БЕЛ Ł РУС

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

7.07.2026 / 22:29

Nashaniva.com

У ліпені 2026 года ў пераліку МУС «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» з'явілася новае імя — 51‑гадовы ўраджэнец Жодзіна Сяргей Пако. Два гады таму ён, паспяховы ўладальнік смаленскай гандлёвай фірмы, знік у мінскім СІЗА як фігурант падатковай справы. Цяпер высветлілася: Мінскі абласны суд вынес яму жорсткі прысуд не за падаткі, а па «пратэсных» артыкулах і за хабар.

Ілюстрацыйнае фота, згенераванае Claude

Сяргей Пако нарадзіўся 30 студзеня 1975 года ў горадзе машынабудаўнікоў — Жодзіне. Яшчэ ў сярэдзіне 90‑х ён спрабаваў сябе ў бізнэсе і рэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік.

Але пазней сваю асноўную дзейнасць шчыльна звязаў з Расіяй. У 2005 годзе Сяргей заснаваў у расійскім Смаленску ТАА «Промснаб».

Бізнэс-мадэль кампаніі была даволі простай. Фірма закупляла ў Беларусі розныя металавырабы — фланцы, пакоўкі ды іншыя дэталі, пасля чаго перапрадавала іх расійскім прадпрыемствам. З адкрытых даных вядома, што асноўным пастаўшчыком для «Промснаба» (каля 64% ад усіх паставак) быў жодзінскі Кузнечны завод цяжкіх штамповак (КЗЦШ). Яшчэ каля 16% прадукцыі ішло з Баранавіцкага станкабудаўнічага завода, які з'яўляецца філіялам «Атланта».

Амаль усе продажы прадпрыемства — 99,87% — прыпадалі выключна на расійскі рынак. Бізнэс ішоў угару.

Але ўсё абрынулася ў сярэдзіне мая 2024 года, калі на тэрыторыі Беларусі быў нечакана затрыманы транспарт «Промснаба». Барысаўскі міжраённы аддзел Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК завёў супраць Сяргея Пако крымінальную справу па эканамічным артыкуле — частцы 3 артыкула 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў). А сам уладальнік прыбытковага бізнэсу адправіўся ў СІЗА.

Сяргей Пако. Фота: Belpol

Паколькі Сяргею належала памяшканне ў родным Жодзіне, ДФР палічыў яго незарэгістраваным «пастаянным прадстаўніцтвам» расійскай фірмы ў Беларусі. Абапіраючыся на гэты факт, следчыя залічылі ўсю выручку кампаніі за 13 гадоў у беларускую падатковую базу. У кастрычніку 2024 года кантралёры выставілі каласальны рахунак: больш за 2,8 мільёна беларускіх рублёў даналічэнняў і пені.

Юрысты кампаніі спрабавалі давесці поўную абсурднасць такіх прэтэнзій. Яны спасылаліся на міжурадавае пагадненне 1995 года аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання, бо памяшканне выкарыстоўвалася выключна для закупак і па законе не магло лічыцца прадстаўніцтвам.

А ў лістападзе 2024 года следчыя расійскага СК па Смаленскай вобласці разам з беларускім ДФР правялі ператрус у офісе «Промснаба». Была арыштавана маёмасць фірмы. Без свайго заснавальніка фірма вельмі хутка пайшла на дно.

Неўзабаве дырэктарам стаў іншы чалавек, а фінансавыя паказчыкі абваліліся ў некалькі разоў. Ужо ў 2025 годзе чысты прыбытак скараціўся з 73 мільёнаў расійскіх рублёў да 1,2 мільёна.

Пасля публікацый адвакатаў у студзені 2025 года пра лёс бізнэсмена нічога не было чуваць амаль паўтара года. Толькі 6 ліпеня 2026 года ягонае прозвішча ўсплыло ў абноўленых спісах МУС.

У прысудзе няма таго самага падатковага артыкула, але няясна, ці то Пако кампенсаваў шкоду, а таму артыкул адваліўся, ці то проста абвінавачванне перакваліфікавалі, ці то за падаткі судзілі асобна.

Аднак Сяргея Пако асудзілі па цэлым букеце палітычных артыкулаў. У выніковым прысудзе фігуруюць «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130), «заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361) і ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342). Дадаўся туды і артыкул за дачу хабару ў вялікім памеры (ч. 3 арт. 431 КК).

Па адным толькі карупцыйным артыкуле мінімальнае пакаранне — 5 гадоў калоніі, а з улікам палітыкі тэрмін мае быць нашмат большым. Сяргей Пако прызнаны палітвязнем.

Чытайце таксама:

Маладога школьнага настаўніка з Мазыра асудзілі па палітычным артыкуле

Расіянін, асуджаны за падпал машыны беларускага генерала, расказаў, як яго катаваў Кубракоў

Прапагандысты паказалі шэсць беларусаў, арыштаваных за данаты. Большасць з іх пераводзілі нязначныя сумы

Каментары да артыкула