Баскетбаліст зборнай Беларусі сп'яну пабіўся ў Расіі з сямейнай парай, якая яго падвозіла. Скончылася крыміналкай
Спачатку Андрэю Стаброўскаму прысудзілі 2 гады калоніі, але ён здолеў даказаць, што ўдар кулаком у твар жанчыны і яе падзенне галавой у асфальт не надта звязаныя.

Беларускі баскетбаліст Андрэй Стаброўскі ўляпаўся ў Расіі ў непрыгожую гісторыю. Яна адбылася ў 2023-2024, але вядома пра яе стала толькі цяпер.
Андрэй Стаброўскі — вядомы беларускі баскетбаліст. Ён нарадзіўся ў Оршы ў 1997 годзе. У 2014 па 2023 год быў у сістэме мінскіх «Цмокаў» (перайменаваныя ў «Мінск» у 2022). У 2019—2022 гадах Стаброўскі гуляў і за зборную Беларусі.
У студзені 2023 года беларус падпісаў кантракт з клубам «Русічы» з расійскага Курска. Але ўжо неўзабаве ўсё паляцела пад адхон.
4 лютага 2023 года, прыкладна а 5:20 раніцы, п'яны спартовец трапіў у канфлікт каля гандлёвага цэнтра ў Курску. Незнаёмыя Стаброўскаму муж і жонка прапанавалі падкінуць яго на машыне.
Па дарозе Стаброўскі і мужчына-кіроўца паспрачаліся наконт таго, дзе трэба спыніць машыну. Хутчэй за ўсё, дайшло да рукапашнай — бо жанчына паспрабавала расцягнуць удзельнікаў канфлікту.
І тут беларускі баскетбаліст нанёс ёй удар кулаком у твар. Жанчына страціла раўнавагу, упала на спіну, ударылася патыліцай аб асфальт і атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму (пералом патыліцавай косткі). Пашкоджанне палічылі цяжкай шкодай здароўю, небяспечнай для жыцця.

Андрэй Стаброўскі. Фота: minskbasket.by
Невядома, ці Стаброўскі падчас следства сядзеў у СІЗА, але на суд ён прыйшоў з-пад хатняга арышту. 13 снежня 2023 года Ленінскі раённы суд Курска прызнаў баскетбаліста вінаватым паводле ч. 1 ст. 111 КК РФ (наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю) і прызначыў 2 гады калоніі. Тады беларуса ўзялі пад варту.
Спартсмен і яго абаронцы аспрэчылі прысуд — яны настойвалі, што ўдар быў інстынктыўным і неасцярожным, а цяжкая траўма галавы ўзнікла не непасрэдна ад удару, а ад падзення і ўдару аб асфальт.
І Курскі абласны суд паверыў Стаброўскаму. На апеляцыйным пасяджэнні суддзя пагадзіўся, што прамых доказаў намеру прычыніць менавіта цяжкую шкоду здароўю ў справе не было, канфлікт узнік не з пацярпелай, а з яе мужам, удар быў адзінкавы і сам сабою прычыніў толькі лёгкую шкоду. У выніку абвінавачванне перакваліфікавалі на прычыненне цяжкай шкоды здароўю па неасцярожнасці — ч. 1 ст. 118 КК РФ.
З улікам таго, што ў Стаброўскага раней не было судзімасцяў, беларускі баскетбольны клуб «Мінск-2006» і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі далі яму пазітыўныя характарыстыкі, а ён сам памірыўся з пацярпелай і заплаціў ёй каля $10 тысяч кампенсацыі, прысуд быў даволі лагодны — штраф памерам каля $800.
Стаброўскага вызвалілі ў зале суда. Пасля вызвалення спартсмен вярнуўся ў Беларусь, а ў ліпені 2024 года зноў далучыўся да БК «Мінск», за які выступае і цяпер.
Каментары