Вайна33

Што за расійскія блогеры, якім падзякаваў Сібіга, і што за кампанія супраць «Алабугі»

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга публічна падзякаваў расійскім блогерам Хесусу, Майклу Накі і Надзеі Талаконнікавай за кампанію супраць рэкламы «Алабугі Палітэх», у выніку якой YouTube выдаліў каля 600 відэаролікаў, што прасоўвалі гэтую навучальную ўстанову. Цяпер Кіеў плануе дамагацца ўвядзення персанальных санкцый супраць тых блогераў, якія размяшчалі рэкламу гэтай установы — і вось чаму.

Скрын відэа рэкламнага роліка «Алабугі-Палітэх»

Гісторыя асаблівай эканамічнай зоны (АЭЗ) «Алабуга» пачалася ў канцы 1990‑х гадоў, калі ўлады Татарстана шукалі спосабы прыцягнуць інвестыцыі і стварыць новыя працоўныя месцы. У сучасным выглядзе яна дзейнічае з 2005 года.

Па меры развіцця прадпрыемстваў узнік дэфіцыт кадраў. Каб рыхтаваць спецыялістаў непасрэдна для рэзідэнтаў зоны, у 2021 годзе на базе Елабужскага політэхнічнага каледжа было створана падраздзяленне — адукацыйны цэнтр «Алабуга Палітэх».

У 2022 годзе на тэрыторыі АЭЗ «Алабуга» Расія пачала наладжваць вытворчасць ударных беспілотнікаў «Герань» — лакалізаванай версіі іранскіх Shahed-136. Каб забяспечыць прадпрыемства кадрамі, улады зрабілі стаўку на «Алабугу Палітэх».

Сайт свабоднай эканамічнай зоны «Алабуга»

Паводле незалежных журналісцкіх расследаванняў, «Алабуга Палітэх» не з'яўляецца самастойнай адукацыйнай установай і не мае ўласнай ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, а прапануе толькі праграмы дадатковай прафесійнай адукацыі. Асноўны акцэнт зроблены на практычнай працы на вытворчасці, а агульнаадукацыйныя дысцыпліны адыгрываюць другарадную ролю.

Шырокую ўвагу СМІ «Алабуга Палітэх» прыцягнула ў 2023 годзе пасля шэрагу расследаванняў. У іх сцвярджалася, што «студэнты» насамрэч працуюць на вытворчасці беспілотнікаў для ваенных мэтаў. Паведамлялася пра вайсковую дысцыпліну ды абмежаванні на распаўсюд інфармацыі пра жыццё каледжа. Акрамя таго, аўтары расследаванняў сцвярджалі, што сістэма кантролю, пакаранняў і ідэалагічнай апрацоўкі ў каледжы нагадвае ваенізаваную закрытую структуру.

Акрамя расійскіх навучэнцаў, каледж актыўна набіраў моладзь з краін Афрыкі і Цэнтральнай Азіі. Паводле расследаванняў, замежных студэнтаў выкарыстоўвалі пераважна для нізкакваліфікаванай працы і часта размяшчалі асобна ад астатніх навучэнцаў.

Для прыцягнення абітурыентаў «Алабуга Палітэх» штогод разгортвала маштабныя рэкламныя кампаніі — у красавіку—маі і напярэдадні ўступнай кампаніі. Кіраўніцтва ўстановы купляла рэкламу ў папулярных блогераў і медыйных асоб.

Пра маштаб кампаніі сведчыць і той факт, што прапановы за вялікія грошы размясціць рэкламу «Алабугі Палітэха» ў 2022 і 2023 гадах прыходзілі і «Нашай Ніве». Мы адмовіліся.

Паводле расследавання T-invariant, у лютым—сакавіку 2026 года рэкламнай кампаніяй «Алабугі» занялося агенцтва Influxx. Менавіта ў гэты перыяд стартавала маштабная рэкламная кампанія з удзелам падлеткаў, якія расказвалі, што вучацца ў каледжы «Алабуга Палітэх», працуюць на заводзе па вытворчасці беспілотнікаў, а ўжо праз год будуць атрымліваць 150 тысяч расійскіх рублёў на месяц — гэта каля 2000 даляраў, больш чым удвая больш за сярэдні ў Расіі заробак.

Паводле слоў аднаго з блогераў, за размяшчэнне 25‑секунднага рэкламнага роліка плацілі ад 250 тысяч да паўтара мільёна расійскіх рублёў — у залежнасці ад ахопу аўдыторыі канкрэтнага канала.

Як пачалася кампанія супраць рэкламы

Пра пачатак гэтай гісторыі падрабязна расказаў украінскі журналіст Уладзіслаў Новікаў, які даследаваў рэкламную кампанію «Алабугі».

Паводле яго, адпраўным пунктам стаў вечар 26 красавіка, калі Twitch — адна з найбуйнейшых у свеце платформаў для жывых гульнявых відэатрансляцый — заблакаваў акаўнты расійскіх стрымераў, якія транслявалі кіберспартыўны турнір пад брэндам «Алабуга Палітэх».

