У Дзяржынскім раёне ў двор прыйшла ліса з прыкметамі шаленства
У вёсцы Целяшэвічы Дзяржынскага раёна мясцовыя жыхары знайшлі на сваім падворку лісу з магчымымі прыкметамі шаленства. У сацсетках з’явілася відэа, на якім відаць, як жывёліна ляжыць у сутаргах, піша выданне dzr.by.
Паводзіны і стан лісы выклікалі падазрэнні: моцныя сутаргі могуць быць адной з характэрных прыкмет шаленства. Некаторыя карыстальнікі, аднак, меркавалі, што прычынай магло быць моцнае атручванне.
Жыхары вёскі скардзіліся, што доўгі час не маглі дачакацца рэакцыі адпаведных службаў. Аднак у раённай ветэрынарнай станцыі паведамілі, што з людзьмі, якія да іх звярнуліся, звязаліся яшчэ раней. На момант праверкі лісы ўжо не было на падворку — яна пайшла адтуль сама.
Ветэрынарная служба плануе правесці дэзынфекцыю месца, дзе знаходзілася жывёліна.
Спецыялісты нагадваюць, што шаленства — вельмі небяспечнае віруснае захворванне, якое пасля з’яўлення сімптомаў амаль заўсёды прыводзіць да гібелі. Пераносчыкамі хваробы часта становяцца дзікія жывёлы, у тым ліку лісы, янотападобныя сабакі, барсукі, вожыкі і кажаны.
Прыкметы хворай жывёліны:
- адсутнасць звычайнай асцярожнасці перад чалавекам;
- агрэсіўнасць або, наадварот, ненатуральны спакой;
- слінацёк, пена каля рота;
- парушэнне каардынацыі рухаў;
- сутаргі і параліч.
Жыхарам рэкамендуюць не падыходзіць да падазроных дзікіх жывёл, не спрабаваць ім дапамагчы і не дапускаць да іх дзяцей і хатніх гадаванцаў. Пры ўкусе або траплянні сліны жывёліны на пашкоджаную скуру неабходна неадкладна прамыць месца кантакту вадой з мылам і звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Для прафілактыкі ў Дзяржынскім раёне праводзяць вакцынацыю дзікіх жывёл: у месцах іх пражывання раскладаюць спецыяльныя прынады з вакцынай. Таксама ветэрынары нагадваюць пра неабходнасць штогадовага прышчапляння свойскіх жывёл супраць шаленства.
Чытайце таксама:
Хлопчык памёр ад шаленства пасля кантакту з кажаном — той сеў малому на твар, пакуль ён спаў
Былога ветэрынара з Барысава пакусаў бяздомны сабака, але да дактароў мужчына не пайшоў
Ці можна заразіцца шаленствам проста ад драпіны ката?
Беларуска заразілася шаленствам ад бяздомнага ката, а да доктара не пайшла