У Беларусі арыштавалі французскага адстаўнога вайскоўца, які захапляецца цягнікамі. Ужо тры месяцы ён у СІЗА
Паездка з жонкай да яе сваякоў у Беларусі скончылася для француза Барыса затрыманнем. Ягоныя родныя не маюць дакладнай інфармацыі пра тое, дзе менавіта ён знаходзіцца, у якіх умовах утрымліваецца, які ў яго стан здароўя і ці мае ён доступ да адваката.

Француз Барыс шмат гадоў служыў афіцэрам у французскім войску, а пасля працягнуў кар’еру інжынерам у энергетычнай сферы. Ён захапляецца музыкай, але галоўная ягоная цікавасць з дзяцінства — цягнікі. Пра іх нават пісаў шэраг артыкулаў для спецыялізаваных часопісаў.
У красавіку 2026 года Барыс разам з жонкай прыехаў у Беларусь у турыстычную паездку, каб наведаць яе сям'ю.
Але падчас гэтай паездкі здарылася тое, чаго сям'я не магла прадбачыць. Барыса затрымалі, і ўжо чацвёрты месяц родныя, паводле іх слоў, не маюць афіцыйнай інфармацыі пра тое, дзе менавіта ён знаходзіцца, у якіх умовах яго ўтрымліваюць і ці мае ён доступ да адваката.
Пра абставіны паездкі і затрымання расказаў у сацсетках Жульен Рызэ, стрыечны брат Барыса
Паводле Жульена Рызэ, падчас знаходжання ў Беларусі Барыс пайшоў агледзець наваколле і сфатаграфаваць цягнік, каб пасля абмеркаваць яго са сваімі сябрамі, якія таксама цікавяцца чыгункай.
Як сцвярджае Рызэ, у гэты момант за Барысам нібыта сачыў і здымаў яго беспілотнік. Неўзабаве француза затрымала міліцыя. Стрыечны брат лічыць, што гэта адбылося без прычыны.
З таго часу, паводле Жульена, сям’я не мае ад Барыса ніякіх навін.
Сям'я і сябры Барыса звярталіся ў Елісейскі палац, Міністэрствы ўнутраных і замежных спраў Францыі, да сенатараў, парламентарыяў, у амбасады і розныя няўрадавыя арганізацыі. Паводле Жульена, у адказ яны атрымлівалі толькі пацвярджэнні, што звароты прынятыя, і паведамленні пра тое, што справай займаюцца.
Аднак, як сцвярджае стрыечны брат, сям'я так і не атрымала афіцыйных дакументаў пра затрыманне Барыса.
Родныя спадзяюцца, што публічнасць дапаможа зрушыць сітуацыю з месца, не дазволіць, каб пра Барыса забыліся, і дапаможа яму атрымаць неабходную абарону.
Каментары