Грамадства22

«Знайшліся продкі, пра якіх не ведалі нават бацькі». Беларуска шукала польскія карані і вывучыла гісторыю сям’і

Яўгенія пачала шукаць польскія карані пасля простага пытання малодшай дачкі: як звалі бабуль. У сям’і было шмат каталіцкіх традыцый, адна бабуля малілася па-польску, а Вялікдзень адзначалі толькі па каталіцкім календары. Здавалася, дакументы павінны пацвердзіць польскае паходжанне. Але 15 гадоў пошукаў у архівах прывялі да іншага выніку: польскія карані Яўгенія так і не даказала, затое знайшла продкаў, пра якіх у сям’і ўжо ніхто не памятаў, піша выданне Most. 

Фота ілюстрацыйнае. Крыніца: pexels.com / George Diamanto

Яўгеніі (імя гераіні і прозвішчы родаў змененыя) амаль 70 гадоў. Яе малодшая дачка больш за 20 гадоў жыве ў Канадзе, старэйшая амаль пяць гадоў у Польшчы.

Да пачатку пошукаў сямейная памяць трымалася на абрыўках. Пра дзеда па бацькавай лініі казалі, што ён быў лётчыкам і загінуў падчас Другой сусветнай вайны, але пазней высветлілася: ён памёр у самым пачатку баявых дзеянняў.

Не ведала Яўгенія і дзявочае прозвішча бабулі з боку бацькі. Калі знайшла шлюбны вобыск (пісьмовы акт), бацька спачатку спрачаўся, што гэта памылка, а потым здаўся: «А чорт яго ведае».

«Вялікдзень адзначалі толькі каталіцкі»

За простым пытаннем дачкі хутка адкрылася большае: чаму ў сям’і столькі польскага і каталіцкага? Бабуля Яўгеніі з боку маці добра ведала польскую мову і чытала малітвы на гэтай мове, калі адпявалі нябожчыкаў. У вёсцы, дзе жылі яе бабуля і дзядуля, амаль усе былі каталікамі.

«Вялікдзень адзначалі толькі каталіцкі. Даведалася, што ў людзей бывае іншы Вялікдзень, ужо гадоў у 12—13», — успамінае жанчына.

Праваслаўных хавалі не на мясцовых могілках, а вазілі ў іншую вёску. Новы год не адзначалі, адзначалі Каляды. Пра Радаўніцу не ведалі, затое пасля Вялікадня быў «дзень смяротных», дзень памяці памерлых. Нават імёны ў вёсцы гучалі як асобны свет: Стась, Зыгма, Ромцік, Бронька, Альбін, Караліна, Сонька, Ядзя. Усё гэта падштурхоўвала Яўгенію да думкі, што, магчыма, у сям’і ёсць польскія карані.

«Сваякі круцілі пальцам каля скроні»

У 2010 годзе Яўгенія пачала ездзіць у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Супрацоўнікі чытальнай залы дапамагалі разабрацца, да якога павета і воласці адносіліся вёскі, дзе жылі продкі.

«Ездзіла два разы на месяц на пяць дзён кожны раз. Сваякі круцілі пальцам каля скроні, калі казала, што еду ў архіў», — успамінае жанчына.

Першую галіну пачала з продкаў па лініі бацькі: праваслаўных сялян з Мінскай губерні. У архіве Яўгенія пазнаёмілася з іншымі людзьмі, якія таксама шукалі свае карані, а пазней прыйшла на генеалагічны форум ВГД («Всероссийское генеалогическое древо»). Там дапамагалі перакладаць запісы з лацінскай і польскай моў, дзяліліся дакументамі і падказкамі.

«Калі знаходзіш аднаго продка, потым думаеш: а раптам яшчэ ў іншых дакументах нешта будзе пра яго бацьку ці маці?» — кажа Яўгенія.

Архіўны запіс звязаў некалькі пакаленняў сям’і

З часам пошук польскіх каранёў стаў шырэйшым. Яўгенія ўжо не проста шукала запіс пра нацыянальнасць, а аднаўляла ўсе галіны сям’і.

У пошуках «сваіх палякаў» яна дайшла да пачатку XIX стагоддзя. У касцельных запісах знайшла смерць свайго прапрапрапрапрадзеда: ён памёр у 1809 годзе ў 25 гадоў. Потым знайшла запісы пра нараджэнне двух яго сыноў. Адзін з іх, народжаны ў 1808 годзе, аказаўся яе прамым продкам. А далей след абарваўся: патрэбныя метрычныя кнігі не захаваліся.

«Страціла ўсякую надзею, што яшчэ нешта знайду», — успамінае Яўгенія.

Жанчына адзначае, што генеалагічны пошук рэдка ідзе па прамой. Калі не захаваліся метрычныя кнігі, даводзіцца правяраць іншыя дакументы: рэвізскія сказкі, пасямейныя спісы, спісы мяшчан, судовыя і дваранскія справы. Так Яўгенія стала шукаць не толькі канкрэтных людзей, але і прозвішчы, якія сустракаліся ў сямейнай гісторыі.

Менавіта ў дваранскіх справах з’явіліся першыя гербы. Па галіне Веразембскіх Яўгенія знайшла справу сям’і сваёй прабабулі. У ёй быў пазначаны склад сям’і: бацька, яго браты і іншыя сваякі. Там жа было апісанне герба. Яно супала з гербам «Ляліва».

Герб «Ляліва». Яго апісанне супала з апісаннем у дваранскай справе па галіне Веразембскіх. Крыніца: wikipedia.org

Па іншай галіне, Давыдовічаў, яна знайшла магчымую сувязь з гербам «Трубы». Але гэтую лінію Яўгенія пакуль не лічыць даказанай: у дакументах ёсць падобныя імёны, аднак поўнай упэўненасці, што гэта менавіта яе прамыя продкі, няма.

Каб праверыць версію, Яўгенія шукала Давыдовічаў і ў больш позніх спісах мінскіх мяшчан. Калі сям’я не змагла пацвердзіць дваранства, яе прадстаўнікі маглі праходзіць ужо як мяшчане. У спісах за 1882 і 1894 гады такія сем’і ёсць, але звязаць іх са сваёй лініяй Яўгенія пакуль не можа.

Самай эмацыйнай знаходкай сталі нават не гербы. На генеалагічным сайце, які многія называюць «сайтам мармонаў», Яўгеніі некалькі разоў трапляўся адзін архіўны запіс. З тэлефона яго было дрэнна бачна, і яна адклала дакумент «на потым». Калі пазней яна адкрыла запіс на вялікім экране, выявілася, што гэта запіс пра нараджэнне дзіцяці ў сям’і мінскага мешчаніна, якога Яўгенія ўжо сустракала ў іншых дакументах. Так удалося звязаць некалькі пакаленняў сваякоў, якія да гэтага існавалі для яе асобна.

«Гэта быў шок», — кажа жанчына.

Пасля гэтага за адну ноч Яўгенія знайшла запісы пра нараджэнне свайго прадзеда і іншых дзяцей у гэтай сям’і.

«Пазней я знайшла яшчэ адзін важны дакумент: у 1868 годзе гэтага продка перавялі ў праваслаўе. Яго жонка ў метрычнай кнізе была запісана «рымлянкай». Так тады маглі пазначаць жанчыну рыма-каталіцкага веравызнання», — успамінае Яўгенія.

Гербы і пластмасавая карона

Калі ў сям’і даведаліся пра шляхецкія галіны, рэакцыя была нечаканай. Муж сястры сказаў, што «заўсёды адчуваў, што яго жонка са шляхты, вельмі ўжо выхаваная». А родны брат Яўгеніі купіў дзіцячую пластмасавую карону і часам прыходзіў у ёй на сямейныя святы.

«Вельмі вясёлая ў нас сям’я», — смяецца Яўгенія.

Сама яна кажа, што асаблівага захаплення ад гербаў ужо не адчула. Да таго моманту важнейшымі былі не сімвалы, а людзі за імі: імёны, шлюбы, дзеці, пераходы з адной канфесіі ў іншую, вёскі, дзе яны жылі.

Чаму польскія карані не пацвердзіліся

Яўгенія адзначае, што самае парадаксальнае ў гэтай гісторыі — польскі след. Ён у сям’і ёсць, але даказаць яго дакументальна не атрымалася. У пасямейных спісах за 1926 год у родных братоў нацыянальнасць пазначаная па-рознаму: у кагосьці «паляк», у кагосьці «беларус».

У пасляваенных пасямейных спісах сельсавета, дзе жылі бабуля і дзядуля Яўгеніі, за 1944—1946 гады сітуацыя падобная. Толькі ў спісах выбаршчыкаў за 1930 год ва ўсіх пазначаная нацыянальнасць «паляк». Але ў метрычных кнігах пры нараджэнні і хрышчэнні нацыянальнасць звычайна не пазначалі. У рэвізскіх казках таксама.

Яшчэ адзін шлях вёў праз рэпрэсаваных сваякоў. У абедзвюх галінах сям’і былі людзі, якія, паводле слоў Яўгеніі, да гэтага часу не рэабілітаваныя. Яна звярталася ў КДБ, каб атрымаць дакладныя даты нараджэння і даведацца, як можна падаць на рэабілітацыю. Двойчы атрымала адмову.

«Прапанавалі падаваць у суд, а яны са мной спыняюць стасункі. Так было напісана ў адказе КДБ», — успамінае жанчына.

Праблема была і ў ланцужку сваяцтва. Каб пацвердзіць сувязь, патрэбныя былі дакументы ад маці да бабулі і прабабулі. Пасведчанняў пра шлюб, якія маглі б гэта звязаць, у Яўгеніі не было.

«Пакрыўджанасці тады не было, што не ўдалося пацвердзіць польскія карані. Ніхто не думаў пра тое, што камусьці давядзецца вымушана шукаць «іншую радзіму», як маёй старэйшай дачцэ», — дзеліцца Яўгенія.

«Знайшліся продкі, пра якіх не ведалі нават нашы бацькі»

За 15 гадоў Яўгенія так і не атрымала дакумент, які мог бы пацвердзіць польскае паходжанне. Але яна не лічыць пошук няўдалым.

«Вынік ёсць — знайшліся продкі, пра якіх не ведалі не толькі мы, але і нашы бацькі», — кажа жанчына.

Яна пагадзілася б прайсці гэты шлях зноў, хоць шукаць стала складаней: некаторыя рэсурсы цяпер недаступныя з Беларусі, а архіўная праца патрабуе больш намаганняў.

Каментары2

  • Vad
    03.07.2026
    А почему она решила, что польское происхождение не доказано? Если нашлась запись, что ее брат был записан как поляк, то через суд можно доказать что и она полька (что логично). Да, в ее случае если без суда подаваться на карту поляка, то консул отфутболит. А если организовать в Польше суд, получить позитивное решение (что в ее случае не сложно), и с решением суда подаваться - то без проблем дадут карту. Героиня статьи не тем 15 лет занималась, можно было проще решить вопрос. Тем более что есть куча адвокатов, которые занимаются такими делами.
  • неяк так
    03.07.2026
    Апалячыныя беларусы

Цяпер чытаюць

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі8

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі

Усе навіны →
Усе навіны

У іспанскай Севільі мужчына знайшоў на вуліцы дарагую карціну вядомага мастака5

У Мінску на пляжы заўважылі жывога краба ВІДЭА

У Вялікабрытаніі скандал — вытворца дзёнер-кебабаў гадамі замест бараніны клаў у іх казляціну14

Беларусь увайшла ў сусветны топ-10 па долі жанчын у насельніцтве2

Расія пачала ставіць антыдронавыя «мангалы» на падводныя лодкі Чарнаморскага флоту4

У Дрыбінскім раёне хлопчык пайшоў лавіць рыбу і зачапіў вудай за правады

Чэргі да расійскіх аўтазаправак ужо бачаць і з космасу6

У Беларусі знікаюць уюны. Прычын адразу тры3

У патрыярха Кірыла з'явіўся новы абаронца ў Еўропе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі8

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць