Мінскі гандлёвы цэнтр хоча знайсці кіраўніка з веданнем пяці замежных моў
Мінскі гандлёва-забаўляльны цэнтр Palazzo шукае дырэктара з вельмі высокімі патрабаваннямі да кваліфікацыі і ведання замежных моў. Адпаведную вакансію размясціла кампанія «БелМартПлаза», якая кіруе гэтым аб'ектам.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: bestbelarus.by
Ад кандыдата патрабуюць не менш за шэсць гадоў досведу працы ў сферы арэнды нерухомасці, а таксама вышэйшую адукацыю ў галіне карпаратыўнага кіравання.
Асобная ўвага надаецца веданню замежных моў. Прэтэндэнт павінен свабодна валодаць англійскай, іспанскай, французскай і арабскай мовамі, а таксама мець высокі ўзровень валодання партугальскай.
За адпаведнасць такім патрабаванням працадаўца прапануе заробак сумай 11 139 рублёў за месяц.