Генсак НАТА: Беларусь знаходзіцца пад велізарным уплывам Масквы
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ перакананы, што Пуцін кантралюе ўсе асноўныя падзеі і рычагі ў суседняй Беларусі, што Беларусь знаходзіцца пад «велізарным уплывам» Масквы. Ён сказаў пра гэта 6 ліпеня на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала саміту арганізацыі ў турэцкай Анкары, паведамляе Украінская служба «Радыё Свабода».
Марк Рутэ. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
«Мы не павінны быць наіўнымі наконт ролі, якую адыгрывае Беларусь. Яна знаходзіцца пад велізарным уплывам Расіі і Масквы», — сказаў Марк Рутэ ў адказ на просьбу беларускага журналіста патлумачыць, ці падзяляе НАТА заклапочанасць Украіны з нагоды нарошчвання расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі.
«Тое, што адбываецца ў Мінску, у значнай ступені натхнёнае Пуціным», — дадаў Рутэ.
У той жа час генеральны сакратар НАТА адмовіўся каментаваць пытанне пра магчымыя ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па рэтранслятарах сувязі ў Беларусі з мэтай іх адключэння.
«Я не магу сказаць вам усяго — так ці не, бо частка гэтай інфармацыі, вядома, засакрэчаная», — сказаў Рутэ.
Акрамя таго, ён расказаў, што пастаўкі зброі Украіне паводле праграмы PURL працягваюцца, але ў гэты момант існуе дэфіцыт перахопнікаў на тэрыторыі краін НАТА.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Лукашэнка зайшоў у казіно не ў той дзень
Лукашэнка паабяцаў вайскоўцам не пасылаць іх у «гэту бойню» ва Украіне