«Самым сінім быў Генадзь». Як экс-падпалкоўніка збілі за ўдзел у пратэстах
Генадзь Майсейчык больш за дваццаць гадоў праслужыў у міліцыі: пачынаў участковым, працаваў з непаўналетнімі, даслужыўся да падпалкоўніка і пасады намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Маскоўскага РУУС Мінска. А ў ліпені 2023 года сам апынуўся ў руках былых калег — збіты, з паламанымі рэбрамі, у перапоўненым карцары на Акрэсціна.

Менавіта там яго сустрэў былы журналіст і палітвязень Ігар Карней. Яны спалі побач на бетоннай падлозе, уціснутыя паміж іншымі вязнямі. Карней узгадаў пра свайго былога сукамерніка ў фрагменце сваёй будучай кнігі.
«Паўтараў, што ніколі не даруе»
17 ліпеня 2023 года Ігар Карней пасля ператрусу, затрымання і допыту трапіў у ізалятар на Акрэсціна. Карцар, разлічаны на аднаго чалавека, быў перапоўнены: на пяці з паловай квадратных метрах знаходзіліся дзесяць вязняў.
У некаторых на целе заставліся сляды збіцця. Але найбольш пацярпелым, паводле ўспамінаў Карнея, выглядаў Генадзь:
«Самым сінім быў Генадзь, які пры кожным уздыху з балючай грымасай хапаўся за пераломаныя рэбры».
Паводле таго, што Майсейчык расказваў у камеры, яго затрымлівалі цэлым аўтобусам «касманаўтаў». Падчас затрымання сілавікі збілі ягонага сына, а калі бацька кінуўся яго абараняць, пачалі біць і самога Майсейчыка — дубінкамі, нагамі і кулакамі.
«Паўтараў, што ніколі не даруе — разам на горкі яблык збілі і безабароннага сына-інваліда», — узгадвае Ігар Карней расповеды сукамерніка.
Пасля збіццё працягнулася ў будынку РУУС, у кабінеце, дзе некалі працаваў сам Майсейчык.
Больш за дваццаць гадоў у міліцыі
Генадзь Майсейчык нарадзіўся 25 мая 1974 года і прыйшоў у міліцыю не пазней за 1994-ы. Большая частка ягонай кар’еры, па інфармацыі з базаў Belpol, была звязаная з аховай грамадскага парадку і працай з непаўналетнімі.
У жніўні 1994 года Майсейчык працаваў участковым інспектарам Ленінскага РУУС Мінска. Праз год перайшоў у інспекцыю па справах непаўналетніх. Быў участковым, пасля старшым участковым інспектарам, а ў 2001 годзе ўзначаліў інспекцыю па справах непаўналетніх Ленінскага РУУС.
Пазней Майсейчык перайшоў у Маскоўскае РУУС. На пачатак 2015 года ён займаў пасаду намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі і меў званне падпалкоўніка міліцыі.
Яго звольнілі з працы ў чэрвені 2015 года. У базах запісана, што падставай стаў прагул.
У архіве сайта адміністрацыі Маскоўскага раёна захаваўся ягоны каментар пра хатні гвалт. Ад імя міліцыі Майсейчык заклікаў пацярпелых не маўчаць і папярэджваў, што сямейныя канфлікты могуць заканчвацца асабліва цяжкімі злачынствамі.
«Ніякі гвалт у сям’і не можа быць апраўданы», — гаварылася ў той публікацыі.
Гену зламалі насавую перагародку
Паводле пераказу Ігара Карнея, у 2020 годзе Генадзь Майсейчык выходзіў на акцыі пратэсту. Яго нібыта зафіксавалі відэакамеры, але прыйшлі па былога міліцыянта толькі праз тры гады: яго затрымалі ў Мінску 12 ліпеня 2023 года.
Праз пяць дзён пасля затрымання Майсейчыка ў той жа карцар на Акрэсціна трапіў Ігар Карней. «Гену, мяркуючы па ўсім, зламалі і насавую перагародку, храп на вышэйшых дэцыбелах», — згадвае ён.
Паводле Карнея, пасля Акрэсціна Майсейчыка адправілі ў Жодзіна, а пазней сукамернікі зноў пабачыліся на Валадарцы.
21 верасня 2023 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Генадзя Майсейчыка вінаватым па народным артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу і прызначыў яму тры гады хатняй хіміі.
Праз год пазбавілі звання
Але прысудам гісторыя не скончылася. У лістападзе 2024 года прозвішча Майсейчыка з’явілася ва ўказе Лукашэнкі аб пазбаўленні былых сілавікоў воінскіх і спецыяльных званняў.
Улады заявілі, што людзі са спіса ў 2020 годзе здзейснілі дзеянні, «несумяшчальныя са статусам вайскоўца». Генадзя Майсейчыка пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
Каментары
[Зрэдагавана]