На радзіме Кастуся Каліноўскага бура пашкодзіла старыя могілкі. Праваслаўная парафія просіць дапамогі — або грашыма, або хто можа прыехаць з бензапілкай
Магутная навальніца, якая прайшла днямі над Падляшшам, нанесла сур'ёзныя страты старадаўнім могілкам у вёсцы Мастаўляны — на радзіме нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Мясцовая праваслаўная парафія, якая апякуецца святыняй, не дае рады самастойна справіцца з наступствамі стыхіі і просіць неабыякавых людзей аб дапамозе: як фінансавай, так і валанцёрскай.

У першыя дні ліпеня маштабны ўраган накрыў тэрыторыю гміны Гарадок, якая ляжыць на заходнім беразе ракі Свіслач, па якой праходзіць беларуска-польская мяжа.
Як паведаміў беларус Юрась Меляшкевіч, які абвясціў збор сродкаў на аднаўленне, найбольшы ўдар стыхіі прынялі на сябе Мастаўляны. Шквалісты вецер з каранямі вырываў старыя ліпы вакол парафіяльнай царквы Святога апостала Іаана Багаслова, у тым ліку на могілках.


Масіўныя дрэвы валіліся проста на магілы, пашкодзілі агароджы, крыжы і надмагільныя пліты. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўсё адбылося літаральна за некалькі секундаў.
Прыбіраць гэты хаос трэба сілы. Але праваслаўная парафія ў Мастаўлянах сёння налічвае ўсяго каля 35 чалавек. Настаяцель парафіі, святар Славамір Якімюк, з горыччу канстатуе, што пасля трох перанесеных інфарктаў ён проста не ў стане выконваць такую цяжкую фізічную працу, а сродкаў на наём прафесійных брыгад у вясковай грамады няма.

Мастаўляны — адно з найважнейшых месцаў для беларусаў на Падляшшы. Менавіта тут у 1838 годзе нарадзіўся Канстанцін Каліноўскі, будучы кіраўнік вызваленчага паўстання і аўтар «Мужыцкай праўды». Тут жа пабачыў свет і ягоны старэйшы брат Віктар — выбітны гісторык і археограф, чый уплыў на светапогляд Кастуся цяжка пераацаніць.
Сёння ў Мастаўлянах не засталося сядзібы, дзе жыла сям'я. Але засталася парафіяльная драўляная царква Святога апостала Іаана Багаслова, якую пачалі ўзводзіць у 1840 годзе. Хоць пазней, у 1862 і 1905 гадах, храм быў грунтоўна перабудаваны, атрымаўшы званіцу. А таксама драўляная могілкавая капліца Святых Казьмы і Дзям'яна. Узведзеная пры канцы XVIII стагоддзя яшчэ як уніяцкая, яна каля 1840 года была перанесена менавіта на тыя самыя могілкі, якія цяпер пакрушыла бура.


Як дапамагчы
Каб дапамагчы парафіі, беларускі грамадскі дзеяч і руплівец аховы спадчыны Юрась Меляшкевіч запусціў краўдфандынгавую кампанію.
Сёння Мастаўляны востра маюць патрэбу ў дзвюх рэчах: прафесійных руках і фінансах. Айцец Славамір Якімюк звяртаецца да ўсіх неабыякавых з просьбай аб валанцёрскай дапамозе.
У першую чаргу парафіі неабходныя людзі, якія ўмеюць працаваць з бензапіламі.
Таксама патрэбныя працоўныя рукі для прыборкі галля і расчысткі тэрыторыі. Валанцёраў, гатовых прыехаць у Мастаўляны, просяць браць з сабой уласныя бензапілы, сякеры, граблі і рабочыя пальчаткі.
Кантактны тэлефон па ўсіх пытаннях (Польшча): 883 762 185. Працы пачынаюцца штодня з 9:00 раніцы па меры збору груп.
Для тых, хто не можа далучыцца фізічна, адкрыты збор сродкаў на платформе Zrzutka.pl. Мэта кампаніі даволі сціплая — 5000 злотых, якія цалкам пойдуць на аплату спецыялізаванай тэхнікі, вываз аварыйных дрэў і аднаўленне пашкоджаных надмагілляў.
Акрамя таго, ахвяраванні можна пералічваць наўпрост на банкаўскі рахунак праваслаўнай парафіі ў Мастаўлянах:
Parafia Prawosławna pw. św. ap. Jana Teologa
Bank Spółdzielczy w Białymstoku Oddział w Gródku
Nr. 60 8060 0004 0392 7690 2000 0010
Каментары
Рэд. Тады гэта была адна зямля. Мяжа там упершыню прайшла ў 1944 годзе.
[Зрэдагавана]