У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову
«Пагроза ад эканамічнай падтрымкі расійскіх войскаў можа быць большай, чым рызыкі, звязаныя з ударамі па гэтых аб'ектах», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў. Паводле яго слоў, Кіеў ужо мае магчымасць нанесці такія ўдары, але рашэнне пра гэта будзе залежаць ад шэрагу фактараў.

За апошнія два гады Украіна неаднаразова наносіла ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, тлумачачы гэта тым, што яны з'яўляюцца часткай ваеннай лагістыкі і забяспечваюць палівам расійскую армію. У Кіеве не раз падкрэслівалі: калі цывільны аб'ект пачынае працаваць на патрэбы агрэсіі, ён робіцца законнай цэллю.
На гэтым фоне апошнім часам узнікае тэма пра беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і «Нафтан». Цесны вайсковы саюз паміж Мінскам і Масквой і апошнія заявы Кіева пра выкарыстанне беларускай тэрыторыі для падтрымкі расійскіх атак выклікаюць пытанне, ці могуць гэтыя прадпрыемствы разглядацца Кіевам як ваенныя цэлі.
Эксперт кіеўскага Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў у размове з «Нашай Нівай» сцвярджае: з пункту гледжання Украіны такая магчымасць існуе ўжо цяпер. Але, паводле яго, ёсць адна прынцыповая ўмова.
«Як толькі першы літр паліва будзе заліты ў расійскі танк»
Паводле эксперта, вызначальным з'яўляецца тое, ці выкарыстоўваецца прадукцыя беларускіх НПЗ для патрэб расійскай арміі.
«Калі прадукцыя беларускіх НПЗ выкарыстоўваецца для запраўкі расійскай вайсковай тэхнікі, якая ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, гэтыя аб'екты становяцца легітымнымі ваеннымі цэлямі», — лічыць Грамакоў.
Ён падкрэслівае, што гаворка ідзе як пра тэхніку, якая можа дзейнічаць з тэрыторыі Беларусі, так і пра тэхніку на сумежных участках фронту.
«Беларусь сёння выкарыстоўваецца Расіяй як эканамічны бустар і плацдарм для забеспячэння агрэсіі супраць Украіны. Як толькі першы літр паліва будзе заліты ў расійскі танк — гэта ўжо падстава разглядаць НПЗ як законную ваенную цэль», — кажа эксперт.
Ён удакладняе, што гэта можа пацвярджацца камерцыйнымі кантрактамі.
«Калі будуць заключаныя кантракты непасрэдна з Міністэрствам абароны Расіі, будзе відавочна, што гэта паліва закупляецца не для мірных патрэб», — кажа Дзмітрый Грамакоў.
Беларусь — ужо частка фронту
Адным з галоўных аргументаў супраць удараў па беларускай тэрыторыі часта называюць рызыку адкрыцця другога фронту.
Аднак Грамакоў лічыць, што для Украіны гэты аргумент не актуальны.
«Для Украіны няма першага і другога фронту. Фронт існуе з 24 лютага 2022 года, і беларуская мяжа ўжо даўно стала яго часткай. Пытанне толькі ў інтэнсіўнасці баявых дзеянняў на розных участках», — кажа ён.
Паводле эксперта, Украіна сапраўды не зацікаўленая ў пашырэнні баявых дзеянняў на беларускім кірунку. Але гэта не можа быць стрымліваючым фактарам, калі праз Беларусь працягваецца падтрымка расійскай арміі.
«Пагроза ад эканамічнай падтрымкі расійскіх войскаў можа быць большай, чым рызыкі, звязаныя з ударамі па гэтых аб'ектах», — лічыць ён.
«Гэта не ўдары па Беларусі, а па расійскіх інтарэсах»
Пры гэтым эксперт падкрэслівае, што галоўную пагрозу для Украіны стварае не беларускае войска.
На яго думку, беларуская армія сёння не гатовая да маштабных наступальных дзеянняў праз недахоп баявога досведу, тэхнікі і чалавечых рэсурсаў.
«Мы не разглядаем саму Беларусь як галоўную пагрозу. Для нас пагроза — гэта расійская прысутнасць на тэрыторыі Беларусі і расійскія інтарэсы, якія тут рэалізуюцца», — тлумачыць Грамакоў.
Менавіта таму магчымыя ўдары па беларускіх НПЗ ён называе ўдарамі не па Беларусі як дзяржаве, а па расійскай ваеннай інфраструктуры.
«Любое прадпрыемства, якое падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, разглядаецца як легітымная ваенная цэль», — сцвярджае эксперт.

Ці дазваляе гэта міжнароднае права?
Паводле Грамакова, з юрыдычнага пункту гледжання такія дзеянні могуць быць абгрунтаваныя. Пасля таго як Беларусь на пачатку вайны дала Расіі сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, яе статус у канфлікце змяніўся.
«24 лютага 2022 года фактычна вызначыла Беларусь як саўдзельніка агрэсіі. Калі падтрымка працягваецца, адпаведныя аб'екты могуць лічыцца законнымі ваеннымі цэлямі. З пункту гледжання міжнароднага права гэта легітымна», — запэўнівае эксперт.
Ён таксама не чакае прынцыповых пярэчанняў з боку заходніх партнёраў Украіны.
«Беларусь як плацдарм расійскай агрэсіі не патрэбная нікому з яе суседзяў. Таму я не думаю, што нехта будзе супраць ліквідацыі гэтай пагрозы даступнымі сродкамі», — кажа ён.
Што можа прывесці да эскалацыі?
На думку Грамакова, пытанне ўдараў па беларускіх аб'ектах залежыць ад палітыкі Мінска. Ён падкрэслівае, што для самой Украіны гаварыць пра новую эскалацыю ўжо бессэнсоўна.
«Мы ўжо знаходзімся ў стане вайны. Нам ужо няма куды эскалаваць», — кажа эксперт.
Паводле яго, Беларусь удзельнічае ў вайне не толькі праз прадастаўленне сваёй тэрыторыі Расіі. Ён пералічвае некалькі вымярэнняў гэтага ўдзелу: эканамічнае супрацоўніцтва, інфармацыйнае супрацьстаянне, кібератакі, якія, паводле ўкраінскага боку, ажыццяўляліся з беларускай тэрыторыі, а таксама дыпламатычную падтрымку Масквы.
«Беларусь не асудзіла расійскую агрэсію на міжнародным узроўні. У эканамічным, інфармацыйным, кібернетычным і дыпламатычным вымярэннях яна ўжо ўдзельнічае ў гэтай вайне. Таму гаворка не пра новую эскалацыю, а пра тое, ці адкрыецца яшчэ адно вымярэнне гэтай вайны», — падсумоўвае эксперт.
Улады Беларусі паслядоўна адкідваюць абвінавачанні ў непасрэдным удзеле ў вайне супраць Украіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што беларускія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, і заяўляў, што Беларусь імкнецца не дапусціць далейшай эскалацыі канфлікту. Паводле яго, Мінск не мае намеру «ўцягвацца ў чужую вайну», а ўсе дзеянні краіны носяць выключна абарончы характар і звязаныя з неабходнасцю гарантаваць уласную бяспеку. Лукашэнка таксама сцвярджаў, што папярэджваў украінскі бок не спрабаваць «уцягнуць Беларусь у вайну», і запэўніваў, што «ніякіх ваенных дзеянняў з боку Беларусі чакаць не варта».
Разам з тым беларускія ўлады не адмаўляюць цеснага ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй у рамках так званай Саюзнай дзяржавы, праводзяць сумесныя вучэнні, называюць размяшчэнне расійскай вайсковай інфраструктуры элементам стрымлівання і абароны і рэгулярна заяўляюць пра каардынацыю дзеянняў з Масквой.
Такім чынам, пазіцыі Мінска і Кіева ў ацэнцы ролі Беларусі ў вайне прынцыпова разыходзяцца.
Каментары