Грамадства

Гомельскаму журналісту Андрэю Толчыну ставяць у віну ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні

Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.

Гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», піша БАЖ.

Якія канкрэтна факты ставяцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.

У Толчына з'явілася адвакатка, але яна таксама абмежаваная падпіскай пра неразгалошванне таямніцы следства.

Сябры і сваякі ўжо перадалі яму ў следчы ізалятар харчовыя перадачы, сродкі гігіены і цёплыя рэчы.

64-гадовы журналіст пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала відэааператара Андрэя Толчына палітычным вязнем.

Толчына затрымалі сілавікі сёлета 23 верасня. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.

Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомеля стаў заўважнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала сваю незалежнасць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень». Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых. На дэмакратычнай аснове абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога савета 21-га склікання — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 года адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У гарсавеце Андрэй уваходзіў у камісію па сувязях з грамадскасцю і СМІ. Быў сябрам зліквідаванай цяпер уладамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадскую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зведаў таксама і беспрацоўе.

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і нават адпраўлялі «на суткі» за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэааператара-фрылансера не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варажнечы і перашкодзе дзейнасці ЦВК. Тады спадар Толчын запісваў і каментар аднаго з дыпламатаў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансера забрала міліцыя.

***

Падтрымайце зняволенага журналіста лістамі, паштоўкамі ці тэлеграмай. Таксама можна зрабіць грашовы перавод.

Пішыце на адрас: СІЗА № 3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1. Толчын Андрэй Мікалаевіч.

Каментары

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць