Сіноптыкі расказалі, калі чакаць сыходу цыклону «Бернадэт»
Цыклон «Бернадэт» у найбліжэйшыя суткі пачне слабець і перамесціцца ў заходнія раёны Беларусі. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі начальніца службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Грыцкевіч.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле слоў спецыялісткі, цыклон, які прыйшоў у Беларусь 7 ліпеня, прынёс навальніцы, месцамі моцныя дажджы і парывісты вецер да 17 м/с. Да канца тыдня ён, аднак, страціць сваю актыўнасць, таму ападкі стануць кароткачасовымі, а хуткасць ветру не будзе перавышаць 14 м/с.
Марына Грыцкевіч адзначыла, што для Беларусі, якая знаходзіцца ва ўмераных шыротах, рэзкія змены надвор'я з'яўляюцца звычайнай з'явай і не лічацца анамальнымі.
У Белгідрамеце таксама растлумачылі, што кліматычная з'ява Эль-Ніньё не аказвае прамога ўплыву на надвор'е ў Беларусі. Паводле слоў начальніцы аддзела вывучэння змяненняў клімату Вольгі Бакланавай, асноўны ўплыў Эль-Ніньё адчуваецца ў рэгіёне Ціхага акіяна і на заходнім узбярэжжы Амерыкі. Разам з тым гэтая з'ява павялічвае агульнае пацяпленне кліматычнай сістэмы Зямлі і ўзмацняе ваганні надвор'я ва ўсім свеце.
Чытайце таксама:
На Беларусь насоўваецца цыклон «Бернадэт»
Навукоўцы ўжо зафіксавалі рэкордную тэмпературу Сусветнага акіяна
У Аўстраліі афіцыйна заявілі пра пачатак Эль-Ніньё