Найбуйнейшыя ўкраінскія тэлеканалы звярнуліся да калегаў з РФ з просьбай аб'ектыўна асвятляць падзеі пра Украіну
Найбуйнейшыя ўкраінскія тэлеканалы звярнуліся да расійскіх калег з просьбай аб'ектыўна асвятляць падзеі ў Украіне.
«Мы просім Вас адкрыта, узважана і аб'ектыўна асвятляць падзеі, што адбываюцца сёння ва Украіне. Мы просім Вас зразумець і падтрымаць пазіцыю ўсіх цэнтральных украінскіх тэлеканалаў і адказна ставіцца да кожнага слова. Мы не маем права распальваць варожасць паміж братнімі рускім і ўкраінскім народамі, выдаваць у эфір неправераную або непраўдзівую інфармацыю. Мы ўпэўненыя, што калі супрацьстаянне перарасце ў ваенныя дзеянні — пераможцаў не будзе, прайграюць усе. Прайграюць нашы народы, якія гісторыяй, верай, крывёю непарыўна звязаныя паміж сабой. Мы верым, што сёння разам можам зрабіць усё, каб гэтага не здарылася. Мы верым, што паміж нашымі краінамі будзе мір», — гаворыцца ў агульным лісце ўкраінскіх медыягруп, накіраваным расійскім тэлеканалам у панядзелак.
Ліст адрасаваны генеральнаму дырэктару ААТ «Першы канал» Канстанціну Эрнсту, гендырэктару ФГУП «ВГТРК» Алегу Дабрадзееву і генеральнаму дырэктару ААТ «НТВ» Уладзіміру Кулісцікаву.
Ліст падпісалі кіраўнік Inter Media Group Ганна Бязлюдная, кіраўнік Starlight Media Уладзімір Барадзянскі, кіраўнік «Медыя Групы Украіна» Фёдар Агаркаў і кіраўнік «1 1 Media» Аляксандр Ткачэнка.
Каментары