БЕЛ Ł РУС

На некаторых беларускіх пляжах увялі абмежаванні на купанне

10.07.2026 / 18:53

Nashaniva.com

У Беларусі на шэрагу пляжаў уведзеныя часовыя абмежаванні на купанне пасля праверкі якасці вады. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

Санітарна-эпідэміялагічная служба штотыдзень правярае ваду ў вадаёмах, дзе афіцыйна дазволены масавы адпачынак. За мінулы тыдзень спецыялісты даследавалі 559 проб вады. Паводле вынікаў аналізаў, 27 проб не адпавядалі гігіенічным нормам па санітарна-хімічных паказчыках, яшчэ 19 — па мікрабіялагічных.

У сувязі з гэтым часова абмежавана купанне дзяцей на некалькіх пляжах у Гродне. Абмежаванні дзейнічаюць на дзвюх зонах адпачынку возера Юбілейнае (зоны № 1 і 2), а таксама на пляжах на рацэ Нёман ва ўрочышчах Ласосна і Пышкі.

Такія ж меры ўведзеныя на пляжы вадасховішча Рудзея каля вёскі Гародня Магілёўскага раёна.

Акрамя таго, працягваюць дзейнічаць раней уведзеныя абмежаванні на купанне дзяцей на чатырох пляжах Магілёва і Магілёўскага раёна. Яны закранаюць участак затокі Дняпра ў раёне вуліцы Фаціна, гарадскі пляж на Дняпры, пляж у аграгарадку Палыкавічы і пляж на сажалцы ў вёсцы Вільчыцы.

У Шклове па-ранейшаму цалкам забаронена купанне як для дзяцей, так і для дарослых на гарадскім пляжы на правым беразе Дняпра каля лядовай арэны.

Санэпідслужба працягне кантраляваць якасць вады. Пасля таго як даследаванні пакажуць, што яна адпавядае гігіенічным патрабаванням, уведзеныя абмежаванні будуць скасаваныя.

Чытайце таксама:

«Мы непрыкметна». Як беларусы цяпер едуць у Анапу на адпачынак

На Цнянскім вадасховішчы знайшлі краба, які ў прыродзе жыве ў водах Заходняй Афрыкі

Колькі каштуе паплаваць на экскурсійным катамаране па Нарачы?

У Валожынскім раёне на пляж прыйшлі дзікія коні ВІДЭА

«У басейнах стоячы месца няма». Мінчукі рванулі на пляжы і ў аквазоны — і засталіся расчараваныя

Каментары да артыкула