БЕЛ Ł РУС

У Гродне зноў прадаюць гатэль «Гродна»

16.07.2026 / 16:33

Nashaniva.com

Праз дзесяць гадоў пасля таго, як будынак быў прададзены кітайскаму інвестару, аб'ект зноў з'явіўся на электронным аўкцыёне пляцоўкі «БУТБ-Маёмасць». Пачатковая цана складае 9 мільёнаў рублёў, піша Office Life.

Фота: Гродзенскі гарвыканкам / Telegram

Гатэль «Гродна» разам з аднайменным рэстаранам у адным комплексе пабудавалі ў 1985 годзе. Шаснаццаціпавярховы будынак быў разлічаны на размяшчэнне 500 гасцей. Аднак прыкладна праз дваццаць гадоў комплекс закрылі, паколькі ён ужо не адпавядаў сучасным патрабаванням бяспекі.

У 2016 годзе будынак набыў кітайскі інвестар, які планаваў правесці маштабную рэканструкцыю і адкрыць сучасны гатэль. Паводле ўмоў продажу, на выкананне ўсіх работ яму адводзілася чатыры гады. Аднак праект не быў завершаны ў вызначаны тэрмін, і рэканструкцыя зацягнулася.

У лютым 2024 года паведамлялася, што тэрмін рэканструкцыі быў падоўжаны да канца 2024 года. На той момант праектам працягваў займацца кітайскі бізнэсмен, які не адмаўляўся ад сваіх абавязацельстваў. Тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік адзначаў, што ў выпадку няўдачы праекта могуць знайсці новага інвестара.

Цяпер аб'ект ізноў выстаўлены на аўкцыён, які прызначаны на 18 ліпеня. Умовы для новага ўладальніка амаль не змяніліся ў параўнанні з тымі, што дзейнічалі дзесяць гадоў таму. Купец павінен на працягу аднаго года распрацаваць праект рэканструкцыі, а самі работы завяршыць не пазней чым праз тры гады.

Чытайце таксама:

На продаж выставілі маёмасць Гомельскага вінзавода

Гарналыжны комплекс «Лагойск» выставілі на продаж ужо трэці раз

Дзе беларусы часцей за ўсё купляюць пустыя хаты

У Светлагорску прадаюць будынак былой кулінарнай фабрыкі разам з папулярнай кавярняй

Каментары да артыкула