БЕЛ Ł РУС

Звольнены ўчора Удовікаў прызначаны намеснікам генеральнага пракурора Беларусі

7.07.2026 / 12:48

Nashaniva.com

Генпракурор Дзмітрый Гара афіцыйна прадставіў Сяргея Удовікава калектыву Генпракуратуры.

Прызначэнне адбылося пасля звальнення Удовікава з папярэдняга месца працы — напярэдадні ён быў звольнены са службы ў СК па пагадненні бакоў.

Да гэтага пераходу Сяргей Удовікаў узначальваў упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Яго звольнілі са службы ў Следчым камітэце з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення.

Перад тым, як у красавіку 2024 года стаць кіраўніком упраўлення Следчага камітэта Мінскай вобласці, Сяргей Удовікаў кіраваў аналагічным упраўленнем у Гомельскай вобласці. 

Менавіта падчас ягонага кіравання структурай праходзіла праверка паводле факта смерці 11 жніўня 2020 года, падчас паслявыбарчых пратэстаў жыхара Гомеля Аляксандра Віхора.

У завядзенні крымінальнай справы па факце смерці 25‑гадовага Віхора тады было адмоўлена. Сяргей Удовікаў тады заявіў, што смерць пратэстоўца нібыта не мела крымінальнага характару. Паводле яго слоў, сілавікі прымянілі фізічную сілу «абгрунтавана», а прычынай смерці стала раптоўнае абвастрэнне захворвання сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пераломы рэбраў і грудзіны, як сцвярджаў Удовікаў, узніклі нібыта ў выніку правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.

Сам Дзмітрый Гара ўзначальваў той жа Следчы камітэт перад тым, як перайсці ў Генеральную пракуратуру. Таму прызначэнне Сяргея Удовікава выглядае як узмацненне ведамства знаёмымі яму людзьмі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула