Асноўнай рэакцыяй на Пуціна, Лаўрова, Пяскова ў расійскім тэлеграме стаў клоўн
У настроях расійскага грамадства назіраецца тэктанічны зрух.
Уладзімір Пуцін. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Магчымасць пакідаць рэакцыі засталася не ва ўсіх расійскіх праўладных і праваенных каналах. А там, дзе яна засталася, часта адбываюцца накруткі, часам нават з першых хвілін існавання допісу. Дзейнічаюць і фабрыкі ботаў, якія пакідаюць адпаведныя каменты і накручваюць лайкі пад імі.
Але пасты без накрутак, калі яны пападаюцца, дазваляюць прасачыць эвалюцыі расійскай грамадскай думкі.
Некаторы час назад «клоўны» і «дызлайкі» сталі асноўнай рэакцый у тэлеграм-каналах на любыя з’яўленні і выказванні Дзмітрыя Пяскова, Сяргея Лаўрова, Сяргея Шайгу. У чэрвені гэтага года «клоўн» стаў асноўнай рэакцыяй і на Пуціна.
Вось скрыншоты з лаяльнага Крамлю канала Shot па стане на 24 чэрвеня. Пад паведамленнем пра ўстановачныя заявы Уладзіміра Пуціна: «расійскія войскі наступаюць…», «Кіеў толькі спрабуе рабіць выгляд…» — смех, малпы, дызлайкі. Рэакцыі «клоўн» у асартыменце Shot няма.
А вось рэакцыі на заявы Пуціна і Пяскова ў Z-канале «Беларускі сілавік» па стане на 24 чэрвеня.
«Расійскія войскі наступаюць, занялі Канстанцінаўку…» — клоўны.
«Краіны Захаду рыхтуюць вайну з Расіяй…» — клоўны.
«Сітуацыя для Кіева на фронце горшае дзень пры дні…» — клоўны.
Унутры Расіі СМІ несвабодныя, а сацыялогія перастала быць незалежнай, сацыёлагі скажаюць вынікі сваіх даследаванняў пад ціскам рэпрэсіўных органаў. Змены ў грамадскай думцы даводзіцца адсочваць па ўскосных прыкметах.
Імперыялістычная вайна ва Украіне зайшла ў тупік. Здаецца, менавіта дальнабойныя ўдары, якія Украіна інтэнсіфікавала з вясны гэтага года, змусілі насельніцтва Расіі памяняць сваё стаўленне. Рэчаіснасць, дадзеная ім у адчуванні, разышлася з тым, што кажа Пуцін.
Можна чакаць, што і на апошніх Z-каналах магчымасці выбраць рэакцыі «клоўн» і «гаўно» больш не застанецца. Расійскія ўлады і іх мінскія элементы вераць, што яны могуць сродкамі сацыяльнай інжынерыі трымаць свае народы ў штучна сканструяванай рэальнасці.