Саудаўская Аравія рэкордна знізіла цэны на нафту
Саудаўская Аравія абвясціла пра найбольшае за апошнія 26 гадоў зніжэнне афіцыйных цэн на экспартную нафту. Дзяржаўная кампанія Saudi Aramco зменшыць кошт асноўнай экспартнай маркі Arab Light для жнівеньскіх паставак на 11 даляраў за бараль, паведамляе The Moscow Times.
Рэзервуары для захоўвання нафты на нафтаразмеркавальнай станцыі «Паўночная Джыда», нафтавым аб’екце кампаніі Aramco у саудаўскай Джыдзе. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Amr Nabil, File
Упершыню з 2020 года саудаўская нафта будзе прадавацца са зніжкай 1,5 даляра адносна рэгіянальных эталонных цэнаў. Мэта такога кроку — зрабіць пастаўкі больш прывабнымі для купцоў у Азіі пасля аднаўлення суднаходства праз Армузскі праліў.
Зніжэнне цэнаў закране найбуйнейшых імпарцёраў нафты — Кітай і Індыю, якія таксама застаюцца асноўнымі купцамі расійскай нафты.
Пасля адкрыцця Армузскага праліва краіны Персідскага заліва пачалі павялічваць здабычу. Штодня праз праліў транспартуецца да 12 мільёнаў бараляў нафты, што павялічыла прапанову на сусветным рынку і ўзмацніла ціск на цэны.
На гэтым фоне кошт нафты Brent з пачатку чэрвеня знізіўся прыкладна на 22%, а расійская нафта Urals на пачатак ліпеня патаннела прыкладна да 40 даляраў за бараль. Аналітыкі адзначаюць, што рост здабычы краінамі АПЕК+ пры слабым сусветным попыце можа прывесці да лішку нафты на рынку і далейшага зніжэння цэн.
Чытайце таксама:
Пасля ААЭ пра выхад з АПЕК задумаўся Ірак
ААЭ паскораць будаўніцтва новага нафтаправода ў абыход Армузскага праліва
Сціплая, але важная навіна: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты пакінуць АПЕК і АПЕК+ з 1 мая