Грамадскага актывіста Елісеева з Калінкавічаў асудзілі на 10 гадоў зняволення
Грамадскаму актывісту з Калінкавічаў Аляксандру Елісееву прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкулаў аб здрадзе дзяржаве і абразе Аляксандра Лукашэнкі. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме, піша «Гомельская вясна».

Пакуль прысуд не ўступіў у законную сілу, Елісееў застаецца ў следчым ізалятары турмы № 4 у Магілёве. Падрабязнасці абвінавачванняў не раскрываюцца.
Аляксандр Елісееў — грамадскі актывіст і былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На працягу многіх гадоў ён удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі, публічна крытыкаваў парушэнні выбарчага працэсу і неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля падзей 2020 года яго некалькі разоў затрымлівалі і арыштоўвалі, у тым ліку ў 2022 годзе, калі падчас аднаго з арыштаў ён трымаў галадоўку.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэтым разам Елісееў быў затрыманы ў 2025 годзе, а ў лістападзе таго ж года яго прызналі палітычным зняволеным. З-за закрытасці судовага працэсу сутнасць абвінавачванняў па ягонай справе застаецца невядомай.
Елісееў працаваў у авіяцыйнай прамысловасці, скончыў Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт цывільнай авіяцыі, працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, а пазней у Беларусі — праграмістам. Пасля палітычнага актывізму апошніх гадоў ён не меў нармальнай працы.
Каментары