Літаратура44

Не абкрадайце Караткевіча!

Выйшаў з друку першы том 25-тамовага Збору твораў пісьменніка.

Свабоды і гадоў шэсьцьдзесят жыцьця прасіў у лёсу малады Уладзімір Караткевіч. Узамен абяцаўся напісаць сто тамоў, дадаючы ў дужках — пры штодзённай катаржнай працы.
Лёс паскупіўся і пашкадаваў просьбіту цэлых шэсць гадоў. На што іх пісьменнік патраціў бы? На стварэнне гісторыі беларускай літаратуры? На напісанне вясёлай кнігі «Парнас дыбкі»? На кнігу публіцыстыкі «Вы, беларусы»? А мо на серыю гістарычных раманаў «Век», якая якраз і павінна была складацца з шасці тамоў — па адным томе на год? Магчыма, і на гэта. Бо ўсё пералічанае ўваходзіла ў план задумаў Караткевіча, якіх было так многа, што ён жартам прапаноўваў іх у яго купляць.

Наўрад ці знайшоўся б пакупнік на гэткі спецыфічны тавар. Бо чаго вартыя былі самыя арыгінальныя задумы без караткевічаўскай неўтаймоўнай фантазіі, без яго вобразнай мовы, без усяго таго, што з аддалі часу звычайна абазначаецца адным словам — геній.

Геніяльнага Караткевіча няма з намі ўжо дваццаць восем гадоў, а мы яшчэ не прачыталі ўсіх ягоных твораў.

І каму тут выстаўляць рахунак? Затузанаму рознымі бязглуздымі рэарганізацыямі акадэмічнаму Інстытуту літаратуры? Караткевічаўскаму музэю ў Оршы, які, безумоўна, мусіў бы не толькі захоўваць мемарыяльныя набыткі, але і займацца даследчыцка-публікатарскай працай? Гэтак званым караткевічазнаўцам пры ўніверсітэцкіх кафедрах, якія паабаранялі кандыдацкія дысертацыі па творчасці пісьменніка, але ні разу не папрацавалі ў ягоным маладаследаваным архіве?

Маладаследаваным — бо аднаго нястомнага Анатоля Вераб’я ўсё ж недастаткова, каб апрацаваць увесь архіў, адначасова вышукваючы караткевічаўскія тэксты па прыватных зборах і збіраючы пісьменніцкі эпісталяр літаральна па ўсім свеце.
Патрэбныя галіновыя даследчыкі — найперш тэкстолагі, якія заняліся б параўнальным аналізам аўтографаў і апублікаваных за савецкім часам твораў, як тое зрабіў Глеб Лабадзенка з «Ладдзёй роспачы».

Мяркуючы па фальклоры, беларусы — ад прыроды талакоўцы. Адна пчала мёду не наносіць. Адна галавешка і ў печы не гарыць… Але насамрэч — яшчэ як гарыць і другія запальвае. Менавіта

дзякуючы таму самаму Анатолю Вераб’ю ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» сёлета пачаў выходзіць Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах.
Пасля папярэдняга васьмітомавіка дадалося тэкстаў адразу і ажно на 17 тамоў! Ведаю, колькі скептыкаў было ў гэтага праекту, але ён, нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перашкоды, усё ж ажыццяўляецца.

Прызнаюся, у першым томе, у які ўвайшлі вершаваныя творы за адно толькі дзесяцігодзьдзе (1950–1960), я адразу пачаў падлічваць колькасць упершыню апублікаваных тэкстаў. Іх аказалася больш за паўсотні.
Думаецца, і наступныя тамы таксама парадуюць нас першапублікацыямі. Што само па сабе сведчыць пра ўнікальнасць і беспрэцэдэнтнасць гэтага збору твораў у гісторыі айчыннага кнігавыдання.

Але я не пішу рэцэнзію на свежавыдрукаваны том. Проста

хочацца засцерагчы і выдавецтва, і ўкладальніка ад паўтарэння зробленай калісьці памылкі.
Яна мела месца, калі ў 1987–1991 гадах выдаваўся Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах. Тым больш, што выдавецтва і ўкладальнік абодвух збораў твораў — тыя самыя. І тут мне не абысціся безь невялічкага адступлення.

1968 год. У выдавецтве «Беларусь» рыхтуецца да друку паэтычны зборнік Рыгора Семашкевіча «Леснічоўка».

І раптам перад здачай рукапісу ў набор Галоўліт выяўляе ідэалагічную дыверсію — адзін з вершаў прысвечаны студэнту філфака БДУ (Семашкевіч там выкладаў), паэту-пачаткоўцу Алесю Разанаву, які незадоўга перад гэтым разам з Віктарам Ярцам і Лявонам Барташам разварушылі ўвесь філфак, сабраўшы подпісы за выкладанне ўсіх дысцыплінаў па-беларуску.
Зразумела, верш з прысвячэннем цэнзура зняла, а дырэктару выдавецтва наківалі пальцам за страчаную пільнасць.

Апёкшыся на малацэ, і на ваду дзьмухаць будзеш. Таму любыя прысвячэньні ў наступных кнігах разглядаліся ледзь не пад мікраскопам і пры найменшых сумненнях выдаляліся.

Асабліва не пашанцавала паэтычнаму зборніку Уладзіміра Караткевіча «Мая Іліяда» (1969). У ім было знята ажно дванаццаць прысвячэньняў тым сябрам паэта, якія з афіцыйнага гледзішча не выглядалі ідэйна беззаганнымі.
Пад рэдактарскую рэзекцыю трапілі наступныя вершы: «Дзядзькаў кубак» (з прысьвячэннем Васілю Сёмуху), «О любоў мая, Беларусь!» (прысвечаны Ларысе Геніюш), «Скарына пакідае радзіму» (прысвячэньне — Вячаславу Рагойшу), «Генуэская крэпасьць» (ахвяраваны Уладзіміру Дамашэвічу), «Энкелад» (меў прысвячэньне Валянціну Тарасу), «Баляда пра дзіка і чалавека» (тут падазрэнне выклікаў кінаапэратар Анатоль Забалоцкі, які пазней здымаў «Каліну чырвоную» В. Шукшына)…

За кожным са знятых прысвячэнняў — свая гісторыя, нейкія эпізоды сяброўства, якія павінны вывучацца біёграфамі Уладзіміра Караткевіча. Скажам, «Дзядзькаў кубак» на свет з’явіўся пасля таго, як Васіль Сёмуха разам з Караткевічам пражылі цэлы месяц у Рагачове — у дзядзькі пісьменніка Ігара Грынкевіча. За маладым перакладчыкам сцігавалі тады спецслужбы, і Уладзімір Сымонавіч своечасова прадаставіў свайму сябру «палітычны прытулак»
у зацішным гарадку на беразе Дняпра. Дарэчы, тады ж Васілём Сёмухам быў зроблены пераклад на расейскую мову рамана «Леаніды ня вернуцца на зямлю», які падчас генсакратарства «дарагога Леаніда Ільліча» палахлівымі рэдактарамі быў пераназваны ў «Нельга забыць». Але гэта — гісторыя асобная.

Прысвячэнне Ларысе Геніюш над вершам «О любоў мая, Беларусь!», так напалохала выдавецкага рэдактара Хведара Жычку, што ён увогуле выкінуў гэты кароценькі пяцірадковы твор з «Маёй Іліяды».

Ён быў апублікаваны толькі праз васямнаццаць гадоў у пасмяротнай кнізе Уладзіміра Караткевіча «Быў. Ёсьць. Буду».

Ці трэба казаць, у якім непрыемным становішчы апынуўся аўтар пасля выхаду «Маёй Іліяды». Па словах таго ж Васіля Сёмухі, ён на чым свет стаіць лаяў выдавецтва, абзвоньваў сяброў і прасіў у іх прабачэння.
Шляхотны, далікатны Уладзімір Караткевіч, які сваю сяброўскую вернасць засведчыў аўтографам на кнізе, падараванай Міколу Аўрамчыку: «… ад таго, хто ніколі не падводзіў сяброў і заўсёды ўмеў любіць іх».

Ці будзе нарэшце выкананая воля аўтара? Ці пабачым мы ў другім томе, які цяпер рыхтуецца да друку, дванаццаць караткевічаўскіх прысвячэнняў?
У «Мастацкай літаратуры» няпэўна паціскаюць плячыма. Аказваецца, галоўлітаўскія традыцыі дагэтуль жывуць, і сёння прысвячэнні нядобранадзейным асобам з тым самым імпэтам і запабяганьнем перад начальствам здымаюцца, а Міністэрства інфармацыі патрабуе на кожнага «прысвечанага» адмысловае дасье…

У папярэднім зборы твораў, папулярным васьмітомавіку (наклад — 60 000 асобнікаў!), прысвячэнні Ул. Караткевіча сябрам не замоўчаныя, але яны апынуліся ў каментарнай частцы. А месца іхняе — у асноўным тэксце. Захаваліся ж аўтографы пісьменніка — святая святых для любога публікатара.

Уявім сабе, што «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы друкуецца без знакамітага прысвячэння — «Леону Верту, калі ён быў маленькім»…
Альбо ўявім, як з «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага хтосьці задумаў прыбраць прысвячэнне каралеве Боне Сфорца ды яе сакратару Людвіку Альфію… У Экзюперы прысвячэнне ўвогуле ўспрымаецца як першы раздзел ягонай славутай казкі. А прысвячэнне Гусоўскага — як нітка, тузануўшы за якую, можна разблытаць цэлы клубок жыццёвых калізій з побыту аўтара ў Рыме, без разумення якіх і «Песню пра зубра» нам да канца не зразумець. Гэтаксама шмат чаго не зразумеем мы і без караткевічаўскіх прысвячэнняў.

Аднойчы ў хату да Уладзіміра Караткевіча залезлі зладзеі. «Абакрасьці Караткевіча — як абакрасьці храм», — адразу ж адгукнулася на гэтую вестку Ларыса Геніюш у адным з лістоў. Я не ведаю, што тады вынеслі з кватэры-храма зламыснікі — грошы, рэдкія кнігі, рукапісы? Але ўкрасці можна не толькі матэрыяльныя каштоўнасці. Савецкая цэнзура ў 1969 годзе паспрабавала скрасці ў Караткевіча сяброў. І пакінуць гэтую ганебную спробу без адпаведнай увагі ўкладальнікі, рэдактары і выдаўцы новага Збору твораў пісьменніка проста не маюць права.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць