Падчас вячэры з прэсай прэзідэнт ЗША шмат жартаваў.

Новы ўрачысты вячэрні прыём Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме з удзелам Дональда Трампа, які не адбыўся ў красавіку з-за інцыдэнту са стралянінай, прайшоў у пятніцу ўвечары ў Вашынгтоне. Прэзідэнт ЗША скарыстаўся нагодай, каб у гадзіннай прамове чарговы раз заклікаць «не верыць фэйкавым навінам» і высмеяць сваіх палітычных апанентаў. Напрыканцы Трамп заявіў, што будзе змагацца за пасаду прэзідэнта ў 2028 годзе, але адразу ж дадаў, што гэта жарт.
Вячэра Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме, на якую традыцыйна запрашаюць прэзідэнта, павінна была адбыцца 26 красавіка ў банкетнай зале гатэля Washington Hilton, але мерапрыемства з удзелам больш як дзвюх тысяч чалавек было перапынена з-за страляніны ў суседнім памяшканні. Узброенага стрэльбай мужчыну затрымалі, а вячэру перанеслі на некалькі месяцаў.
«Тут у адным месцы сабралася больш людзей з «сіндромам непераноснасці Трампа», чым дзе б там ні было яшчэ, — сказаў прэзідэнт ЗША, звяртаючыся да журналістаў, якія асвятляюць яго працу на пасадзе кіраўніка дзяржавы. — Падазраю, некаторым з вас пашанцавала, што нашу мінулую вячэру давялося перапыніць… Я планаваў добра па вас прайсціся».
Мяркуючы па ўсім, прэзідэнт быў у добрым настроі: ён не закранаў сур'ёзных тэм і шмат жартаваў, не шкадуючы з'едлівых заўваг і кпін.
Не абышлося і без каментароў пра знешнасць і інтэлект знакамітасцяў, якія выступаюць супраць Трампа, а таксама саркастычных выпадаў у бок яго палітычных апанентаў.
Жарты і кпіны не былі імправізацыяй: сваю прамову Трамп чытаў з тэлесуфлёра, піша Reuters. Калі журналісты ў чарговы раз ніяк не адрэагавалі на яго рэпліку, задуманую як дасціпную, Трамп з'едліва заўважыў на адрас сваіх спічрайтараў: «Хтосьці ўвогуле разумее гэтыя жарты?» Калі пасля яшчэ аднаго жарту ў зале не пачуўся смех, ён дадаў: «А вось гэта, па сутнасці, было адзінае, што мне здалося добрым ва ўсёй гэтай абсалютна дурной прамове», — цытуе прэзідэнта Reuters.
Многія яго выказванні датычыліся адносін да журналістаў. Трамп заклікаў іх «не верыць фэйкавым навінам» і заявіў, што яны страцяць працу пасля таго, як ён перастане быць прэзідэнтам. Ён назваў сябе «самым адкрытым і даступным прэзідэнтам», маючы на ўвазе, што журналістам не раз удавалася задаць яму пытанне і атрымаць кароткі, а нярэдка і супярэчлівы яго ранейшым заявам адказ, проста патэлефанаваўшы на яго асабісты мабільны тэлефон.
Падчас вячэры Трампу давялося таксама размаўляць з аўтарамі крытычных матэрыялаў пра яго самога.
«Я маю права голасу пры прысуджэнні гэтых узнагарод?» — спытаў Трамп, гаворачы пра прафесійныя ўзнагароды, якія Асацыяцыя ўручыла ў пачатку вечара. Адну з іх атрымалі журналісты Wall Street Journal за матэрыял пра сувязі амерыканскага прэзідэнта з асуджаным за сексуальныя злачынствы супраць непаўналетніх Джэфры Эпштэйнам. За гэтую публікацыю Трамп падаў на выданне ў суд.
Таксама Трамп некалькі разоў пажартаваў пра свае планы зноў стаць прэзідэнтам ЗША, хоць гэта і забаронена Канстытуцыяй краіны. «Як і з маім прэзідэнцкім тэрмінам: другі раз заўсёды лепшы за першы. А трэці будзе яшчэ лепшы», — сказаў ён, адразу ж удакладніўшы, што гэта быў «проста жарт».
22‑я папраўка да Канстытуцыі, прынятая ў 1951 годзе забараняе балатавацца больш за два разы. Яна была прынятая пасля таго, як Франклін Рузвельт тройчы выйграваў выбары.
Тым не менш напрыканцы сваёй прамовы Трамп дастаў чырвоную кепку з надпісам Trump 2028 (менавіта ў гэтым годзе паводле плана павінны адбыцца наступныя прэзідэнцкія выбары) і абвясціў журналістам «сенсацыйную навіну», што нібыта плануе зноў змагацца за пасаду прэзідэнта краіны.
Гэтая сустрэча з прэсай стала першай за абодва прэзідэнцкія тэрміны Трампа, на якой ён выступіў з прамовай. У папярэднія гады ён ігнараваў гэтае мерапрыемства, нягледзячы на тое, што амерыканскія прэзідэнты звычайна прымаюць запрашэнне і выступаюць перад журналістамі на вячэрах Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме.
«Гэта быў цікавы вечар. Я сапраўды не ведаў, чаго чакаць», — ахарактарызаваў свае ўражанні ад наведвання вячэры Трамп.
«І ўсё было значна горш, чым я меркаваў», — падсумаваў ён, не ўдакладніўшы, ці жартуе зноў, ці гаворыць сур'ёзна.
Красавіцкая вячэра Асацыяцыі была сарваная ўзброеным мужчынам, які спрабаваў прарвацца ў калідор гатэля, што вёў да залы, дзе знаходзіўся, у тым ліку, і Трамп. Ён паспеў параніць аднаго з супрацоўнікаў, які выжыў дзякуючы бронекамізэльцы, пасля чаго быў затрыманы. Паліцыя паведаміла, што яго завуць Коўл Ален; у яго доме ў Каліфорніі прайшлі ператрусы. Пазней яму выставілі абвінавачанне ў замаху на прэзідэнта ЗША. Сваю віну ён не прызнаў.
Каментары