Грамадства3939

Чым займаецца Аліна Харысава пасля гучнага скандалу з КДБ і якія высновы зрабіла са сваёй прыкрай гісторыі?

«Суперпамылковай была мая першая рэакцыя».

Аліна Харысава. Фота: «Белсат»

Прайшоў месяц пасля гісторыі, калі стала вядома, што палітолаг, былая экспертка Офіса Святланы Ціханоўскай Аліна Харысава пагадзілася на супрацоўніцтва нібыта з украінскімі спецслужбамі, якія насамрэч аказаліся кадэбістамі. 

Сёння Харысава больш не супрацоўнічае з Офісам, але вярнулася ў Каардынацыйную раду і пачала працаваць з псіхолагам.

Мы зноў паразмаўлялі з Харысавай — пра тое, што змянілася ў яе жыцці, як ставяцца да яе ў Офісе і Каардынацыйнай радзе і якія высновы яна зрабіла пасля ўсёй гэтай гісторыі.

«Праверылі амаль усё»

Аліна Харысава запэўнівае, што спецыялісты праверылі ўсе яе працоўныя гаджэты, прыватныя гугл-акаўнты, перапіскі ў тэлеграме, сляды выкарыстання крыптавалюты… — і нічога дыскрэдытуючага не знайшлі.

Засталося праверыць толькі адзін яе стары ноўтбук, якім яна не карыстаецца больш за год.

Паводле яе слоў, пасля таго як Офіс Святланы Ціханоўскай афіцыйна абвесціць пра завяршэнне расследавання, яна зможа апублічыць частку матэрыялаў:

«Не ўсё, таму што частка падпадае пад NDA. Але нейкія доказы таго, пра што я кажу, я ўжо змагу паказаць публічна».

Харысава запэўнівае, што праверкі не выявілі перадачы інфармацыі ці іншых парушэнняў. Тым не менш яе супрацоўніцтва з Офісам Святланы Ціханоўскай усё ж спынілася.

З Офісам развіталася, у Каардынацыйную раду вярнулася

Харысава кажа, што рашэнне ўзяць паўзу было ўзаемным:

«Мы проста вырашылі, што цяпер так будзе лепш. Калі я нешта буду рабіць з Офісам або Офіс са мной, гэта цяпер будзе толькі рэпутацыйна шкодзіць. Таму пакуль што супрацоўніцтва прыпынілі».

Затое ў Каардынацыйную раду яна вярнулася. Паводле яе, фракцыя «Еўрапейскі выбар», у якую яна ўваходзіць, дачакалася папярэдніх вынікаў праверкі і пасля гэтага падтрымала яе вяртанне:

«Калегі чакалі вынікі праверкі Офіса. Калі атрымалі іх і асобна паразмаўлялі з тымі, хто праводзіў праверку, вырашылі, што ўсё ў парадку і можна працягваць нашу працу».

Аліна Харысава кажа, што застаецца ў Каардынацыйнай радзе найперш дзеля працы над міжнародным кірункам. Яна займаецца падрыхтоўкай стварэння пастаяннага прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл у Парламенцкай асамблеі АБСЕ і называе гэты праект адной са сваіх галоўных задач.

«Я лічу, што гэта суперкрута і суперважна, бо ў АБСЕ таксама ёсць прадстаўнікі рэжыму. Гэта вельмі добра, калі ў нас ёсць пляцоўка, дзе мы можам казаць пра тое, што адбываецца з нашага боку, і дзе прысутнічаюць прадстаўнікі рэжыму.

Я яшчэ да ўступлення ў Каардынацыйную раду дапамагала Аляксандры Мамаевай. Яна была ў міжнароднай камісіі, і я дапамагала рыхтаваць дакументы для Парламенцкай асамблеі АБСЕ: працавала над тым, як звяртацца да тых сяброў асамблеі, якія добра ставяцца да беларускіх дэмакратычных сіл, каб яны падтрымлівалі пэўныя рэзалюцыі.

Па сутнасці, мая праца не патрабуе вялікай публічнасці. Гэта не толькі пра тое, каб нехта паехаў на сесію Парламенцкай асамблеі. Каб у Беларусі з'явілася такое прадстаўніцтва, патрэбна шмат нябачнай бюракратычнай працы. І менавіта гэтым я хачу займацца», — кажа Аліна Харысава.

З Задзіночаннем беларускіх студэнтаў сітуацыя аказалася іншай. Там таксама правялі асобную праверку, але ўжо сама Харысава вырашыла ўзяць паўзу:

«Яны мяне спыталі, ці гатовая я працягваць працу. І я сказала, што цяпер мне насамрэч вельмі патрэбная паўза. Таму мы вырашылі, што мой намеснік будзе працаваць замест мяне да канца кадэнцыі».

А вось з Еўрапейскай асацыяцыяй палітычных кансультантаў Аліна Харысава працягне працаваць. 

«Пры кожнай магчымасці гатовыя выліваць на мяне любое дзярмо»

Хоць Аліна Харысава і вярнулася да працы ў Каардынацыйнай радзе, яна прызнаецца: адносіны з часткай дэлегатаў застаюцца напружанымі.

«У мяне ёсць тое, над чым я сапраўды хачу працаваць, таму я і вырашыла заставацца. Я разумею, што Каардынацыйная рада — гэта каля васьмідзесяці чалавек, і толькі ў меншасці ёсць нейкія пытанні да мяне. Але, канечне, псіхалагічна гэта няпроста», — адзначае Аліна.

Асобна яна згадвае прадстаўнікоў фракцыі «Наступ»:

«У нас былі канфлікты яшчэ некалькі гадоў таму. І цяпер пры кожнай магчымасці ёсць пэўныя прадстаўнікі «Наступу», якія гатовыя любое дзярмо на мяне выліваць. Таму я нават не здзівілася, што пасля гэтай сітуацыі яны працягваюць гэта рабіць».

Пакуль ніякіх афіцыйных працэдур у самой Каардынацыйнай радзе адносна яе не праводзілася.

«Ніякага асобнага пасяджэння не было. Камісіі яшчэ не сфармаваныя. Магчыма, нехта ў будучыні захоча вынесці пытанне пра маё выключэнне, але пакуль я працягваю працаваць», — кажа Аліна Харысава.

«Суперпамылковай была мая першая рэакцыя»

Пасля ўсёй гэтай гісторыі Аліна Харысава кажа, што не раз пракручвала падзеі апошняга года ў галаве і спрабавала зразумець, што магла зрабіць інакш, а што, наадварот, лічыла правільным.

Калі гаворка заходзіць пра ўласныя памылкі, перш за ўсё Харысава гаворыць пра сваю публічную рэакцыю пасля таго, як усё стала вядома.

«Суперпамылковай была мая першая рэакцыя. Мяне папрасілі вельмі хутка адрэагаваць у публічным полі, але я яшчэ нават не паспела нармальна паглядзець відэа (сюжэт прапагандыстаў — НН). І ўжо пасля па крупінках пачала аднаўляць, што адбывалася дзевяць месяцаў таму. І яшчэ памылкай было тое, што я ўступала ў камунікацыю», — пералічвае Аліна.

Па яе словах, цяпер яна ўжо інакш глядзіць і на тое, як беларускія арганізацыі павінны рэагаваць на падобныя гісторыі:

«Мне здаецца, што праз некалькі гадоў жыцця ў свабодных краінах мы пачынаем менш сур'ёзна ставіцца да падобных фактаў. Здаецца, што ўсё ўжо нармальна, што гэтага не можа быць. А нас насамрэч працягваюць вельмі моцна атакаваць. Я ўжо дзялілася з калегамі сваімі назіраннямі, што, як мне здаецца, трэба палепшыць».

Харысава пасля ўласнай гісторыі па-іншаму пачала ўспрымаць беларускую прапаганду:

«Я заўсёды цікавілася тым, як працуе прапаганда, любіла разбіраць гэтыя механізмы. Але калі сам праз гэта праходзіш, гэта зусім іншае адчуванне.

Я разумела, што яны выкарыстоўваюць маніпуляцыі, што могуць узяць крышачку праўды, а потым дабудаваць усё астатняе. Але калі гэта адбываецца ўжо з табой, ты пачынаеш разумець, наколькі гэта працуе. Самая страшная прапаганда не тая, якая цалкам хлусіць. Самая страшная — калі яна бярэ кроплю праўдзівага, а пасля перакручвае гэта ў зусім іншую гісторыю».

Паводле яе, менавіта гэта стала адным з галоўных асабістых урокаў апошніх месяцаў.

«У Германіі проста не разумеюць, што такое ціск з боку дыктатуры»

Пакуль унутраныя праверкі ў беларускіх структурах набліжаюцца да завяршэння, адказу ад нямецкіх праваахоўнікаў Харысава ўсё яшчэ чакае.

Месяц таму яна звярнулася ў паліцыю Германіі. Паводле яе слоў, нагодай сталі падазрэнні, што на тэрыторыі краіны могуць дзейнічаць людзі, звязаныя з беларускімі спецслужбамі, якія сочаць за ёй.

«Я была ў паліцэйскім аддзяленні, яны ўсё запісалі, склалі рапарт. Я таксама паказвала ім пратакол свайго інтэрв'ю, калі падавалася на міжнародную ахову. Там падрабязна задакументавана ўсё, што датычылася спробаў вярбоўкі. Мне сказалі, што са мной звяжуцца праз два-тры тыдні. Але пакуль нічога няма.

Я нават папрасіла, каб мне напісалі менавіта на электронную пошту. Пасля ўсёй гэтай гісторыі ў мяне з'явілася фобія невядомых нумароў. Бо спецслужбісты таксама тэлефанавалі са схаваных нумароў. Цяпер любы такі званок выклікае вельмі моцную трывогу», — распавядае Аліна Харысава.

Яна дадае, што не лічыць такую затрымку нечым незвычайным:

«Я размаўляла з нямецкімі адвакатамі, з людзьмі, якія сутыкаліся з падобнымі справамі. Яны кажуць, што гэта можа заняць больш часу. Для Германіі гэта проста незвычайная сітуацыя. Мне здаецца, яны не вельмі разумеюць, што з такімі гісторыямі рабіць.

Мне здаецца, у Еўропе дагэтуль не вельмі разумеюць, што такое Беларусь і што такое ціск з боку дыктатуры. Тут ёсць адчуванне, што калі чалавек ужо з'ехаў, то ён у бяспецы. Але гэта не заўсёды так. Пра гэта таксама трэба гаварыць».

Паводле яе, асноўная просьба да нямецкіх уладаў — праверыць інфармацыю пра магчымую дзейнасць людзей, якія могуць працаваць у інтарэсах беларускіх спецслужбаў, а таксама дапамагчы з абаронай асабістых даных:

«У Нямеччыне вельмі лёгка знайсці адрас чалавека. Але ёсць працэдура, калі дзяржава можа схаваць гэтыя звесткі і не даваць да іх доступу. Мне вельмі хацелася б, каб падчас гэтай праверкі мяне таксама ўключылі ў такую праграму».

Ціск з боку КДБ спыніўся

Пры гэтым, сцвярджае Харысава, пасля агалошвання яе гісторыі яна чакала значна больш жорсткай рэакцыі з боку беларускіх сілавікоў:

«Калі шчыра, я думала, што ў Беларусі цяпер пачнецца нешта значна горшае. Але, на дзіва, сваякоў пакуль не чапаюць».

Замест гэтага, кажа яна, працягваюцца іншыя спробы кантакту:

«Пасля ўсёй гэтай гісторыі мне і іншым людзям пачалі пісаць з фэйкавых акаўнтаў. Пісалі журналістам, маім калегам. Мне таксама прыходзілі паведамленні, дзе, як я мяркую, проста хацелі паздзекавацца.

Быў нават цікавы выпадак: нібыта ўкраінскія спецслужбы напісалі па-ўкраінску, што ім вельмі шкада, што я трапіла ў такую сітуацыю, і папрасілі перадаць ім акаўнты, з якіх мне пісалі. Але нумар быў зарэгістраваны ў Малдове. Я проста зрабіла скрыншот і выдаліла гэта».

«Цяпер мне патрэбная паўза»

Харысава звярнулася па дапамогу да псіхолага і цяпер праходзіць тэрапію:

«Мяне накрывала вельмі моцная трывога. Было цяжка спаць, цяжка есці. Зараз працую з псіхолагам, і гэта сапраўды дапамагае. Апошнія паўгода ў мяне былі толькі сон, трэнажорная зала некалькі разоў на тыдзень і ўвесь астатні час — праца. Калі ўсё гэта абвалілася, галава ўспрыняла гэта як страту ўсяго жыцця».

Нягледзячы на тое што Аліна Харысава працягвае працаваць у Каардынацыйнай радзе і не адмаўляецца ад грамадскай дзейнасці, вяртацца да ранейшага рытму жыцця і ўзроўню публічнасці яна пакуль не збіраецца.

«Мне цяпер у любым выпадку патрэбная паўза, проста для сябе. Я нават заўважаю гэта па Каардынацыйнай радзе. Прыходжу на пасяджэнні, ціха сяджу, слухаю іншых. Калі пачынаюцца нейкія нападкі, мяне гэта вельмі моцна выбівае. Мне патрэбны час, каб з гэтай трывогай разабрацца», — кажа Харысава.

Яна прызнаецца, што нават невялікія каментары цяпер могуць надоўга вывесці яе з раўнавагі:

«Нават калі бачу паведамленне, што нехта нешта напісаў пра мяне, усё, у мяне мандраж. Хтосьці падтрымлівае, хтосьці, наадварот, здзекуецца, і мяне выбівае з каляіны на некалькі гадзін. Я разумею, што спачатку трэба папрацаваць з галавой.

Гэтая сітуацыя наклала пэўныя змены і на прыватнае жыццё. Таму цяпер я дакладна не буду вельмі актыўнай. Трэба яшчэ разабрацца з усёй гэтай гісторыяй у Германіі, дачакацца заканчэння праверак. 

Праз пэўны час, думаю, вярнуся. Магчыма, ужо крыху з іншым фокусам, але вярнуся».

Каментары39

  • ДИН
    09.07.2026
    Самое печальное в этой истории, что она согласилась работать с иностранными спецслужбами. Вообще с любыми спецслужбами.
    Она согласилась стучать на тех, с кем работала бок о бок и тут уже не важно, кому.
    Девочка даже не понимает, что всё, ее политическая карьера на этом закончилась. Ни через год, ни через 10 лет этого ей не забудут.
  • Алесь
    09.07.2026
    Да ничем не занимается. Ездит по СМИ и грантовым тусовкам с экспертными лекциями о вербовке. Переодически строит из себя жертву в соцсетях и суперважную оппозиционерку, на которую охотится кей джи би, хотя всем на нее плевать - использовали и выкинули. Институт репутации у нас нулевой, поэтому неудивительно, что у этой членкини офиса даже есть группа поддержки: ну, она же не со зла хотела завербоваться агентом иностранной разведки, у нее была депрессия. Все же мы, когда у нас депрессия, первым делом хотим завербоваться, нельзя ее осуждать за это. Правда, на кружочке, где она выбрала оперативный псевдоним, она была веселой, но это неважно. А вообще, она с самого начала все знала и проводила многоходовочную спецоперацию, чтобы разоблачить КГБ.

    [Зрэдагавана]
  • .
    09.07.2026
    Так а дзе галоўная выснова: ці можна зліваць падрабязнасці ўнутранай працы СВАЁЙ каманды налева ІНШЫМ людзям?

    Нават калі верыш, што зліваеш у службу іншай краіны, якая вядзе справядлівую вайну (варыянт А);
    або лічыш, што гуляеш у аператыўную гульню з КДБ (варыянт Б);
    або робіш нешта нелагічнае нібыта пад вялікім ціскам КДБ (варыянт В).
    Кожны варыянт патрабуе раскрыць сваім, што з табой адбываецца.

    Дарэчы, які варыянт насамрэч адбыўся? Стварыла такі туман, што нібыта ўсе адначасова.

    І яшчэ раз: праверкі гаджэтаў і акаўнтаў могуць паказаць, што слядоў зараз няма, а не даказаць на 100%, што нічога іншага там ніколі не рабілі.
    Інакш не існавалі б інструкцыі па ачыстках гаджэтаў і акаўнтаў перад праходам мяжы і ператрусамі.
    Добры крок, што сама ініцыявала праверку, але не трэба скажаць, што праверка дае 100% гарантыю.

    Нарэшце, трохі няясны жанр і мэты артыкула. Ці то для забавы публікі на яшчэ гарачую тэму, ці то па жаданню Аліны (партнёрскі матэрыял?), для паляпшэння іміджу.
    На мой погляд, падыход "я толькі ахвяра" з адмаўленнем уласнай адказнасці за галоўнае (па прыкладу Стрыжака) толькі пагаршае яе становішча.

Цяпер чытаюць

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам11

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам

Усе навіны →
Усе навіны

Збеглы папугай тыдзень вандраваў пад Мінскам, сілкаваўся часнаком, але вярнуўся1

Сусветны крызіс фертыльнасці: 54 мільёны жанчын не могуць зацяжараць8

Застаўся толькі месяц, каб падаць заяўку на тры прэстыжныя праграмы навучання і прафесійнага развіцця ў ЗША

У Жлобіне — аварыя, горад часткова застаўся без вады2

Чарговая атака БПЛА на Расію — гараць дзве нафтабазы, у Таганрогскім заліве пашкоджаны танкеры

ЗША пачалі новую хвалю ўдараў па Іране пасля заяў Трампа пра завяршэнне перамір’я2

Як выглядаюць капсулы для выжывання падчас войнаў і стыхійных бедстваў4

Каб перашкодзіць украінскім дронам, Расія спрабуе глушыць Starlink

Вышкі мабільнай сувязі ў Беларусі будуць ставіць каля самых дарог4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам11

А мы вам казалі: «не думайце, што гэта капейкі»! Сталі вядомыя звесткі, колькі падаходнага беларусы Літвы пералічылі розным грамадскім структурам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць