Грамадства66

У Магілёве з'явіўся «мост імя Героя Савецкага Саюза М.І. Яшына». Назва тройчы парушае заканадаўства

Гарадскія ўлады Магілёва прысвоілі галоўнай пераправе цераз Дняпро імя савецкага разведчыка. Новы тапонім не толькі замацоўвае старую гістарычную памылку, але і наўпрост ігнаруе дзейныя законы. 

Мост з ільвамі звязвае гістарычны цэнтр Магілёва з Задняпроўем, якое раней было самастойным мястэчкам пад назвай Лупалава. Фота: Наша Ніва

Афіцыйны канал Магілёўскага гарвыканкама паведаміў, што камісія па тапаніміцы прыняла канчатковае рашэнне прысвоіць мосту па праспекце Пушкіна грувасткую назву «мост імя Героя Савецкага Саюза М.І. Яшына». Паводле заяў чыноўнікаў, большасць гараджан нібыта прагаласавала «за», нягледзячы на гістарычную неадпаведнасць назвы.

Актывісты звяртаюць увагу на тое, што назва з'яўляецца прыкладам юрыдычнага нігілізму, бо ігнаруе адразу тры пункты патрабаванняў па найменні элементаў вулічна-дарожнай сеткі. Яны былі зацверджаныя пастановай Дзяржаўнага камітэта па маёмасці яшчэ ў 2008 годзе.

Разбураны Дняпроўскі мост у час вайны. Фота: masheka.by

Па-першае, пастанова забараняе прысвойваць элементам вулічна-дарожнай сеткі назвы, складаныя для ўспрымання, якія змяшчаюць шматслоўныя спалучэнні. Канструкцыя з сямі слоў, якой магілёўскі чыноўнікі назвалі Дняпроўскі мост — гэта тапанімічны кашмар.

Па-другое, дакумент не дапускае выкарыстання ў сучасных назвах архаічныя ўстаўкі «імя» ці «ім.». Тапонім мусіць складацца толькі з катэгорыі аб'екта і яго ўласнага наймення.

І нарэшце, нарматыўны акт катэгарычна выключае выкарыстанне ініцыялаў. Норма патрабуе ўказваць альбо поўнае імя і прозвішча, альбо толькі прозвішча гістарычнай асобы.

Пазбяганне ініцыялаў у назвах — з'ява абсалютна аргументаваная, бо толькі адзінкі гараджан ведаюць іх дакладную расшыфроўку. Улічваючы моўныя асаблівасці, калі ў беларускай і рускай мовах адно і тое ж імя можа пачынацца на розныя літары (Мікалай — Николай), або на адну і тую ж (Нічыпар — Никифор), а за аднымі і тымі ж ініцыяламі могуць хавацца некалькі розных імён, спроба разгадаць асобу, у гонар якой чыноўнікі далі назву, ператвараецца ў сапраўдны тапанімічны квэст.

Геаграфічная нестыкоўка

Акрамя юрыдычных нюансаў, грувасткая назва афіцыйна замацоўвае даўнюю геаграфічную памылку, пра якую мы ўжо падрабязна пісалі раней. Старшы лейтэнант Мікалай Яшын сапраўды аддаў жыццё пры вызваленні горада ад немцаў, але да цэнтральнага Дняпроўскага моста ён не меў ніякага дачынення.

Схема падзей, звязаных з вызваленнем Магілёва. Карта: Наша Ніва

У канцы чэрвеня 1944 года цэнтральны мост быў цалкам разбураны. Узвод разведчыкаў Яшына фарсіраваў раку значна вышэй па цячэнні, у раёне чыгуначнага моста і вёскі Палавінны Лог, у раёне якой і адбыўся яго апошні бой. Прывязка прозвішча разведчыка да галоўнай пераправы горада ўзнікла толькі ў 1964 годзе. Тады ўлады проста павесілі мемарыяльную дошку ў самым прыстойным месцы, якое звязвае цэнтр горада з Задняпроўем — на новым бетонным мосце, які пабудавалі за пяць гадоў да таго.

Гісторыя пераправы ў гэтым месцы, якая ў выглядзе моста існуе з 1860 года, магла б падказаць больш дакладны тапонім. Але ў выніку з'явілася грувасткая назва на ўзор тых, што з'яўляліся ў перыяд савецкага застою, якая ігнаруе як рэальную геаграфію падзей, так і беларускія законы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Руслан
    12.03.2026
    Чиновники могилёвской администрации зарабатывают рейтинговые очки перед своим будущим (как они считают) московским начальством.
  • Ага
    12.03.2026
    Часам не да законаў жа. Нават сваіх.
  • Саламон
    12.03.2026
    Звычайна масты і тунэлі называюць у гонар асобаў, датычных да іх пабудавання - архітэктараў, інжэнераў, каралёў, князёў, высокіх чыноўнікаў, спонсараў альбо імём лакацыі, дзе тый мост знаходіцца. Каб карыстальнік пуцепровада альбо разумеў, дзе прыкладна ён знаходзіцца, альбо быў удзячны камусці канкрэтнаму за магчымасць скараціць свой шлях перад перашкодай. Ляпіць у кожную дзірку прозвішчы удзельнікаў вайны, якая вельмі слаба звязаная з незалежнасцю Беларусі - даволі сумнеўная практыка.

Цяпер чытаюць

20‑гадовую дзяўчыну з аграгарадка Макраны на мяжы з Украінай асудзілі за Гаюна5

20‑гадовую дзяўчыну з аграгарадка Макраны на мяжы з Украінай асудзілі за Гаюна

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі ў турме памёр беларускі злачынца, якому ў свой час прысудзілі расстрэл

З Мінска на пляж — усяго за 7 хвілін. Як мінчукі ляталі на Мінскае мора самалётамі2

Палова Беларусі зарабляе менш за 1990 рублёў, палова — больш за 1990 рублёў6

24‑гадовага медыка з Асіповіч асудзілі за палітыку3

Фестываль Tutaka пачаўся на польска-беларускім памежжы7

«Сапраўдны цуд лёсу»: неверагодная гісторыя першай сустрэчы Ліянеля Месі і Ламіна Ямаля5

«Мастак расійскага паходжання з маленькай вёскі Віцебск». У Рэймскім саборы пра Марка Шагала пішуць нісянеціцу34

Аператара тэлесуфлёра абвінавацілі ў выйгрышы каля 100 тысяч даляраў на стаўках на змест прамоў Трампа

Чаму футбалісты ўсё часцей выходзяць на поле ў «спартыўных бюстгальтарах»?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

20‑гадовую дзяўчыну з аграгарадка Макраны на мяжы з Украінай асудзілі за Гаюна5

20‑гадовую дзяўчыну з аграгарадка Макраны на мяжы з Украінай асудзілі за Гаюна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць