БЕЛ Ł РУС

Не вылівайце ваду з-пад бульбы. Вось шэсць спосабаў з толкам яе выкарыстаць

12.07.2026 / 08:00

Ідаля Салавей

Большасць з нас проста вылівае ваду, калі наварыць бульбы. Аднак гэтая вада такая карысная для прыгатавання страў, догляду раслін, уборкі дома і нават як народны сродак ад кашлю. Праўда, ёсць адна важная ўмова.

Фота: Alina Vytiuk / Vecteezy.com

Падчас варкі бульба аддае ў ваду частку сваіх карысных рэчываў. У адвар трапляюць крухмал, а таксама мінералы — калій, магній, жалеза і фосфар. Менавіта таму ён можа спатрэбіцца ў самых розных сітуацыях — ад кулінарыі да догляду за домам і раслінамі.

Аднак, як піша Heute.at, выкарыстоўваць такую ваду можна не заўсёды. У зялёнай бульбе змяшчаецца натуральны таксін саланін. Таму ваду можна выкарыстоўваць, толькі калі бульбу вы старанна абабралі і выдалілі ўсе зялёныя месцы і парасткі. Калі ж клубні варыліся ў лупіне або захавалі зялёныя месцы, ваду лепш выліць.

1. На суп і соусы

Бульбяны адвар можа стаць добрай асновай для супоў і соусаў. Крухмал, які ў ім утрымліваецца, робіць іх гусцейшымі і надае крэмавую кансістэнцыю, а таксама дапамагае зрабіць смак больш насычаным.

2. Як хатні сродак ад кашлю

Гэты спосаб вядомы ўжо не аднаму пакаленню. Цёплы бульбяны адвар, змяшаны з лыжкай мёду, у народнай медыцыне выкарыстоўваюць пры сухім кашлі. Лічыцца, што ён дапамагае змякчыць горла і палегчыць адыходжанне макроты. Аднак варта памятаць, што эфектыўнасць такога сродку навукова не пацверджаная і ён не замяняе лячэння.

3. На падкормку для раслін

Для вазонных і садовых раслін вада з-пад бульбы таксам карысная. Мінеральныя рэчывы, што засталіся ў вадзе, могуць стаць натуральнай альтэрнатывай крамным угнаенням.

Перад выкарыстаннем вады трэба даць ёй ахаладзіцца. Паліваць трэба толькі глебу, не трапляючы на лісце. Калі адвар не выкарыстоўваецца адразу, яго можна пару дзён трымаць у халадзільніку.

4. На барацьбу з пустазеллем

Гарачы бульбяны адвар можна выкарыстаць супраць пустазелля. Калі выліць кіпень на зяло, якое прарастае паміж пліткамі садовых дарожак, высокая тэмпература разбурае структуру расліны, а крухмал закаркоўвае яе поры. Пасля такой апрацоўкі завялую расліну значна прасцей выдаліць разам з коранем.

5. Прыбіраць хату

Гарачая вада з-пад бульбы эфектыўна растварае тлушчы, таму яе карысна выліваць у ракавіну для прафілактыкі засмечанасці труб. Таксама ў гэтым адвары можна замачыць патэльні ці каструлі з рэшткамі прыгарэлай ежы — крухмал дапамагае расшчапіць бруд, што значна палягчае наступнае мыццё.

6. На догляд валасоў і скуры

Вада з-пад бульбы надаецца і на касметычныя мэты, калі астыне. Ёй можна апалоскваць валасы — лічыцца, што яна дапамагае ўмацаваць іх структуру. Таксама адвар дадаюць у ванну або выкарыстоўваюць для ванначак для рук і ног, каб змякчыць сухую скуру.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула