗС пачаў працу па верыфікацыі гістарычных постацяў, чые парэшткі сёння знаходзяцца за мяжой. Аблічча самога комплексу ў Лаўры будзе вызначана праз адкрыты архітэктурны конкурс.
Польскі фактар
Працэс стварэння ўкраінскага Пантэона суправаджаецца міжнароднымі дыскусіямі. Як адзначае ВВС News Украіна, ініцыятыва выклікала рэзкую рэакцыю ў Польшчы. Прычынай стала гіпатэтычная магчымасць уключэння ў Пантэон кіраўнікоў УПА — Сцяпана Бандэры, Рамана Шухевіча або Дзмітрыя Клячкоўскага.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што з ушанаваннем Бандэры «Украіна не ўступіць у Еўрапейскі Саюз». Украінскаму боку давялося даваць дадатковыя тлумачэнні.
Дэпутат Мікола Княжыцкі падкрэсліў, што ў самім законе няма ніводнага канкрэтнага прозвішча. Рашэнні будуць прымацца дарадчым органам з удзелам гісторыкаў і зацвярджацца галасаваннямі ў Вярхоўнай Радзе, а асобы, датычныя да злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, не пройдуць юрыдычныя крытэрыі закона.
Беларускі кантраст: закрыты спіс і партыйныя дзеячы
У Беларусі стварэнне ўласнага «пантэона» пайшло іншым шляхам, без прыняцця асобных законаў і грамадскіх абмеркаванняў. Як мы пісалі раней, ролю нацыянальнага пантэона ўлады Беларусі дэлегавалі шасці манументальным барэльефам, якія ўпрыгожаць фасад новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску.
Спіс гістарычных асоб для барэльефаў зацверджаны як канчатковы і не прадугледжвае дапаўненняў. Пры гэтым з пераліку прэвентыўна выкраслілі амаль усіх вялікіх князёў літоўскіх, у тым ліку Альгерда, Вітаўта і Гедыміна, а таксама дзеячаў, якія змагаліся са зброяй у руках супраць Расіі, напрыклад, Кастуся Каліноўскага і Канстанціна Астрожскага.
З барэльефаў, прысвечаных ХХ стагоддзю, выключылі значную частку нацыянальнай творчай інтэлігенцыі: няма Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Марка Шагала. Аднак пакінулі шэраг савецкіх партыйных функцыянераў. У барэльеф «Сучасны перыяд» таксама ўключаны Аляксандр Дубко — былы канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года.
Характэрна, што ў расійскім імперскім помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе (1862), на які, верагодна, арыентаваліся стваральнікі беларускіх барэльефаў, у свой час знайшлося месца і для Гедыміна, і для Альгерда з Вітаўтам, і нават для Канстанціна Астрожскага. Сучасны беларускі афіцыёзны спіс аказаўся значна больш жорсткім у сваіх крытэрыях адбору.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Міфатворчасць - гэтае ад комплексу нацыянальнай непаўторнасці.
Чым і чаму, усе стагоддзі займаліся таксама маскавіты.