БЕЛ Ł РУС

Беларускі дальнабойшчык атрымаў візу для працы ў польскай фірме, а яна збанкрутавала. Яго асудзілі за незаконны ўезд у Польшчу

9.07.2026 / 22:34

Nashaniva.com

Пра тое, што два гады таму Сяргей (імя зменена) незаконна ўехаў в Польшчу, ён даведаўся выпадкова гэтай вясной. Польскія памежнікі знялі яго з аўтобуса на памежным пераходзе «Брэст — Тэрэспаль». У выніку беларус атрымаў тры месяцы ўмоўнага тэрміну за парушэнне, пра якое і не падазраваў. Кажа: яшчэ лёгка абышоўся — магло свяціць некалькі гадоў. Як так выйшла, беларус расказаў выданню Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

У 2023 годзе Сяргей атрымаў польскую візу і ўладкаваўся кіроўцам-міжнароднікам у фірму з Чанстаховы. У пачатку 2024 года, калі тэрмін дзеяння першай візы падыходзіў да канца, працадаўца выдаў яму новае працоўнае запрашэнне — дэкларацыю пра даручэнне працы іншаземцу. З гэтым дакументам Сяргей падаў заяву на візу ў польскае консульства ў адным з абласных цэнтраў Беларусі.

Здавалася, усё ідзе па плане, але акурат тады высветлілася, што ў транспартнай кампаніі, дзе ён працаваў, узніклі фінансавыя цяжкасці. Яна збанкрутавала праз некалькі месяцаў пасля таго, як выдала Сяргею запрашэнне.

Даведаўшыся пра праблемы, беларус стаў шукаць новае месца працы. Знайшоў транспартную кампанію, куды яго гатовыя былі ўзяць дальнабойшчыкам. Яшчэ адну візу ён рабіць не стаў — уехаў у Польшчу па візе, атрыманай для працы ў ранейшага наймальніка. Але ў новую фірму ўладкаваўся афіцыйна: працадаўца атрымаў асобны дазвол на яго працаўладкаванне.

Маючы на руках працоўную дамову і ведаючы, што з яе сплачваюцца ўсе падаткі і сацыяльныя ўнёскі, Сяргей падаў дакументы на польскі ДНЖ. Праўда, так яго і не дачакаўся — у канцы 2025 года знайшоў новую працу ў Латвіі, таксама ў сферы міжнародных перавозак. Усяго ў другой польскай кампаніі ён адпрацаваў каля паўтара года.

«Здымаюць з аўтобуса і кажуць, што я павінен з’явіцца ў Чанстахову»

Цяпер у пашпарце мужчыны стаіць латвійская віза. Вясной гэтага года з ёй ён аўтобусам ехаў у Польшчу. Але на мяжы яго чакаў непрыемны сюрпрыз.

«У Тэрэспалі мяне здымаюць з аўтобуса і кажуць, што я павінен з’явіцца ў аддзяленне Стражы гранічнай у Чанстахове», — апісвае падзеі суразмоўца.

Менавіта тады ён даведаўся, што да яго ўезду ў Польшчу два гады таму ёсць пытанні.

У горад, дзе раней працаваў, Сяргей паехаў з усімі дакументамі: ранейшымі працоўнымі дамовамі, даведкамі пра выплату страхавых унёскаў, падатковымі дэкларацыямі — хацеў растлумачыць, што працаваў легальна і парушаць закон не збіраўся. Але інспектар патлумачыў, што, хоць праца была афіцыйнай, у Польшчу ён уехаў з парушэннем закона.

У пратаколе кантролю легальнасці знаходжання Сяргея ў Польшчы напісана, што ў 2024 годзе ён увёў консула ў зман: падаў дэкларацыю пра даручэнне працы ў кампаніі, ведаючы, што гэты дакумент быў выдадзены выключна для атрымання візы, «паколькі працадаўца не меў намеру яго працаўладкоўваць, а ён сам не меў намеру прыступаць да працы, пазначанай у дакуменце». Адпаведна, і візу атрымаў неабгрунтавана.

«Затым, выкарыстоўваючы названую візу, падманным шляхам, дзейнічаючы сумесна з іншымі асобамі, якія афармлялі і перадавалі гэты дакумент, і насуперак патрабаванням закона перасёк дзяржаўную мяжу Рэспублікі Польшча ў пункце пропуску Тэрэспаль — Брэст», — гаворыцца ў пратаколе.

Сяргея дапытвалі адразу па дзвюх справах. Спачатку як сведку — па справе аб гандлі запрашэннямі, потым як падазраванага — па справе аб незаконным перасячэнні мяжы. У другім выпадку ён сам прызнаў віну, каб пакаранне было мінімальным.

У выніку мужчына атрымаў тры месяцы ўмоўнага тэрміну з адтэрміноўкай пакарання на год. Кажа, калі б быў упарты, магло свяціць ад трох до васьмі гадоў.

«Латвійская віза мяне выратавала»

Паколькі ў Сяргея была дзейная латвійская віза, працэдуру дэпартацыі памежнікі не запускалі, але выдалі яму прадпісанне неадкладна выехаць на тэрыторыю Латвіі.

«Гэтая віза мяне выратавала. Мне патлумачылі, што калі б я атрымаў у Польшчы карту побыту (дазвол на жыхарства), то яе б анулявалі, бо ў момант падачы дакументаў я знаходзіўся ў Польшчы нелегальна. І была б дэпартацыя».

У такім становішчы апынуўся не толькі Сяргей. Ён ведае яшчэ аднаго беларуса, які атрымаў запрашэнне ў той жа фірме, якая затым збанкрутавала.

Змена працадаўцы пасля прыезду ў Польшчу — практыка частая. Але Сяргей мяркуе, што менавіта яго былы працадаўца прыцягнуў увагу кантралёраў, бо незадоўга да закрыцця кампанія выдала шмат запрашэнняў, але нікога з супрацоўнікаў так і не працаўладкавала.

Чытайце таксама:

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі

У Францыі ад спёкі загінуў дальнабойшчык з Докшыцаў

Беларусам за мяжой прапануюць аформіць пашпарт РР і падзарабіць — мутная схема

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Каментары да артыкула