Культура33

З лета пачнецца рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку. Можа змяніцца і ягоны выгляд

Найстаражытнейшы мураваны помнік Беларусі рыхтуецца да маштабнай рэстаўрацыі, якая можа вярнуць яму гістарычны выгляд і дае шанец больш шырока раскрыць муры ХІ стагоддзя, якія захаваліся ў куды большых аб’ёмах, чым можна было меркаваць. 

Сучасны выгляд Сафійскага сабора ў Полацку. Фота: Наша Ніва

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, якому належыць Сафійскі сабор, размясціў на сайце дзяржаўных закупак заяўку на распрацоўку перадпраектнай дакументацыі, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына». 

Паводле дзяржаўнай праграмы «Культурная прастора» на 2026—2030 гады, на рамонтна-рэстаўрацыйныя працы ў Сафійскім саборы, які з’яўляецца аб'ектам найвышэйшай 0‑й катэгорыі каштоўнасці і тэарэтычна прэтэндуе на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА, выдзелена 2,4 мільёна рублёў.

На перадпраектную стадыю адведзена чатыры месяцы, з чэрвеня па верасень 2026 года. За гэты час праекціроўшчыкі мусяць правесці комплексныя навуковыя пошукі, уключаючы архіўныя, архітэктурна-археалагічныя і фізіка-хімічныя даследаванні будаўнічых матэрыялаў.

На іх аснове будзе створана архітэктурна-планіровачная канцэпцыя, якая ўключае рашэнні па рэстаўрацыі фасадаў, узмацненні гістарычных канструкцый, стварэнні новай падсветкі прылеглай тэрыторыі і мадэрнізацыі інжынерных сетак. Апошні пункт асабліва важны з улікам спецыфічнага клімату, неабходнага, каб праводзіць у саборы канцэрты і выставы.

З улікам таго, што работы ўключаюць фізіка-хімічныя даследаванні фасадаў, нельга выключаць, што Сафійскаму сабору ў час рэстаўрацыі можа быць вернуты гістарычны барочны каларыт, як ужо было зроблена на касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і былым касцёле Святога Язэпа ў Мінску.

Як сёння вядома, барочныя храмы на Беларусі не былі аднатоннымі і беласнежнымі — такі выгляд яны набылі ў пазнейшыя стагоддзі з меркаванняў гаспадарчай зручнасці догляду за храмамі ў незаўсёды спрыяльных для іх гістарычных умовах.

Яшчэ адной гістарычнай магчымасцю магло б стаць шырэйшае раскрыццё старажытнай муроўкі са схаваным радам, якая захавалася пад пластамі пазнейшага тынку. Сёння на ўсходнім фасадзе, дзе захаваліся першапачатковыя апсіды старажытнарускага храма, муроўка паказаная толькі ў невялікіх зандажах, што не дае дакладнага ўяўлення пра маштабы захаваных муроў XI стагоддзя ў аб’ёме барочнага храма. 

Фрагменты слупоў пад падлогай сучаснага храма, выкладзеныя ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам — гэтая тэхніка была своеасаблівай візітоўкай полацкай школы дойлідства, якой трымаліся аж да спынення манументальнага будаўніцтва, нават калі ў іншых рускіх землях ад яе ўжо даўно адмовіліся. Фота: Wikimedia Commons
Полацкая Сафія ўяўляе сабой складаны архітэктурны сімбіёз. Доўгі час лічылася, што арыгінальны храм XI стагоддзя быў цалкам разбураны выбухам у 1710 годзе, калі ў сутарэннях храма падарваўся парахавы склад расійскай арміі.
Але нядаўнія гістарычныя дыскусіі ставяць маштаб разбурэнняў пад сумненне: падобна, што старажытнарускія муры захаваліся ў куды большым аб’ёме, чым традыцыйна лічылася, і новы барочны храм быў узведзены ў XVIII стагоддзі па праекце славутага архітэктара Яна Глаўбіца не на месцы ранейшага, а быў упісаны ў яго ранейшы аб’ём, максімальна захоўваючы аўтэнтычныя сцены.
Муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе Сафійскага сабора, выяўленая ў час даследавання храма спецыялістамі Спецыяльных навукова-вытворчых майстэрняў. Фота: БДАНТД, ф. 91 
Муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе Сафійскага сабора, выяўленая ў час даследавання храма спецыялістамі Спецыяльных навукова-вытворчых майстэрняў. Фота: БДАНТД, ф. 91 

Першая маштабная рэстаўрацыя помніка пачалася ў 1969 годзе. Тады перад спецыялістамі навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў БССР стаяла канцэптуальная задача адначасова паказаць дзве розныя эпохі. Пад кіраўніцтвам архітэктара Валерыя Слюнчанкі пад падлогай сабора XVIII стагоддзя стварылі спецыяльную аглядную пляцоўку, з якой дагэтуль можна пабачыць рэшткі апорных слупоў і муроў XI стагоддзя. У 1983 годзе ў будынку адкрылі канцэртную залу на 304 месцы, а яшчэ праз два гады ўсталявалі чэшскі арган фірмы «Riеger Kloss».

Натурныя даследаванні храма, праведзеныя ў час той рэстаўрацыі, паказалі, што муроўка XI стагоддзя на ўсходнім фасадзе захавалася на ўсю вышыню вонкавых сцен аж да карнізаў, а ў месцы вежы — вышэй за іх.

Раскрыццё сцен XI стагоддзя дазволіла б паказаць рэдкі прыклад старажытнарускай архітэктуры на беларускіх землях. Вялікія зандажы на гістарычных апсідах калісьці былі зроблены і ў кіеўскай Сафіі, якая сёння таксама мае барочнае аблічча. 

Зандажы на ўсходніх апсідах Сафійскага сабора, якія раскрываюць невялікія фрагменты аўтэнтычнай муроўкі XI стагоддзя, сёння, паводле ацэнкі спецыялістаў, знаходзяцца ў жудасным стане. Фота: Wikimedia Commons

Аднак раскрыццё старажытнага мура мае і адваротны бок — адкрыты для атмасферных уздзеянняў, ён разбураецца. Расійскія спецыялісты, якія займаліся рэстаўрацыяй другога ўнікальнага помніка старажытнарускага перыяду ў горадзе, Спаскай царквы ў Ефрасінеўскім манастыры, адзначалі, што зандажы на Сафійскім саборы знаходзяцца ў жудасным стане. На самой Спаскай царкве ў час апошняй рэстаўрацыі вялікія раскрыцці на фасадах, дзе былі выяўлены ў тым ліку паліхромныя размалёўкі і архітэктурны дэкор, былі закрытыя шклянымі экранамі. 

Апошні раз маштабныя працы на фасадах Сафіі праводзіліся ў 2017 годзе, напярэдадні 500‑годдзя беларускага кнігадрукавання. Тады будаўнікі паднавілі амаль 6500 квадратных метраў вонкавых сцен, дасягаючы верхніх ярусаў вежаў на вышыні 51 метра з дапамогай спецыяльных аўтавышак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Ёсік
    16.05.2026
    Больш чырвонага і зялёнага колераў. Вельмі вочы выпальвае спалучэньне гэтых колераў. Учора ў паліклініцы на касе аб'ява аб немагчымасьці разьлічыцца праз смартфон была на ЧЗ сцяжку, але без арнаменту. Крэатыў? Не, да.баё.ства.
  • Шклоуски конюх
    16.05.2026
    Это петушок первый взорвал собор а не просто склад взорвался
  • Балтарус
    16.05.2026
    Толькі без маскоўскіх цыбулек на вежах касцёла, проше

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг27

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць