У Жлобіне аднавілі водазабеспячэнне, якое было поўнасцю парушана на некалькі гадзін. Пра гэта паведаміў мясцовы райвыканкам.
Аварыя на сістэме падачы вады на жлобінскім водазаборы здарылася раніцай 9 ліпеня. У выніку здарэння без вады застаўся сам 75‑тысячны райцэнтр, а таксама тры суседнія вёскі: Саланое, Акцябр і Грабск. На час адключэння для жыхароў быў арганізаваны падвоз пітной вады цыстэрнамі.
На дадзены момант вада вярнулася ў горад, ідзе запаўненне сістэмы, аднак аварыйна-аднаўленчыя работы на самім аб'екце яшчэ працягваюцца.
Мясцовыя ўлады папярэдзілі жыхароў, што з-за рамонту часова можа назірацца слабы напор, а таксама магчымае пагаршэнне якасці вады.
Каментары