З расійскага палону вярнуўся ўкраінскі вайсковец, якога тры гады лічылі загінулым і нават пахавалі
Назар Далецкі доўгі час лічыўся загінулым, але 5 лютага вярнуўся з палону ў выніку праведзенага абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расіяй. Пра гэта паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі, піша «Суспільне».

Назар Далецкі родам з сяла Вялікі Дорашаў пад Львовам. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ён удзельнічаў у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, а ў 2022 годзе пайшоў абараняць Украіну і служыў у 24‑й асобнай механізаванай брыгадзе імя караля Данілы.
У маі 2022 года мужчына перастаў выходзіць на сувязь. Спачатку Далецкага лічылі зніклым без вестак, а потым сям’і паведамілі пра яго смерць 25 верасня 2022 года — у дзень нараджэння Назара. У 2023 годзе нібыта ягонае цела нават пахавалі ў родным сяле пасля атрымання вынікаў ДНК.
Аднак у ліпені 2025 года адзін з вызваленых з палону вайскоўцаў паведаміў, што насамрэч Назар жывы. Падцвердзілі гэта яшчэ два вайскоўцы, пасля чаго сваякі пачалі звяртацца ў каардынацыйны штаб. У кастрычніку таго ж года яшчэ адзін вызвалены вайсковец пацвердзіў, што Назар знаходзіўся ў калоніі. А цяпер нарэшце падчас абмену палоннымі 5 лютага ён вярнуўся дадому.
У гэты дзень з расійскага палону ў Украіну вярнуліся 157 чалавек — вайскоўцы і цывільныя. Некаторыя з іх знаходзіліся ў палоне з 2022 года, некаторыя былі асуджаныя на працяглыя тэрміны. Па словах украінскага абмудсмена Дзмітрыя Лубінца, вызваленыя маюць цяжкі псіхалагічны стан, некаторыя вельмі худыя, але ўсе шчаслівыя вярнуцца дамоў.
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары