Яўген Хмара будзе часова выконваць абавязкі міністра абароны Украіны. Хто ён такі?
«Стратэг, прафесіянал, арыентаваны на людзей кіраўнік і аўтарытэтны вайсковец», кажуць пра яго. Хмара быў адным з удзельнікаў аперацыі па вызваленні вострава Змяіны летам 2022 года.
Уладзімір Зяленскі паведаміў, што в.а. кіраўніка СБУ Яўген Хмара будзе часова выконваць абавязкі міністра абароны. Пра гэта ён паведаміў у сацыяльных сетках.
Да канца незразумела, як Хмара можа ўзначаліць Мінабароны нават у статусе в.а. Для гэтага ўрад спачатку павінен прызначыць яго намеснікам міністра і ўпаўнаважыць часова кіраваць ведамствам. Хмара знаходзіцца на вайсковай службе, а паводле закону такую пасаду можа займаць цывільны чалавек, паведамляе Бі-бі-сі — Украіна.
«Стратэг, прафесіянал, арыентаваны на людзей кіраўнік і аўтарытэтны вайсковец — так характарызавалі в.а. кіраўніка СБУ Яўгенія Хмару тыя, хто служыў і працаваў побач з ім.
«У «Альфу» мы прыйшлі практычна ў адзін час. Да гэтага ён служыў у Цэнтры спецыяльнага прызначэння «Амега» Нацыянальнай гвардыі, а я — у Дэсантных войсках», — успамінае палкоўнік СБУ, дэпутат фракцыі «Голас» Раман Кастэнка.
Тое, што Хмара з'яўляецца выхадцам з «Амегі», пацвердзіў і цяперашні начальнік гэтага Цэнтра спецпрызначэння генерал-маёр Павел Яцюк.
Раман Кастэнка так успамінае пачатак працы з Хмарам у «Альфе»: «Яўген пачынаў з таго, што быў брычарам (байцом сілавога падраздзялення, галоўная задача якога — забяспечыць хуткае пранікненне падраздзялення ўнутр будынка), а потым узначаліў «спецназ у спецназе» — суперэлітнае падраздзяленне ўнутры самой «Альфы», куды быў удвая мацнейшы адбор, чым у сам Цэнтр спецаперацый «А»».
Згодна з афіцыйнай біяграфіяй Хмары, распаўсюджанай СБУ, у структуры Службы бяспекі ён працуе ўжо амаль 15 гадоў. У прыватнасці, у пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці, а пасля яе дэакупацыі быў накіраваны на Данеччыну.
Як расказвалі BBC News Украіна людзі, якія ведаюць Хмару, ён, сярод іншага, удзельнічаў у баях за Севераданецк і Лісічанск. Хмара быў адным з удзельнікаў аперацыі па вызваленні вострава Змяіны летам 2022 года. Сам ён называў яе «адной з ключавых перамог над ворагам» у ваенным, эканамічным і псіхалагічным аспектах.
«Для байцоў Цэнтра спецаперацый «А» СБУ было гонарам удзельнічаць у гэтай спецаперацыі і годна яе рэалізаваць», — падкрэсліваў Хмара ў чэрвені 2023 года.
У красавіку 2023 года прэзідэнт Зяленскі прызначыў Хмару начальнікам Цэнтра спецаперацый «А».
«Альфа» пасля гэтага проста заграла іншымі фарбамі, і ўсё, што яна рабіла потым, было вынікам стратэгічных задум Яўгенія разам з Васілём Малюком», — кажа Раман Кастэнка.
«Цэнтр спецаперацый «А» стабільна ўваходзіць у тройку найбольш выніковых падраздзяленняў Сіл абароны па аб'ёмах знішчанай тэхнікі і жывой сілы праціўніка з дапамогай беспілотнікаў», — адзначаюць у самой СБУ. Там таксама дадаюць, што аператары дронаў Цэнтра спецаперацый «А» непасрэдна ўдзельнічалі ў спецаперацыі «Павуціна».
Хмара як камандзір цэніць сваіх падначаленых, кажуць тыя, хто бачыў яго ў працы.
«Для яго арыентаванасць на людзей важная ва ўсіх кірунках. Ён асабіста ведае кожнага параненага, дапамагае ім, падтрымлівае іх, а таксама падтрымлівае сем'і загінулых», — адзначае Раман Кастэнка.
Сам Хмара неаднаразова расказваў пра тое, як разам з байцамі «Альфы» непасрэдна ўдзельнічае ў спецаперацыях.
«Менавіта там можна зразумець, што менавіта патрэбна асабоваму складу, якія ў іх патрэбы… Другое — камандзір павінен дакладна разумець, як, што і дзе працуе. Трэцяе — гэта пытанне даверу: калі асабовы склад, асабліва ў цяжкіх сітуацыях, бачыць побач свайго камандзіра, усё становіцца на свае месцы», — раней падкрэсліваў новы в.а. кіраўніка СБУ.
Цяпер Хмара — поўны кавалер ордэна Багдана Хмяльніцкага, а таксама ўзнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені і адзнакай прэзідэнта Украіны «Крыж баявых заслуг».
«Яўген досыць аўтарытэтны ў спецслужбах, яго ведаюць усе кіраўнікі структур. Ён падтрымлівае сувязі з партнёрамі, што таксама важна. Яго ведае парламенцкі камітэт і добра з ім камунікуе», — адзначае сакратар камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і разведкі Раман Кастэнка.
Чытайце таксама:
Стала вядома, каго Зяленскі хоча прызначыць міністрам абароны. Але яго трэба яшчэ звольніць з войска
Міхаіл Фёдараў пацвердзіў, што прычына яго адстаўкі — канфлікт з галоўнакамандуючым УСУ Сырскім
Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся
Намеснік камандуючага ўкраінскіх ВПС падаў у адстаўку праз звальненне міністра абароны
Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім