Грамадства

«Яго бачылі пад Барселонай». Што вядома пра пошукі беларуса, які згубіўся ў Іспаніі

Зніклага ў Іспаніі Генадзя Смаляка заўважылі пад Барселонай, расказала Свабодзе ягоная сяброўка Марта. Беларускага актывіста шукаюць ужо тры тыдні.

Генадзь Смаляк. Архіўнае фота

Пра зьнікненьне Генадзя Смаляка стала вядома ў канцы чэрвеня. Тады трывогу забілі ягоная маці і былая жонка. Высьветлілася, што мужчына даўно не зьяўляўся ў доме, дзе ён жыў зь іншымі людзьмі. Апошні раз яго бачылі знаёмыя ў парку гораду Сабадэль каля Барсэлёны 19 чэрвеня.

Былая жонка, сяброўка і калега Генадзя Марта* (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы. — РС) тады падзялілася з Свабодай асноўнай вэрсіяй яго зьнікненьня — мужчына перастаў прымаць неабходныя яму таблеткі, не разумее, дзе ён знаходзіцца і, імаверна, згубіўся падчас шпацыру.

Апошні месяц, з словаў сяброўкі, Смаляк быў у кепскім эмацыйным стане, ні з кім не кантактаваў, амаль не размаўляў з суседзямі, з пакою і з дому амаль не выходзіў, «еў, спаў, курыў цыгарэткі». Падобная сытуацыя ўжо здаралася сёлета ўвесну, але тады Генадзь не сыходзіў з дому.

Цяпер Марта расказала Свабодзе апошнія навіны: Генадзя бачылі пад Барсэлёнай, каля ягонага ранейшага месца жыхарства, 6 ліпеня. Ён ходзіць па вуліцах, але ў пагоршаным псыхічным стане, не ўсьведамляе, што адбываецца. Знаёмыя хацелі яго спыніць, але Генадзь не падпускаў іх да сябе і сышоў.

«Яны выклікалі паліцыю, але паліцыя яго не затрымала. І ён цяпер, бедны, зноў блукае недзе па Барсэлёне», — адзначае сяброўка Генадзя.

На думку Марты, Генадзю цяпер патрэбна лячыцца ў шпіталі. Аднак, паводле яе, у Гішпаніі зрабіць гэта прымусова досыць складана, калі папярэдне чалавек не прычыніў шкоду сабе ці іншым. Сяброўка зьніклага лічыць, што цяперашні стан дастаткова небясьпечны для самога Генадзя. Яна прыводзіць у параўнаньне Польшчу, дзе ў падобнай сытуацыі выклікаюць паліцыю і хуткую дапамогу і чалавека прымусова кладуць у шпіталь. Сябры цяпер думаюць, як дапамагчы Генадзю, бо, імаверна, ён сам моцна цярпіць ад свайго стану.

Заява ў паліцыю

Падаць заяву на зьнікненьне беларуса ў каталёнскую паліцыю было складана і ўдалося ня зь першага разу, бо такія заявы прымаюць толькі ад родных. У Смаляка ж крэўных у Гішпаніі няма, і пакуль яны ня могуць зрабіць візы і прыехаць.

У паліцыі прапанавалі, каб родныя падалі заяву аб зьнікненьні чалавека ў беларускую міліцыю — тады б калегі шукалі яго ў рамках міжнароднай супрацы. Аднак блізкія мяркуюць, што гэта кепскі варыянт, бо Смаляку ў Беларусі пагражае палітычны перасьлед за ягоную грамадзкую і журналісцкую дзейнасьць.

Генадзь Смаляк

Хто такі Генадзь Смаляк

Генадзю 36 гадоў. У Беларусі дапамагаў бяздомным аднаўляць дакумэнты, перасяляцца ў вёскі, займаўся праектам «Ежа замест бомбаў», дзе валянтэры кармілі бяздомных.

Смаляк таксама працаваў санітарам у псыханэўралягічным інтэрнаце №  3 у Менску. Дадаткова там жа валянтэрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрнату, праводзіў арт-тэрапію. Як сам Генадзь раней расказваў Most Media, ён укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да вады, тэлевізары ў палатах, магчымасьць для валянтэраў наведваць гэтых людзей. Калі, зь ягоных словаў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрнату скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся са скандалам.

Пасьля ад’езду зь Беларусі Генадзь жыў ва Ўкраіне, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданьняў, у тым ліку займаўся мэдыйным праектам Not today, not yesterday, not tomorrow.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус-грузчык, які стаў асабістым памочнікам і даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа, сапраўды існуе5

Беларус-грузчык, які стаў асабістым памочнікам і даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа, сапраўды існуе

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцам удалося збіць расійскі знішчальнік Су-351

Завочна будуць судзіць беларуса, які ўцёк ад пераследу на параплане з маторам

Хрэнін: Беларусь не збіраецца адмаўляцца ад танкаў6

Для паставак у Крым паліва расіяне выкарыстоўваюць цыстэрны для вады і малака5

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў15

Маці прапагандыста Ігара Тура Лукашэнка даў медаль Францыска Скарыны7

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot9

У мінскае метро не пусцілі мужчыну з рулонам лінолеуму. Ці законна гэта?4

У Беларусі распрацавалі рэцэпт марозіва са смакам піва

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус-грузчык, які стаў асабістым памочнікам і даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа, сапраўды існуе5

Беларус-грузчык, які стаў асабістым памочнікам і даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа, сапраўды існуе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць