«Гэтае лета нам давядзецца крыху пацярпець». У Клецку праблемы з вадой, крэйда ў зямлі ўскладніла свідраванне
У Клецку бракуе вады, асабліва па вечарах. Бураць новую свідравіну, 300 метраў углыбкі. Але работы пакуль выкананыя толькі напалову.

«На гэты момант работы выкананыя на 50%, — расказаў газеце «Да новых перамог» начальнік клецкага цэха водазабеспячэння Аляксей Дашкевіч. — Свідравіна вельмі глыбокая, у нас такіх яшчэ няма», — дадаў ён.
Пляцоўку для яе выбралі проста каля помпавай станцыі на вуліцы Перамогі, каб не марнаваць час і энергію на транспартаванне вады.
Працы выконвае віцебскае ТАА «ЗахадВадБуд», якое выйграла тэндар. Работы распачалі яшчэ ў пачатку мая, але тэрміны ўжо разышліся з планам: пашпарт аб'екта абяцаў завяршыць бурэнне яшчэ ў маі.
Затрымка тлумачыцца сюрпрызамі геалогіі. «У нашых нетрах на пэўнай глыбіні пайшоў не той грунт: ні пясок, ні суглінак, а нейкія крэйдавыя адкладанні», — тлумачыць Дашкевіч.
Свідравіна плануецца на 300 метраў — утрая глыбейшая за звычайныя гарадскія, таму і працы тут удвая больш. Затое планавая прадукцыйнасць будзе 70 кубаметраў вады за гадзіну, што амаль напалову закрые патрэбы места.
Тым часам клецкім людзям давядзецца яшчэ трохі пацярпець.
«Гэтае лета нам яшчэ трэба крыху пацярпець, — звяртаецца да землякоў Аляксей Дашкевіч. — Сёння яшчэ спёка, а праз тыдні два пройдуць дажджы, і гэтая тэма стане не такая актуальная».
Пры гарачыні спажыванне вады ў Клецку сягае 200 кубаметраў у гадзіну, і рэзервуар у 2000 тон за суткі поўнасцю вычэрпваецца — таму ноччу вада часам знікае на некалькі гадзін, а ў шматпавярховіках і на ўзвышшах прыватнага сектара напору можа не хапаць увогуле.
Пад публікацыяй чытачы цікавяцца, ці сплацяць будаўнікі штраф за сарваныя тэрміны і чаму праблема з вадой абвастрылася менавіта цяпер.
Каментары