Рауль Кастра прапануе скараціць тэрмін знаходжання ва ўладзе да 10 гадоў
Старшыня дзяржсавета Кубы Рауль Кастра прапануе абмежаваць знаходжанне на найвышэйшых палітычных пасадах краіны двума тэрмінамі па пяць гадоў,
Пра гэта Кастра заявіў у сваёй прамове на адкрыцці першага за апошнія 14 гадоў з’езду кампартыі краіны.
Ён заявіў, што партыйнае кіраўніцтва мае патрэбу ў абнаўленні і павінна быць здольным на сур’ёзную самакрытыку.
Выказаная Раулем прапанова аб абмежаванні тэрмінаў кіраўніцтва не мае прэцэдэнтаў у камуністычнай «гісторыі вострава свабоды».
Асноўная ўвага ў сваёй прамове на адкрыцці з’езду ён засяродзіў на планах знізіць ролю дзяржавы ў эканоміцы і на заахвочванні прыватных прадпрыемстваў.
Паводле яго словаў, Кубе спатрэбіцца па меншай меры пяць гадоў, каб абнавіць існуючую эканамічную сістэму.
Рауль Кастра паабяцаў захаваць бясплатную адукацыю і ахову здароўя, аднак заявіў, што дзяржаўныя выдаткі будуць «рацыяналізаваныя», а субсідаванне тавараў першай неабходнасці будзе спынена.
Між тым кіраўнік краіны папярэдзіў, што сацыялізм на Кубе «непарушны» і што назапашванне уласнасці дазволена не будзе.