Іранскія ўлады наўмысна вывяралі ракетныя ўдары па аб'ектах ЗША ў Іраку, каб як мага менш амерыканскіх вайскоўцаў пацярпела. Пра гэта паведаміла газета The Washington Post са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі ЗША высокага рангу.
«Гэта дало [магчымасць] іранцам захаваць твар, роўна як і магчымасць абодвум бакам адступіць ад краю вайны, — адзначыў чыноўнік. — Улады ЗША яшчэ ўдзень у аўторак [7 студзеня] ведалі [спіс] аб'ектаў, па якіх Іран збіраецца нанесці ўдар, аднак па якіх канкрэтна вядома не было». Адпаведную інфармацыю вайскоўцы ЗША атрымалі ад іракскіх уладаў за некалькі гадзін да нападаў, сцвярджае выданне.
Раней тэлеканал CNN са спасылкай на дыпламатычную крыніцу паведаміў, што Ірак загадзя папярэдзіў амерыканскі бок аб тым, якія базы будуць атакаваныя, атрымаўшы адпаведную інфармацыю ад Ірана.
Каментары