Неўзабаве пасля гэтага адзін з самых вядомых рускамоўных стрымераў Аляксей Губанаў (JesusAVGN, Хесус), які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пакінуў Расію і выступае супраць расійскага ўварвання, перадаў Новікаву сабраную яго супольнасцю базу з 606 спасылак на YouTube-ролікі, у якіх блогеры рэкламавалі «Алабугу Палітэх».

Новікаў паспеў захаваць гэтыя відэа яшчэ да таго, як іх аўтары пачалі масава выдаляць або рэдагаваць рэкламныя інтэграцыі.

Адначасова ў расійскім антываенным сегменце YouTube з'явіўся адкрыты спіс блогераў, якія супрацоўнічалі з «Алабугай». Да канца красавіка ў ім ужо налічвалася 472 аўтары, а сумарная аўдыторыя іх каналаў перавышала 531 мільён падпісчыкаў. У спіс траплялі блогеры, у відэа якіх у розныя гады з'яўляліся рэкламныя інтэграцыі, згадкі або рэпартажы пра «Алабугу Палітэх».

Да кампаніі далучыўся былы журналіст «Эха Москвы» і палітычны блогер Майкл Накі, які цяпер жыве за мяжой. Яго канал у YouTube мае 2,25 мільёна падпісчыкаў. У сваіх эфірах ён расказваў пра сувязь «Алабугі» з вытворчасцю беспілотнікаў і таксама заклікаў карыстальнікаў паведамляць платформе пра відэа, якія рэкламуюць каледж.

Кампанію таксама падтрымала адна з заснавальніц Pussy Riot Надзея Талаконнікава разам са сваёй камандай — амерыканскім прадпрымальнікам і актывістам Джонам Колдуэлам і Крысціянам Карына.

Іх удзел у кампаніі пазней асобна адзначыў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Вынікі кампаніі супраць «Алабугі Палітэх» і далейшыя крокі 

Першыя вынікі кампаніі не прымусілі сябе чакаць. У маі TikTok правёў некалькі хваль блакаванняў блогераў, якія публікавалі рэкламныя інтэграцыі «Алабугі Палітэх». Пад блок трапілі і аўтары з мільённымі аўдыторыямі.

У ноч на 11 чэрвеня YouTube пачаў выдаляць відэаролікі, якія змяшчалі рэкламу «Алабугі Палітэх».

3 ліпеня міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга паведаміў у сацыяльнай сетцы X, што YouTube афіцыйна пацвердзіў украінскаму боку выдаленне каля 600 відэа, якія рэкламавалі «Алабугу» і выкарыстоўваліся для вербавання супрацоўнікаў на завод. Па словах міністра, гэтыя ролікі былі размешчаныя на сотнях каналаў з сумарнай аўдыторыяй больш за 500 мільёнаў падпісчыкаў.

Сібіга адзначыў, што такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы «кааліцыі людзей, якія не дазволілі гэтай гісторыі застацца незаўважанай». Ён асобна падзякаваў блогеру Аляксею Губанаву (JesusAVGN), які, паводле міністра, першым выкрыў рэкламныя інтэграцыі і склаў карту звязаных з імі сетак, а таксама Майклу Накі, Надзеі Талаконнікавай і яе камандзе. Асобную падзяку кіраўнік МЗС Украіны выказаў кібердэпартаменту Службы бяспекі Украіны.

Паводле Сібігі, выдаленне ролікаў — толькі першы этап. Украіна ўжо працуе над увядзеннем індывідуальных санкцый супраць блогераў, якія ўдзельнічалі ў рэкламе «Алабугі Палітэх». Рэкламы гэтай «фабрыкі смерці», дзе збіраюць «Герані», стала менш.

Каментары3

  • Блогер
    03.07.2026
    Гродненскія блогеры “Лихой топоръ» таксама рэклямавалі. Спадзяюся выдаляць зэтнікаў з юцюбу.
  • Беларус
    03.07.2026
    А есть список список этих блогеров, чтобы обходить стороной это продажное алчное кремлевское 💩
  • bosed
    04.07.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры6

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры

Усе навіны →
Усе навіны

Цырымонія ўскладання кветак да Кургана Славы прайшла без Лукашэнкі15

Радзільныя дамы спаборнічаюць, у каго 3 ліпеня народзіцца больш дзяцей22

34‑гадовы мужчына на BMW жорстка ўляцеў у два аўто — кіроўцаў раскідала ВІДЭА3

Dongfeng выпусціў спецыяльную серыю электрамабіляў з беларускім арнаментам8

Расія можа рыхтаваць узброеную правакацыю і супраць Польшчы — Onet22

Адпраўлены ў адстаўку начальнік Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпала ў Беларусі5

Падазраваная ў замаху на ўкраінскага буйнога бізнэсмена ў Манака — украінка5

«Вяртайся ў сваю краіну». Як жыве ў Паўднёвай Карэі хлопец з беларускімі каранямі10

Беларус, якога падазраюць у Францыі ў шпіянажы, паспрабаваў патлумачыць, што рабіў каля завода дронаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры6

Расійскія прапагандысты выдумалі ўдар дрона па турыстычным аўтобусе. Але ў гісторыі ёсць загадкавыя фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць