12‑гадовы хлопчык ледзь не патануў у Шклове
Учора ўвечары ў Шклове на гарадскім пляжы на Дняпры адбыўся выпадак, які мог скончыцца трагедыяй.
12‑гадовы школьнік з Магілёва адпачываў на пляжы разам з бацькам. Вырашыўшы выкупацца, ён адплыў усяго на пяць метраў ад берага, дзе глыбіня ракі складае каля двух метраў. На жаль, дзіця не разлічыла свае сілы і пачало тануць, паведамляе Таварыства выратавання на водах.
Бацька хлопчыка адразу кінуўся на дапамогу. А 17:10 дзякуючы аператыўным дзеянням бацькі і матроса-ратавальніка Таварыства выратавання на водах, які своечасова кінуў выратавальнае кола, дзіця ўдалося выратаваць.