У які час найбольшая рызыка нарвацца на кляшча?
Доктарка-эпідэміёлаг Настасся Ляшкевіч паведаміла, што найбольшую актыўнасць кляшчы праяўляюць раніцай, з 8:00 да 11:00, і ўвечары — з 17:00 да 20:00.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Па словах спецыялісткі, кляшчоў можна сустрэць як у сельскай мясцовасці, так і ў гарадах. Яны лепш за ўсё адчуваюць сябе ў вільготнае і пахмурнае надвор'е, а спёка, высокая тэмпература і прамыя сонечныя прамяні зніжаюць іх актыўнасць.
Звычайна кляшчы чакаюць людзей або жывёл у высокай траве, пасля чаго чапляюцца да адзення ці поўсці. Часцей за ўсё яны прысмоктваюцца ў месцах з тонкай скурай — у падпахах, пахвіне, на шыі, за вушамі і на ўнутраным баку локцяў.
Каб знізіць рызыку ўкусу, Настасся Ляшкевіч раіць насіць закрытае адзенне і галаўны ўбор, падчас адпачынку на прыродзе рэгулярна аглядаць сябе і сваіх спадарожнікаў, а таксама выкарыстоўваць рэпеленты, якія можна наносіць на скуру або адзенне.
Акрамя таго, для прафілактыкі варта падтрымліваць парадак на прысядзібных участках: своечасова скошваць высокую траву, прыбіраць пустазелле, сухастой і смецце.
Чытайце таксама:
Як пры дапамозе смартфона своечасова знайсці кляшча, якога не бачыць вока
«Фу, брыдота! Дзе купіць?» Беларускі дызайнер прыдумаў завушніцы ў выглядзе кляшчоў