Свет88

За тыдзень вайны з Іранам краіны Блізкага Усходу выкарысталі больш ракет Patriot, чым атрымала Украіна за чатыры гады вайны

На пачатку поўнамаштабнага ўварвання Кіеў неаднаразова звяртаўся да заходніх саюзнікаў з просьбамі аб пастаўках сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, аднак атрымаў іх у значна меншай колькасці, чым патрабавала сітуацыя на фронце. У выніку Украіна была вымушаная распрацаваць уласныя, значна таннейшыя спосабы барацьбы з іранскімі дронамі, якія Расія масіравана выкарыстоўвае супраць украінскіх гарадоў. Сёння гэты ўнікальны досвед Кіеў прапануе Вашынгтону і яго партнёрам на Блізкім Усходзе. З падрабязнасцямі знаёміць The New York Times.

Амерыканскія зенітна-ракетныя комплексы Patriot. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Вайна ЗША і Ізраіля ў Іране можа адцягнуць увагу сусветнай супольнасці ад украінскага пытання. Тым не менш для Кіева гэты канфлікт адкрыў магчымасць прадэманстраваць сваю экспертнасць і выкарыстаць перадавыя тэхналогіі на новым фронце.

Украінскі бок актыўна прапануе дапамогу амерыканскім сілам і іх блізкаўсходнім саюзнікам у абароне ад іранскіх ударных беспілотнікаў — тых самых мадэляў, якія расійскія войскі гадамі запускаюць па ўкраінскай тэрыторыі.

Як адзначыў у інтэрв'ю NYT Уладзімір Зяленскі, з першых дзён эскалацыі на Блізкім Усходзе ён і яго каманда пачалі атрымліваць званкі ад лідараў Бахрэйна, ААЭ, Іарданіі, Кувейта, Катара і Саудаўскай Аравіі з просьбамі аб кансультацыях і дапамозе.

Ужо 5 сакавіка Злучаныя Штаты афіцыйна звярнуліся да Украіны з запытам аб садзейнічанні ў абароне амерыканскіх вайсковых баз у Іарданіі. Паводле слоў украінскага лідара, спецыялізаваная каманда з дронамі-перахопнікамі ўласнай вытворчасці выехала на месца прызначэння ўжо на наступны дзень.

Журналісты выдання падкрэсліваюць, што гэтае супрацоўніцтва разгортваецца на фоне даволі складаных адносін паміж Кіевам і Вашынгтонам. Характэрна, што ў той самы дзень, калі паступіла просьба аб дапамозе, Дональд Трамп зноў публічна назваў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы большай перашкодай для мірнага пагаднення, чым Уладзіміра Пуціна.

У гэтых умовах украінскія ўлады разлічваюць, што падтрымка амерыканскіх ініцыятыў на Блізкім Усходзе ўмацуе давер з боку Вашынгтона і палепшыць пазіцыі Кіева ў мірных перамовах, якія праходзяць пры пасярэдніцтве ЗША.

Акрамя таго, супрацоўнічаючы з ЗША на Блізкім Усходзе, Кіеў таксама імкнецца падкрэсліць розніцу паміж сваёй пазіцыяй і пазіцыяй Масквы. У той час як Кіеў абараняе саюзнікаў, Масква, паводле звестак амерыканскай разведкі, перадавала Тэгерану дадзеныя аб дыслакацыі амерыканскіх караблёў і вайскоўцаў.

У размове з карэспандэнтам NYT прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што, нягледзячы на шчырае жаданне дапамагчы блізкаўсходнім краінам, ён вымушаны балансаваць паміж вонкавымі запытамі і ўнутранымі патрэбамі абароны, бо вайна дома ідзе ўжо пяты год. Існуе перасцярога, што канфлікт у Іране можа перакрыць пастаўкі зброі, неабходнай самім украінцам.

Менавіта таму Кіеў прапануе краінам рэгіёна фармат бартару: у абмен на ўкраінскія тэхналогіі супрацьдроннай абароны і БПЛА-перахопнікі Украіна хоча атрымаць магутныя сістэмы СПА, здольныя збіваць расійскую балістыку.

Да таго ж, Кіеў разлічвае на дыпламатычны ўплыў арабскіх краін, многія з якіх маюць шчыльныя сувязі з Масквой.

«Магчыма, яны змогуць пагаварыць з рускімі, каб тыя зрабілі паўзу. У такім выпадку мы, безумоўна, дапаможам Блізкаму Усходу з абаронай», — патлумачыў логіку ўкраінскі бок.

На сёння Украіна з’яўляецца адной з самых кампетэнтных краін у свеце па знішчэнні іранскіх «шахедаў», на аснове якіх Расія ўжо стварыла ўласныя версіі.

Спачатку ўкраінскія сілы спрабавалі збіваць такія беспілотнікі дарагімі ракетамі, у тым ліку Patriot. Але хутка высветлілася, што гэта эканамічна невыгодна: вытворчасць аднаго «шахеда» каштуе да 50 тысяч даляраў, у той час як ракета-перахопнік Patriot — больш за 3 мільёны даляраў.

Каб не марнаваць дарагія заходнія рэсурсы, Украіна навучылася эфектыўна выкарыстоўваць цяжкія кулямёты, танныя ракеты для F-16, сродкі радыёэлектроннай барацьбы і ўласныя дроны-перахопнікі.

Украінскія вайскоўцы мабільнай агнявой групы СПА на пазіцыі ў Данецкай вобласці. 21 мая 2025 года. Такія групы на пікапах з кулямётамі і сістэмамі навядзення кругласутачна палююць на расійскія беспілотнікі і з’яўляюцца важнай часткай абароны ўкраінскага неба. Фота: Oxana Chorna / Global Images Ukraine via Getty Images

Паводле дадзеных украінскіх ВПС, цяпер атрымліваецца збіваць большасць такіх дронаў. Напрыклад, у лютым Расія запусціла каля 5000 беспілотнікаў і імітатараў па ўкраінскіх гарадах, і каля 87% з іх былі знішчаныя.

Як заўважае выданне, падчас інтэрв’ю Зяленскі паведаміў, што акрамя Іарданіі яшчэ адна група ўкраінскіх спецыялістаў можа адправіцца ў рэгіён, каб дапамагчы краінам ацаніць, як можна абараняцца ад іранскіх дронаў без масавага выкарыстання дарагіх ракет Patriot.

Як адзначае NYT, гэтыя ракеты застаюцца вельмі дэфіцытнымі. У 2025 годзе сусветная вытворчасць новых Patriot склала ўсяго 620 адзінак — і гэта лічыцца рэкордам.

Аднак толькі за першы тыдзень актыўных баёў на Блізкім Усходзе было выдаткавана больш за 800 такіх ракет. Паводле еўракамісара па абароне Андрыюса Кубілюса і прэзідэнта Украіны, гэтая колькасць спатрэбілася для супрацьдзеяння атацы больш як 2000 іранскіх беспілотнікаў і больш як 500 балістычных ракет.

Выніковая лічба, якую прыводзіць NYT, найлепш ілюструе дыспрапорцыю: за ўсе гады поўнамаштабнай вайны Украіна, па словах дарадцы прэзідэнта Украіны Дзмітрыя Літвіна, атрымала каля 600 сучасных ракет Patriot.

Каментары8

  • Звычайны Чалавек
    09.03.2026
    Цікава, а тыя "патрыёты", якімі арабы збівалі іранскія дробны - іх ЗША таксама ў рамках нейкіх сваіх праграм дапамогі ім паставілі ці яны іх купілі?
    Ці не здаецца гэта некарэктным параўнаннем?
  • Задумайтесь
    09.03.2026
    И, может это говорит о глупости Украины ввязавшейся в такую войну?
  • 1
    09.03.2026
    И, Вы блытаеце бясплатную дапамогу і аплочаныя пастаўкі. Сучаснае ўзбраенне, у асаблівасці супрацьпаветраныя ракеты, вельмі складаная і дарагая рэч. Арабскія краіны купляюць іх за свае грошы, якімі адразу ж і плацяць - яны самі выходзяць на Raytheon і замаўляюць іх, а ад дзяржавы патрэбная толькі згода. Калі грошы ёсць - будуць вам ракеты, і хутка. Так функцыянуе свет.

Цяпер чытаюць

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома2

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Расія атакуе Чорнае мора, пад ударам украінскія парты і судны. Наколькі гэта крытычна?1

На галасаванне выставілі 10 варыянтаў дызайну новых еўрабанкнот3

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках4

Случ у Слуцку так зарасла, што плыні месцамі ўжо амаль і не відаць

Літоўская сям'я пайшла ў грыбы і сустрэла ў лесе страуса16

У Мінску затрымалі расійскага арганізатара буйной махлярскай схемы з «папяровым ПДВ». Што за яна?1

Наваполацкі макрушнік палічыў, што калі Расія плаціць за забойствы ўкраінцаў, то трэба наймацца. Але прагадаў8

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады26

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома2

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць