Фізічныя кнопкі вяртаюцца? Аўтавытворцы пачынаюць адмаўляцца ад сэнсараў і вялізарных экранаў
На гэты раз у Audi заявілі, што часткова адмовяцца ад раней абранай стратэгіі па сэнсарызацыі аўто.
Інтэр'ер новай Audi A5. Фота: Audi.com
Нагуляліся і хопіць?
Стала вядома, што нямецкі брэнд Audi прызнаў памылковай папярэднюю стратэгію па пераводзе амаль усіх рычагоў кіравання аўто на сэнсарныя экраны або панэлі.
Пра гэта аўстралійскаму выданню GoAuto заявіў тэхнічны дырэктар маркі Рувен Мор. Гэта азначае, што ў новых мадэлях вытворца верне фізічныя кнопкі і пераключальнікі, ад якіх раней актыўна адмаўляўся, а велізарныя экраны заменяць больш кампактнымі.
У Audi да такога рашэння прыйшлі праз тое, што большасці людзей, перш за ўсё ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Аўстраліі, новы падыход да дызайну і аздаблення інтэр'ера аказаўся недаспадобы.
Рэч у тым, што ў сваіх апошніх мадэлях Аўдзі амаль цалкам адмовілася ад фізічных кнопак: кіраванне клімат-кантролем, як і шматлікімі іншымі функцыямі, перайшло на сэнсарны экран.
Сэнсарнымі сталі кнопкі ўключэння аварыйкі, кіравання люстэркамі, святлом, абагрэвам сядзенняў і гэтак далей.
Інтэр'ер новай Audi A5. На фота бачна, што амаль усе рычагі кіравання — сэнсарныя. Фота: Audi.com
Фізічныя кнопкі зніклі з кіравання на стырне, што часам прыводзіць да выпадковых націсканняў падчас кіравання аўто.
Апроч гэтага, у Audi адмовяцца ад ператварэння панэлі аўтамабіля ў адзін вялікі планшэт, як гэта можна назіраць на новай Audi Q7.
Інтэр'ер новай Audi Q7. Фота: Audi.com
Пры гэтым варта разумець, што працэс адмовы ад залішняй сэнсарызацыі не будзе рэзкім, а зойме бліжэйшыя два гады. Першай мадэллю Audi, куды вернуцца фізічныя кнопкі, а экранаў стане менш, мусіць стаць новая Audi A4 e-tron.
Не толькі Audi пераглядаюць падыход
VW, які цалкам адмовіўся ад фізічных кнопак у 2022 годзе, таксама прыслухаўся да спажыўцоў і пачаў вяртаць фізічныя кнопкі кіравання на стырне, клімат-кантролі і мультымедыя ў сваіх новых мадэлях.
«Мы больш не паўторым той жа памылкі. Кнопкі на рулявым коле вернуцца да фізічнага дызайну, каб карыстальнікі маглі кіраваць функцыямі не гледзячы. Фізічныя кнопкі маюць зваротную сувязь, гэта зручна. Урэшце, гаворка ідзе пра аўтамабіль, а не смартфон», — казаў у 2025 годзе дырэктар па дызайне Volkswagen Андрэас Мінтэр, калі каментаваў вяртанне назад фізічных элементаў кіравання асноўнымі функцыямі.
Інтэр'ер новага VW ID Polo. Фота: Volkswagen
Таму новы VW ID Polo выйшаў з фізічнымі кнопкамі кіравання на стырне, вярнулася фізічнае кіраванне клімат-кантролем, гукам, люстэркамі і іншымі функцыямі.
Японскі аўтавытворца Subaru сутыкнуўся з негатыўнымі водгукамі купцоў і вярнуў традыцыйную мадэль кіравання клімат-кантролем у новы Outback сёмага пакалення 2026 мадэльнага года.
Вялікі экран — больш не прыкмета раскошы
Усумніліся ў неабходнасці ператвараць панэль аўтамабіля ў адзін вялікі экран і ў Mercedes-Benz. Яшчэ летась галоўны дызайнер нямецкага брэнда Гордэн Вагенер у інтэрв'ю ABC News выказаўся, што экраны — гэта больш не раскоша, паколькі ў 2025 годзе велізарныя дысплеі сталі стандартам нават у бюджэтных аўто.
«Усе канкурэнты абсталяваныя вялікімі экранамі — у гэтым няма нічога эксклюзіўнага. Мы павінны шукаць раскошу ў іншым: у майстэрстве выканання і вытанчанасці дэталяў», — заявіў Вагенер.
Mercedes-Benz EQS. Фота: Mercedes-Benz
І гэта пры тым, што раней Mercedes-Benz рабіў стаўку на велізарныя экраны, але яшчэ летась у кампаніі прызналі, што тэхналагічны ваў-эфект больш не працуе.
Некаторыя не паддаліся трэнду
Тым не менш далёка не ўсё аўтавытворцы вырашылі адмовіцца ад фізічных кнопак і замянілі іх вялікімі мультымедыйнымі сэнсарнымі экранамі.
Так, напрыклад, у кампаніі Alfa Romeo заявілі, што не маюць намеру ўсталёўваць шырокафарматныя дысплеі і перагружаць аўтамабілі лішнімі функцыямі.
Кіраўнік Alfa Romeo распавёў, што кампанія правяла ўласнае даследаванне, па выніках якога высветлілася, што кліентам брэнда не патрэбныя шырокафарматныя дысплеі на пярэдняй панэлі аўтамабіля.
Інтэр'ер новай Alfa Romeo Junior. Фота: topelectricsuv.com
Кампанія Hyundai таксама заявіла, што пры праектаванні аўтамабільных элементаў кіравання будзе аддаваць перавагу кнопкам і цыферблатам. Тэставанне ў фокус-групе паказала, што сэнсарныя экраны раздражняюць кіроўцаў.
Кампраміс знойдзены?
Які лагер у выніку стане пераможцам у барацьбе паміж фізічнымі кнопкамі і тачскрынам, пакуль невядома. Але выглядае, што некаторыя аўтавытворцы знайшлі кампрамісны варыянт.
Так, напрыклад, кампанія Xiaomi, якая толькі ў канцы 2023 года прэзентавала свой першы аўтамабіль, прапануе фізічныя кнопкі для кіравання клімат-кантролем і мультымедыя ў якасці дадатковага абсталявання.
Фота: скрыншот з відэа
Дадатковыя кнопкі можна будзе набыць асобна, панэль мацуецца да ніжняга краю цэнтральнага экрана.
Мода на экраны і сэнсары VS бяспека
Сэнсарныя экраны патрабуюць ад кіроўцы пераводу погляду з дарогі на экран, у той час як на аўтамабілях з фізічнымі кнопкамі і круцёлкамі кіраванне большасцю функцый ажыццяўляецца навобмацак.
Даследаванне шведскай кампаніі Vi Bilägare, праведзенае яшчэ ў 2022 годзе, паказала, што для актывацыі аналагічных функцый на аўто з тачскрынам спатрэбіцца амаль у два з паловай разы больш часу, чым на аўтамабілях без сэнсарных панэляў.
Даследаванне Універсітэта Вашынгтона і Toyota Research Institute праведзенае ў 2025 годзе паказала, што сэнсарныя экраны ў аўтамабілях негатыўна ўплываюць на кіраванне і рэакцыю кіроўцаў.
Нават простыя дзеянні на дысплеі павялічваюць адхіленні ў паласе на 42%. Дакладнасць і хуткасць націскаў на дысплеі пры гэтым зніжаліся на 58%, а пры высокай разумовай нагрузцы — яшчэ на 17%.