Пры раскопках каля Сафіі ў Полацку знайшлі фрагменты сцяны XII стагоддзя
Экспедыцыя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта знайшла фрагменты сцяны XII стагоддзя каля Сафійскага храма ў ходзе раскопак, паведаміў карэспандэнту выдання Times.by старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму ПДУ Аляксей Коц.
Фота з асабістага архіва Аляксея Коца
Раскопкі каля храма, пабудаванага ў XI стагоддзі пры кіраванні славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея, ініцыяваныя Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам.
Даследаванні працягваюцца ўжо два тыдні. У раскопках удзельнічаюць студэнты мясцовага ўніверсітэта. Далей работы працягнуцца з прыцягненнем валанцёраў.
«Раскопкі патрэбныя для таго, каб ацаніць стан Сафійскага сабора, таму што ў найбліжэйшы час пачнуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы, якія працягнуцца бліжэйшыя пяць гадоў», — расказаў Аляксей Коц.
Фота з асабістага архіва Аляксея Коца
Фота з асабістага архіва Аляксея Коца
Паводле яго слоў, раскопкі ідуць на ўчастку каля сярэднявечнага храма, які раней не даследаваўся. Матэрыялы археолагаў, атрыманыя ў 70‑х і 80‑х гадах мінулага стагоддзя, вядомыя, але яны дрэнна апрацаваныя. У сувязі з гэтым музей-запаведнік і вырашыў правесці дадатковыя пошукі каля сцен Сафіі.
«Сёння мы знайшлі фрагмент сцяны XII стагоддзя. Вядома, што да самога храма, пабудаванага ў сярэдзіне XI стагоддзя, былі зробленыя прыбудовы пазней. Выяўленая муроўка з плінфы на вапняковым растворы з цаглянай крошкай. У найбліжэйшы час мы цалкам раскрыем гэты ўчастак. Гэта рэшткі прыбудовы да першапачатковага храма — усходняй галерэі», — удакладніў кіраўнік раскопак.
Аляксей Коц дадаў, што ў ходзе работ археолагі ўжо апусціліся на глыбіню 1,7 метра. Тут зафіксаваны культурны пласт XVI—XVII стагоддзяў, калі каля сабора вялася нейкая гаспадарчая дзейнасць.
Таксама падчас раскопак быў выяўлены пласт разбурэння Сафіі ў першай палове XVIII стагоддзя, сляды рамонтных работ XIX стагоддзя.
Значная колькасць знаходак пацвярджае, што гэтае месца карысталася папулярнасцю ў гарадскога насельніцтва. Тут таксама знайшлі манеты XVII—XIX стагоддзяў, шэраг упрыгажэнняў, прадметы хатняга ўжытку.
«Далейшыя работы дазволяць удакладніць архітэктурныя дэталі сабора», — падсумаваў старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму ПДУ.
Чытайце таксама:
З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд
Пахавальная палітыка Рурыкавічаў. Дзе спачылі беларускія князі часоў Старажытнай Русі?
Загадка арыентацыі старажытных храмаў. Чаму цэрквы павернуты не туды