БЕЛ Ł РУС

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

6.07.2026 / 13:14

Nashaniva.com

Прычынай гібелі 38‑гадовага футбаліста стаў няшчасны выпадак.

Аляксей Ляўкевіч. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Аляксей Ляўкевіч загінуў у канцы чэрвеня 2026 года. Хлопец патануў на возеры.

Ляўкевічу было 38 гадоў. Ён родам з Радашковічаў, але жыў у Бараўлянах.

У 2011 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Працаваў у будаўнічай сферы — займаўся ўкладкай пліткі і аздобнымі работамі.

Вялікай часткай яго жыцця быў спорт: Аляксей шмат гадоў гуляў у аматарскі футбол і міні-футбол. Ён выступаў у Прэм'ер-лізе 5х5 за каманды do-doma.by і «БелВЭБ», на яго рахунку дзясяткі матчаў і галоў.

Аляксей Ляўкевіч у 2021-м. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Ляўкевіча арыштавалі ў канцы 2024 года. Яго асудзілі па трох палітычных артыкулах: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — і абвесцілі «тэрарыстам».

Ляўкевіч трапіў у лік 250 палітвязняў, вызваленых 23 сакавіка 2026 года пасля чарговага візіту Джона Коўла. Яму дазволілі застацца ў Беларусі.

Аляксей нават паспеў згуляць у красавіку 2026 года за сваю міні-футбольную каманду.

На волі Аляксей Ляўкевіч пажыў толькі тры месяцы.

Мы выказваем спачуванні родным і блізкім былога палітвязня.

Чытайце таксама:

Футбаліста з Радашковічаў кінулі ў калонію — дачапіліся да каментаў

Аўтазаводца з Міханавічаў кінулі за краты за палітычныя выказванні

Алімпіядніка з Рэчыцы, які вучыўся ў БДУІР, асудзілі па справе Гаюна

Каментары да артыкула