Грамадства3131

«Фемінізм у маім выпадку перамог». Вераніка Станкевіч — пра дапамогу палітвязням у «Вольных» і планы на вяселле з Івуліным

Вераніка Станкевіч да 2020 года знаходзілася ў ліку апалітычных беларусаў, а потым закруцілася — «Сумленныя людзі», Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне, а цяпер і дапамога былым палітвязням у ініцыятыве «Вольныя». Паразмаўлялі з ёй пра грошы ў НДА, кейс Стрыжака, хуткае вяселле з Аляксандрам Івуліным, тэатральнае баранавіцкае мінулае, факультэт журналістыкі і валанцёрства.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Я больш за пяць гадоў не магу вярнуцца ці проста з’ездзіць дадому, а дадаткова атрымліваю новую крыміналку ў плечы»

«Наша Ніва»: Ініцыятыву «Вольныя», у якой ты займаеш пасаду каардынатаркі, нядаўна прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Не тое, што гэта нешта ўнікальнае для сённяшніх часоў ды і для цябе персанальна, але ці адчула ты ў сувязі з гэтым новыя эмоцыі?

Вераніка Станкевіч: Мы разумелі, што нас прызнаюць «экстрэмістамі» рана ці позна (мы і так доўга пратрымаліся ў нейкім больш-менш нейтральным статусе, бяспечным для нашых бенефіцыяраў). Пры гэтым усе вакол нас — праваабаронцы, гуманітарныя ініцыятывы, нашы партнёры — прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, а хтосьці — нават тэрарыстычнымі арганізацыямі. Мы працуем у такім сектары, дзе любая салідарнасць і дапамога робяцца падставай для крымінальнага пераследу. Карацей, мы былі гатовыя, у нас былі распрацаваныя новыя пратаколы бяспекі.

Што тычыцца мяне асабіста, то мне гэта ўсё непрыемна. Я не лічу і ніколі не лічыла, што гэта прычына кагосьці павіншаваць, што гэта нейкае «прызнанне», як некаторыя гэта пазіцыянуюць. Я для сваёй краіны дакладна нічога дрэннага не зрабіла. Усё, што я рабіла, было толькі на карысць людзей, грамадзянскай супольнасці і агулам краіны. Але нашай краіне гэта не трэба. І такім чынам ідзе нібыта адрынанне цябе ад тваёй уласнай краіны, дзе ты нарадзіўся і вырас.

Краіна паказвае, што ты тут лішні — я больш за пяць гадоў не магу вярнуцца ці проста з’ездзіць дадому, а дадаткова атрымліваю новую крыміналку ў плечы. Гэта сумна і крыўдна. Але гэта не значыць, што трэба спыняць дзейнасць. 

«НН»: Што для вас змянілася? Пайшлі адпіскі, ці, можа, нехта адразу спыніў супрацу з «Вольнымі»?

ВС: Не, у гэтым плане нічога глабальна не змянілася. Не было вострай рэакцыі, каб нехта сышоў з каманды. Мы проста зрабілі дадатковыя захады, каб папярэдзіць валанцёраў і бенефіцыяраў. Ну, і з камандай важна ўсё прагаварыць, правесці інструктаж — у нас даволі шмат чальцоў запісалі ў крымінальную справу (але ў нас і шмат было публічных прадстаўнікоў). 

Мой асабісты інстаграм месяцаў пяць таму прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І шмат знаёмых з Беларусі напісалі: «Прыйдзецца адпісацца, вельмі шкада». Гэта больш сумная рэч, бо такім чынам абрываюцца сувязі з тымі, хто застаўся ў краіне. Губляецца апошняя нітачка з чалавекам, з якім вам было прыемна назіраць адзін за адным.

Па заяўках жа на валанцёрства ці па данатах мы яшчэ не можам адсачыць дынаміку, прайшло мала часу. Але я не думаю, што нешта моцна зменіцца. У нас няма антыкрызіснага плану дзеянняў, бо гэта не крызіс, а новая дадзенасць.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Вы будзеце працягваць дапамагаць палітвязням унутры Беларусі? І калі так, то якім чынам?

ВС: Гэта вельмі чуллівая тэма. І проста скажу, што пытанне бяспекі застаецца для нас прыярытэтам.

«НН»: Саша Івулін неяк жартаваў, што ў вашым доме толькі сабака не мае экстрэмісцкага статусу — лічылі, колькі на дваіх у вас такога «дабра»?

ВС: Мы адмыслова не лічылі, але, напэўна, больш за дзесяць набярэцца. Сашу прызнавалі экстрэмістам як фізасобу плюс яго праекты і сацсеткі. У мяне таксама мае старонкі і іншыя ініцыятывы, у якіх я раней працавала. Але мы не лічым гэтыя статусы афіцыйнымі і легальнымі, яны не характарызуюць нас як работнікаў ці актывістаў, таму і не хочацца на іх канцэнтравацца.

Праўда, мы шмат рэфлексуем наконт таго, як так здарылася, як грамадства апынулася ў гэтым пункце, што маладых, актыўных рабят масава прызнаюць «экстрэмістамі». І пра тое, як з гэтым працаваць, як захаваць кантакты ўнутры краіны, як увогуле захаваць сябе ўнутры як беларуса. 

Сабака Веранікі і Сашы па мянушцы Падзінгтан

«НН»: Колькі сёння людзей у вашай камандзе і каго (ці чаго) не хапае найбольш?

ВС: У нас зараз працуе 12 чалавек. Але гэтая лічба мала што кажа. Больш раскажа тое, што з намі супрацоўнічае каля 130 валанцёраў-ментараў. Гэта вялікае кам’юніці, якое мы карпатліва стваралі. Плюс асобна задзейнічаныя каля 50 валанцёраў на разавыя задачы (напрыклад, забраць чалавека на машыне і адвезці да доктара ці дапамагчы запоўніць дакументы).

У суме 200 чалавек даверыліся нам і вырашылі, што будуць дапамагаць менавіта праз «Вольных».

Каго не хапае? Заўсёды не хапае валанцёраў. Калі ў снежні вызвалілася 123 чалавекі, нашы валанцёры былі аднымі з тых, хто падхапіў іх сустрэчу, а нашы ментары працавалі з нагрузкай па 4‑5 чалавек на аднаго, хаця першапачаткова мы ўвялі правіла: адзін валанцёр дапамагае аднаму падапечнаму. Прыйшлося парушыць яго, каб не выбіраць: гэтым мы вось дапаможам, а іншым не.

«НН»: Навошта табе гэта ўсё асабіста? Грошы ў НДА не тое што вялікія і стабільныя, а ў цябе багаты досвед працы ў сферы піяру, дзе з фінансамі лепш. Тым больш, ты сама неяк пісала: «часам хочацца кінуць усё і пайсці жыць жыццё».

ВС: Гэта экзістэнцыйнае пытанне, якое я сабе, шчыра кажучы, сама задаю ў асабліва складаныя і нярвовыя моманты. Але, калі пераходзіць на больш спакойны, роўны тон без эмоцый, мне проста падабаецца тое, чым я займаюся.

Мой досвед у НДА пачаўся не з праваабароны — я працавала ў НАУ з Паўлам Латушкам, а пасля ў «Сумленных людзях». Паспрабаваўшы гэта ўсё, я зразумела, што дапамога людзям — гэта тое, што дае мне рэсурс. Пры гэтым важна, што ў мяне няма пазіцыі ахвяры, што, «калі я ўсіх не выратую, яны будуць жыць пад мостам». Я адчуваю, што я на сваім месцы і што магу яшчэ нешта даць гэтаму сектару.

Зразумела, што ў бізнэсе ці міжнародных арганізацыях гэта было б у два-тры разы больш па грошах. Але тую частку грошай, якую я не дазарабляю ў НДА, я лічу сваімі валанцёрскімі гадзінамі, якія я гатовая выдаткоўваць тут і цяпер на дапамогу беларусам і заадно атрымліваць класны досвед, знаёмствы і кантакты.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Ці задумвалася ты: а што, калі рэзка скончыцца фінансаванне, куды далей?

ВС: У нас ужо былі выпадкі, калі мы па 3‑4 месяцы працавалі бясплатна. Але мы заўсёды стараемся загадзя зразумець рызыкі і знізіць іх. У нас ніводзін супрацоўнік не працуе на full-time загрузку. Усе занятыя недзе яшчэ: бізнэс, іншыя НДА і праекты. Гэта наша правіла — каб чалавек не застаўся зусім на нулі, калі ў нас скончацца грошы. Дадаткова гэта засцерагае ад выгарання. Тэматыка ў нас усё ж складаная, і, калі быць заглыбленым у яе на 100%, праз год-паўтара нават псіхолаг не дапаможа.

Калі мы разумеем, што грошай праз тры месяцы не будзе, кожны вырашае сам: застацца валанцёрам ці спыніць супрацоўніцтва. Тады мы шчыра агучваем на публіку, што пэўны кірунак у нас пакуль прыпыняецца.

«НН»: На колькі месяцаў працы наперад вам хапае сёння?

ВС: На сёння мы існуем у сітуацыі невялікага крызісу, бо можам толькі часткова забяспечваць заробкі супрацоўнікаў унутры «Вольных». Пры гэтым мы пастаянна шукаем дадатковую падтрымку не толькі ў выглядзе грантаў — бізнэсы, партнёрства, данаты і гэтак далей.

5‑6 месяцаў мы дакладна яшчэ прастаім на нагах, і для НДА гэта вельмі добры паказчык.

Вы можаце падтрымаць дзейнасць «Вольных» данатам, калі для вас гэта бяспечна 

«НН»: Датычна рэсурсаў. Пасля выключэння «Байсол» з Міжнароднага гуманітарнага фонду і спынення іх супрацы з «Байхэлп» — ці не было магчымасці пераразмеркавання сродкаў у тым ліку на вашу карысць?

ВС: Тут трэба разумець, як гэта працуе. У любой краіны ёсць гуманітарны бюджэт, яны пералічваюць гэтыя грошы ў МГФ, і далей грошы размяркоўваюцца паміж рознымі арганізацыямі, а тыя, у сваю чаргу, выплачваюць іх бенефіцыярам. У гуманітарным фондзе практычна няма адміністрацыйнага рэсурсу — то-бок мы не можам атрымаць адтуль заробак. Гэта адна з умоваў, на якой базуецца фонд. Мы можам толькі ўзяць адтуль грошы на выплаты канкрэтным фізічным асобам, калі ў нас ёсць рэсурс гэтым займацца і пасля адсправаздачыцца.

Калі з МГФ сышлі «Байхэлп» і «Байсол», «іх» грошы сталі браць іншыя арганізацыі, у тым ліку «гасцявыя», якія проста падаюць заяўку, забіраюць грошы, размяркоўваюць бенефіцыярам і падаюць справаздачу Нарвежскаму хельсінскаму камітэту, але яны не маюць права голасу. Карацей, пасля сыходу «Байхэлп» і «Байсол» для нас нічога не змянілася — проста, умоўна, у нейкі месяц з фонду на квартал выдзелілі 600 тысяч еўра, а ў наступным месяцы — 300. Але прыйшлі гасцявыя арганізацыі і забралі сабе яшчэ на такую ж суму. 

Калі зайсці на сайт МГФ і паглядзець справаздачу за чацвёрты квартал 2025 года, можна ўбачыць, што сума размеркаваных сродкаў прыкладна такая ж, якой была раней. Больш за тое, «Байсол» з'яўляецца гасцявой арганізацыяй у тым ліку. То-бок ранейшая сума цяпер па факце дзеліцца на большую колькасць гульцоў і арганізацый у сектары.

«НН»: Але для вас не з’явілася магчымасці, напрыклад, прасіць большы аб’ём дапамогі на палітвязняў?

ВС: А так нельга. Гэта якраз адно з абмежаванняў МГФ: мы не можам за кошт іх грошай пашыраць дзейныя праграмы. Мы павінны выкарыстоўваць фінансаванне толькі на існуючыя праграмы.

У нашым выпадку мы пакрываем тое, што не могуць пакрыць іншыя арганізацыі. Мы з’яўляемся як бы дадатковай дапамогай, калі ў партнёраў ліміты вычарпаныя. Што мы можам? Заплаціць за побытавыя расходы — на посуд, бялізну. Мы можам даплаціць за медыцынскую дапамогу, калі чалавек па сваёй медпраграме, умоўна, паставіў амаль усе зубы, але яшчэ на тры не хапіла. І мы працавалі па такой самай схеме яшчэ да прыходу ў МГФ.

Адзінае, што мы можам — павышаць колькасць бенефіцыяраў, але не суму выплаты ім. Праграма змяніцца ў працэсе не можа.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Колькі б улады ў цябе ні было, ты мусіш падпарадкавацца рашэнню грамадства»

«НН»: Калі мы ўжо згадалі «Байсол», як табе кейс Андрэя Стрыжака і тое, як ён развіўся па выніку?

ВС: Я тут, напэўна, скажу не як кіраўніца НДА і чалавек з сектара, а як піяршчыца. Дык вось з пункту гледжання піяру — гэта дрэнны кейс для кам'юніці. Ён мог быць добрым роўна да кропкі, калі камісія прыняла рашэнне, што Андрэй павінен сысці, і ён з гэтым рашэннем згодны і сыходзіць сапраўды, знікаючы з публічнага поля хаця б на час, каб даць магчымасць супольнасці ўсё гэта пераварыць. Тады б, думаю, і выключэння «Байсол» з МГФ не здарылася.

І калі б Андрэй вярнуўся праз нейкі перыяд у фармаце «я ўсё зразумеў, вінаваты, але прыміце мяне назад», я не думаю, што было б шмат людзей, хто быў бы радыкальна супраць. А сітуацыя, калі камісія сказала сысці, але ён «перадумаў, бо ён галоўны, а ваша рашэнне рэкамендацыйнае»…

Пазітыўны публічны кейс для нашай супольнасці, у якім мы прызнаем свае памылкі і разам іх вырашаем, не здарыўся, і гэта вельмі сумна. Колькі б улады ў цябе ні было, ты мусіш падпарадкавацца рашэнню грамадства.

«НН»: Колькім людзям «Вольныя» паспелі дапамагчы за час свайго існавання?

ВС: Важна разумець, што наша праца — гэта не пра выплату грошай. Фінансавая дапамога — гэта дадатковы інструмент, які мы можам выкарыстоўваць, але наша асноўная мэта — дапамога ў рэсацыялізацыі, у адаптацыі, дзе б чалавек ні знаходзіўся. На сёння мы дапамаглі больш за 500 людзям (для кагосьці гэта была ментарская праграма, для іншага — падтрымка ў выглядзе кансультацый, для трэцяга — фінансавая выплата).

Гэта тая лічба, якую хочацца назваць, калі мы кажам пра нейкую статыстыку, таму што часта людзі факусуюцца толькі на аб’ёме выплат. А потым яшчэ бяруць тую лічбу і дзеляць на колькасць людзей. Але мы не ў сацыялізме працуем, мы глядзім на кожны кейс асобна. То-бок у нас розныя лічбы па выплатах.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Ёсць нейкі кейс, якім ты персанальна ганарышся? Тыпу: «ну, ваў, гэта наш выпускнік!»

ВС: Так, прычым гэта звязана з маім падапечным Дзмітрыем Анісімавым. Калі мы толькі пачыналі нашу ініцыятыву, то ўсёй камандай узялі сабе па адным падапечным, каб прайсці з імі ўвесь шлях дапамогі і пабачыць «унутранку».

Карацей, ён дызайнер, і яму заўсёды падабалася ствараць менавіта афішы і плакаты. Але ў Беларусі гэта проста жудасна не развіта. У нас жа ўсё трэба чысценька, акуратненька, з узгадненнем розных структур. І ён, канечне, такі прафесійны крызіс перажываў.

А потым здарыўся 2020 год, СІЗА, турма, ён выехаў за мяжу і трапіў у Польшчу. А тут вельмі любяць плакаты! У Варшаве нават ёсць музей плакатаў.

І канечне, лепш бы з ім нічога гэтага не здарылася, ён бы не перажываў палітычнае зняволенне, але так выйшла, што дзякуючы дрэнным падзеям ён трапіў у асяроддзе, дзе можа сябе нарэшце праяўляць і рэалізоўвацца як крэатар і дызайнер. Я вельмі радуюся, калі ў людзей атрымліваецца дастаць сябе з негатыву і перавярнуць сітуацыю на сваю карысць.

У некалькіх нашых падапечных атрымалася падобным чынам. Яшчэ адзін былы зняволены, напрыклад, булкі навучыўся ў эміграцыі пячы — займаецца гэтым і кайфуе.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Абодва разы галасавала за жанчыну»

«НН»: Я правільна разумею, што да 2020‑га ты была зусім апалітычнай?

ВС: Гэта праўда, але я заўсёды адсочвала галоўныя навіны і галасавала — мне было важна праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю на выбарах. У сілу ўзросту я схадзіла на іх два разы, і абодва галасавала за жанчыну: першы раз — за Таццяну Караткевіч, другі — за Святлану Ціханоўскую. Фемінізм у маім выпадку перамог, атрымліваецца.

«НН»: Што змянілася ў 2020‑м і ў які дзень?

ВС: У дзень, калі я разам з ужо былым партнёрам вырашыла, што пайду лічыць галасы ад «Сумленных людзей» у Мінску. Гэта стала маім адпраўным пунктам.

«НН»: Закруцілася так, што ты нават звольнілася з рэкламнага агенцтва, каб быць больш актыўнай палітычна?

ВС: Я звольнілася раней: здаецца, за месяцы 4‑5 да ўсёй пратэснай актыўнасці. Проста моцна павыгарала. Рэклама мяне неяк трошкі патрапала: я працавала ж не толькі ў Беларусі, а яшчэ ў Казахстане жыла два гады па працы, потым — ва Украіне. У мяне была магчымасць зазямліцца на 3‑4 месяцы і нічога не рабіць, браць выключна нейкія разавыя праекты. Гэта ўсё супала з выбарамі, таму ў мяне і была магчымасць прысвяціць сябе валанцёрству.

Спачатку валанцёрыла ў «Сумленных людзях». Потым далучылася да піяр-службы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Але неўзабаве на Паўла Латушку завялі крымінальную справу, і было ясна, што астатняя частка каманды — наступныя ў чарзе. Тым больш мы тады не хаваліся, не ананімізаваліся. І мы паўсталі перад выбарам: ці сканчваць супрацоўніцтва з НАУ, ці з’язджаць і працягваць у эміграцыі. Так у снежні 2020 года нам давялося пакінуць Беларусь. Праўда, з’язджалі мы «ўсяго на тры месяцы», а вось ужо пяты год у Варшаве.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«У маёй сям’і захоўваюць нейтралітэт»

«НН»: З улікам тваёй падвышанай наэкстрэмізаванасці ў цябе ўсё добра са стасункамі са сваякамі?

ВС: У маёй сям'і не было нейкіх палітычных расколаў. Хутчэй, яны проста захоўваюць нейтралітэт.

«НН»: Твае бацькі — тэхнары, а ты абрала факультэт журналістыкі, чаму?

ВС: Мая маці, дарэчы, заўсёды хацела, каб я стала настаўніцай англійскай мовы (на сёння, гэта, думаю, больш бы дапамагала).

Чаму пайшла на журфак? У мяне былі вельмі добрыя адносіны з настаўніцай рускай мовы і літаратуры, мне даваліся сачыненні, і журфак быў яе ідэяй — каб я паглядзела ў гэты бок. Сама ж я першапачаткова думала пра рэжысуру тэатра і кіно — я займалася народным танцам, усё юнацтва грала ў аматарскім тэатры ў Баранавічах.

Нават калі ўжо паступіла ў БДУ, ездзіла туды на рэпетыцыі і выступы (тэатр быў вельмі запатрабаваным). Ён жа шмат у чым выбудаваў мяне як асобу, дапамог раскрыцца і менш саромецца, імкнуцца да большага. Але наконт кінатэатральных планаў маці зусім была не ў захапленні, а вось з журфакам мяне падтрымалі. Я паступіла на спецыяльнасць «радыё і тэлебачанне».

«НН»: Магла б зараз рабіць рэпартажы на СТБ…

ВС: Гэта так (пасміхаецца). Галоўнае, што мне даў журфак — гэта кам’юніці, усе мае самыя блізкія сябры — гэта амаль усё журфак. А вось у прафесійным плане я яшчэ на другім курсе асэнсавала, што не вельмі ўсё ж хачу быць журналістам. Я схадзіла на практыку на АНТ, потым на рэгіянальны тэлеканал у Гродне, і зразумела, што нешта гэта зусім не мой вайб.

Тады яшчэ гуляліся ў дэмакратыю, але ўсё роўна праскоквала «а вось пра гэта давайце не казаць, а пра гэта не пісаць». На трэцім курсе я ўжо вучылася на завочцы і пайшла працаваць у рэкламу. Размеркаванне ж мне не пагражала, бо я была платніцай.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Калі мы прымалі рашэнне, ці робімся парай, вельмі хваляваліся»

«НН»: Не так даўно Саша Івулін зрабіў табе прапанову рукі і сэрца, пры гэтым вы блізка сябруеце ўжо 12 гадоў. Можна падумаць, што ваша пара наспявала даўно, але нешта пастаянна не спрацоўвала. Ты прайшла праз шлюб, развод і яшчэ адны сур’ёзныя стасункі, а ўсё закруцілася ўжо пасля Сашавага вызвалення з турмы, у эміграцыі.

ВС: Мы рэальна заўсёды проста сябравалі. І калі паглядзець, то ў нас з усімі сябрамі вельмі цёплыя адносіны. З Сашам было гэтак жа. І пазнаёміліся мы з ім на студсаюзаўскіх актыўнасцях, калі я ўжо была ў стасунках з хлопцам, за якога пасля выйшла замуж.

«НН»: Ніхто з вас вымушана не хаваў ад іншага нешта большае, чым сяброўства?

ВС: Саша кажа, што, магчыма, нешта такое было раней, але, на мой погляд, ён перабольшвае. Усё прыйшло тады, калі мусіла. Бо, калі шчыра, да 2020-га, Сашавай пасадкі, да ўсіх звязаных з намі падзей мы былі зусім іншымі. І няма гарантыі, што мы б сышліся.

Калі мы прымалі рашэнне, ці робімся парай, мы вельмі хваляваліся, таму што ў нас агульнае кам'юніці, і калі б нешта пайшло не так, гэта паўплывала б на ўсіх. То-бок мы як бы прымалі рашэнне не толькі за сябе, але і за тых, хто побач. У эміграцыі ж свае людзі на вагу золата.

«НН»: Прапанову Саша зрабіў у фармаце прэзентацыі навуковай працы — ты адразу здагадалася, да чаго ён вядзе?

ВС: Напачатку, напэўна, не разумела. Гэта было святкаванне нашай гадавіны — трох гадоў, як мы сустракаемся, і я падумала, што ён хоча зрабіць мне нейкі сюрпрыз, хаця мы дамовіліся, што падарункі дарыць адно аднаму не будзем.

Але пад канец я ўжо стала асэнсоўваць, што нешта дзіўнае адбываецца, бо бачыла, як моцна Саша хвалюецца. А ён не той чалавек, які перажывае на публічных выступах.

«НН»: Як яно ўвогуле — сустракацца з мужчынам, які стаў самым сэксуальным мужчынам Беларусі-2022 і каму ў СІЗА 9 з 10 лістоў прыходзіла ад дзяўчат? Ёсць нагоды для рэўнасці?

ВС: Я вельмі спакойная ў гэтым плане. Я давяраю людзям, асабліва сваім блізкім. І я добра ведаю Сашу (гэта, дарэчы, бонус працяглага сяброўства) — ён яшчэ больш прынцыповы, чым я. У яго існуюць свае вызначаныя рамкі, якія ён выразна выбудоўвае.

Вераніка Станкевіч. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Чакаецца вяселле з размахам?

ВС: Дакладна не. Усё ж мы два НДАшнікі ў эміграцыі, у нас няма такой фінансавай магчымасці. Таму замкаў і басейнаў не будзе, прапагандысцкі сюжэт не атрымаецца. Але мы дакладна адсвяткуем вяселле, усё ж не так шмат ёсць добрых нагод сабраць блізкіх у адным месцы.

Гэта дакладна будзе ўжо ў наступным годзе, каб мы паспелі вырашыць бюракратычныя складанасці для таго, каб распісацца ў Польшчы. І гэта будзе ў цесным коле самых блізкіх. А то нас ужо вельмі шмат людзей спытала пра тое, «калі вяселле». У тым ліку Святлана Ціханоўская (пасміхаецца).

Каментары31

  • Indrid Cold
    26.04.2026
    Говори правду, вызвалення палітзняволеных, спынення рэпрэсіяў і вяртання Беларусі да цывілізацыі.
    А чаго дабіваюцца Лукашысты?
  • Пабалбочам
    26.04.2026
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]
  • Говори правду
    26.04.2026
    Indrid Cold,
    В Беларуси нет политзаключенных. Все заключенные- уголовники. И в какую цивилизацию они хотят вернуть Беларусь? В цивилизацию Эпштейна? Не, мы чистые, благоразумные люди. Нам не нужен бандитизм и наркоманы на улицах- мы за порядок.

Цяпер чытаюць

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома1

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Расія атакуе Чорнае мора, пад ударам украінскія парты і судны. Наколькі гэта крытычна?1

На галасаванне выставілі 10 варыянтаў дызайну новых еўрабанкнот3

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках4

Случ у Слуцку так зарасла, што плыні месцамі ўжо амаль і не відаць

Літоўская сям'я пайшла ў грыбы і сустрэла ў лесе страуса16

У Мінску затрымалі расійскага арганізатара буйной махлярскай схемы з «папяровым ПДВ». Што за яна?1

Наваполацкі макрушнік палічыў, што калі Расія плаціць за забойствы ўкраінцаў, то трэба наймацца. Але прагадаў8

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады26

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома1

Адзін з загінулых сёння вайскоўцаў — 26‑гадовы мінчук Кірыл. Што пра яго вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць