«Нармалізуе савецкую ваенную эстэтыку»: брытанскія палітыкі заклікаюць прыбраць «Машу і Мядзведзя» са стрымінгавых сэрвісаў
Вялікая група прадстаўнікоў розных палітычных партый звярнулася да міністра культуры Вялікабрытаніі з заклікам спыніць паказ расійскага мультсерыяла «Маша і Мядзведзь» у краіне.

Пяцьдзясят парламентарыяў лічаць, што серыял з'яўляецца прыкладам «мяккай сілы», з дапамогай якой Расія спрабуе ўплываць на заходнюю аўдыторыю, піша Бі-бі-сі.
Глабальная платформа Netflix паказвае расійскі мультсерыял ужо 11 гадоў. Сёлета кампанія набыла правы на восьмы і дзявяты сезоны гісторый пра маленькую дзяўчынку-гарэзу і цыркавога мядзведзя-пенсіянера. Акрамя іх у серыяле ёсць мядзведзіца, у якую без памяці закаханы Мядзведзь, розныя лясныя жывёлы, стрыечная сястра Машы з Масквы і нават іншапланецяне.
У лісце да міністра культуры Вялікабрытаніі Лізы Нэндзі 50 дэпутатаў з шасці брытанскіх партый — лейбарыстаў, кансерватараў, ліберал-дэмакратаў, «зялёных», прадстаўнікоў Шатландскай нацыянальнай партыі і валійскай Plaid Cymru — сцвярджаюць, што мультсерыял з'яўляецца прапагандай, прычым «не надта тонкай».
Праўда, як і многія крытыкі раней, доказам гэтага парламентарыі лічаць толькі адзін са старых эпізодаў серыяла — «Мяжа на замку» (у Расіі ён выйшаў яшчэ восенню 2010 года, задоўга да пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны, а на Netflix з'явіўся ў 2015 годзе).
У гэтай серыі Маша, ахоўваючы агарод Мядзведзя, спачатку надзявае фуражку з сінім аколышам і чырвонай зоркай (падобныя насілі супрацоўнікі НКУС), а пасля — шлем танкіста.
Спачатку папулярны мультфільм атрымліваў пераважна станоўчыя водгукі гледачоў. Аднак першыя заявы пра тое, што казачныя гісторыі могуць быць інструментам расійскай прапаганды, з'явіліся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Такія сцвярджэнні гучалі ў Фінляндыі, Эстоніі і Літве.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны галасы крытыкаў сталі яшчэ больш гучнымі. Нядаўна на рашэнне Netflix набыць правы на новыя серыі мультфільма адрэагаваў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна.
«Расія вядзе вайну не толькі ракетамі, але і наратывамі, — напісаў ён у сацыяльных сетках. — «Маша і Мядзведзь» — гэта частка крамлёўскай мяккай сілы, якая ўкараняе пракрамлёўскія і мілітарысцкія вобразы ў забаўляльны дзіцячы кантэнт, нармалізуючы расійскую агрэсію і імперскія амбіцыі. Свет не прыняў бы дзіцячую прадукцыю, у якой у пазітыўным кантэксце дэманстраваліся б нацысцкія сімвалы. Савецкая сімволіка заслугоўвае такой жа адназначнай маральнай ацэнкі».
Цахкна нагадаў, што для многіх народаў, у тым ліку для эстонцаў, сімволіка НКУС асацыюецца з акупацыяй, масавымі забойствамі і дэпартацыямі. Ілюстрацыя з фуражкай выкарыстоўвалася ў афіцыйным акаўнце мультсерыяла ў Twitter (цяпер X) у красавіку 2015 года з подпісам: «Хэй, цяпер я ў арміі». Брытанскія парламентарыі нагадваюць, што НКУС быў адказны за масавыя дэпартацыі, расстрэлы і пераслед дзясяткаў мільёнаў жыхароў СССР. На іх думку, такая рэклама «актыўна нармалізуе савецкую ваенную эстэтыку для глабальнай дзіцячай аўдыторыі».
У Вялікабрытаніі серыял, акрамя Netflix, транслюе таксама стрымінгавы сэрвіс ITVX, які належыць брытанскай тэлерадыёкампаніі ITV.
«Да брытанскіх дзяцей серыял трапляе праз найбуйнейшую глабальную платформу і вядомага брытанскага вяшчальніка. Мы лічым гэта недапушчальным, — адзначаюць дэпутаты. — Брытанскія бацькі маюць права разлічваць на тое, што кантэнт, які іх дзеці атрымліваюць праз ліцэнзаваныя платформы, быў належным чынам правераны, асабліва калі нашы саюзнікі ўжо выказвалі абгрунтаваныя падазрэнні адносна дзяржаўнай прапаганды».
Студыя Animaccord, якая вырабляе мультсерыял, адхіляе абвінавачанні ў прапагандзе. У 2025 годзе кампанія канчаткова пакінула Расію і падкрэслівае, што пры стварэнні серыяла не выкарыстоўваюцца расійскія дзяржаўныя сродкі.
Брытанская газета The Guardian цытуе галівудскую PR-кансультантку Мелані Банвічына, якая прадстаўляе Animaccord:
«Мой кліент катэгарычна адхіляе ілжывыя і паклёпніцкія сцвярджэнні пра тое, што серыял «Маша і Мядзведзь» нейкім чынам звязаны з прапагандай».
Аднак дэпутаты, якія падпісалі ліст, сцвярджаюць, што, нягледзячы на кіпрскую рэгістрацыю, студыя дагэтуль плаціць падаткі ў Расіі.
«Яе даходы, у тым ліку атрыманыя ад міжнароднага стрымінгу, у выглядзе падаткаў паступаюць на фінансаванне расійскай дзяржавы, — гаворыцца ў звароце да міністра культуры. — Маштаб гэтага фінансавання значны: паводле ацэнак аналітыкаў, толькі рэкламныя даходы ад праглядаў у Еўропе складаюць мільёны даляраў штогод. […] Брытанскія дзеці, якія глядзяць гэтыя праграмы на Netflix або ITVX, з'яўляюцца часткай аўдыторыі, што, магчыма, прыносіць прыбытак студыі, якая фактычна дапамагае фінансаваць расійскую ваенную машыну».
Каментары