Тэатр33

Тэатр юнага гледача вярнуўся дадому пасля пяці гадоў рэстаўрацыі

Адкрыццё новага сезона — 12 верасня.

Тэатр юнага гледача 1 чэрвеня вярнуўся ў «родны» будынак па адрасе Энгельса, 26. Абноўленая сцэна адкрылася пасля шасці сезонаў рэстаўрацыі. Дырэктар тэатра Ігар Варонін расказвае пра новы этап развіцця тэатра з пачаткам новага, 60-га сезона.

У новай зале 323 месцы — толькі крышку менш, чым было. Будынак тэатра захаваў свой знешні выгляд, але абноўлены ўсярэдзіне. Рэпертуар ТЮГ хоча запоўніць творамі сучасных беларускіх аўтараў, ад малых спектакляў сысці да маштабных і шматгапланавых.

Акрамя абноўленага галоўнага будынка тэатр атрымаў і новы адміністрацыйна-вытворчы комплекс, новыя асобныя буфеты для гледачоў і супрацоўнікаў.

На другім паверсе тэатра запрацуе музычная гасцёўня, дзе перад спектаклем і ў антрактах будуць граць маладыя музыкі з каледжа Глінкі і іншых навучальных устаноў. У бакавых фае будуць праводзіцца экспазіцыі дзіцячых малюнкаў, у тым ліку па матывах пабачаных дзецьмі спектакляў.

Разам з тым тэатр плануе запусціць на адным з тэлеканалаў адукацыйна-выхаваўчую праграму пра тэатр, уласныя праекты «Здароўе і культура» і «Чатыры сезоны».

Тэатр юнага гледача 6 сезонаў жыў у сціснутых умовах, сцвярджае мастацкі кіраўнік Уладзімір Савіцкі, ад чаго пацярпела як якасць і маштаб спектакляў, так і ўласна трупа.

Паводле яго слоў, тэатр страціў пакаленне гледача: многія і не ведаюць, дзе тэатр знаходзіцца. Цяпер асноўная задача, як бы то банальна не гучала, стварэнне высокаякасных спектакляў як для самай маладой аўдыторыі, так і для падлеткаў. Тэатр спадзяецца павялічыць маштаб спектакляў і іх мнагапланавасць, ладзіць спектаклі, у якіх будзе задзейнічаны практычна ўвесь персанал і новыя магчымасці сцэны.

З тэатра сёлета знялі патрабаванне па запаўняльнасці залі, дырэкцыя спадяецца, што такі параметр не вернецца і ў наступныя гады.

Мастацкі кіраўнік спадзяецца, што дзеці і бацькі будуць ісці на спектаклі па ўласным жаданні (і з асалодай), а не заганяцца школамі. Таксама, як адзначае дырэктар, тэатр хацеў бы прывабіць навучэнцаў прафтэхвучэльняў — рэдкіх гасцей тэатраў.

Балазе, спектаклі тэатра заўсёды запатрабаваныя. Беларуская мова (а на ёй пастаўленыя амаль усе спектаклі) не выклікае неразумення бацькоў ці дзяцей.

Да таго ж, у тэатры прыдумалі сродкі для знаёмства дзяцей з тэатральнай мовай, выдалі адмысловы слоўнічак для тых, хто ўпершыню трапіў у беларускі тэатр.

А састарэлыя ці незвычайныя словы, што пасуюць спектаклям па атмасферы і гучанні, але могуць быць незнаёмыя гледачу, «запакаваныя» ў такі кантэкст, дзе не могуць быць незразумелымі. Для гасцей з замежжа тэатр можа выкарыстоўваць і бягучы радок з перакладам.

Новы, ужо 60-ы сезон у гісторыі тэатра, адкрыецца «Сіняй птушкай» Марыса Метэрлінка. Рэжысёр-пастаноўшчык — Уладзімір Савіцкі.

«Сіняя птушка» разлічаная на гледача ад 10 год, але, як лічыць дырэктар тэатра, можа быць зразумелая і цікавая і маладзейшаму гледачу.

Надалей у афішы — «Зацюканы апостал», «Дарога на Віфліем», «Царэўна-жабка», «Крыху пяшчоты», «Тэдзі», «Шытая лялька Рэгедзі Эн» і «Кот у ботах». Тэатр дзеліць рэпертуар на спектаклі для самых маленькіх, «цудоўныя гісторыі і казкі» для старэйшай аўдыторыі і даволі дарослыя вечаровыя паказы, некаторыя з якіх разлічаныя на ўзрост ад 18 год (апошніх пакуль толькі пяць — тэатру хацелася б больш).

Да новага года плануецца сярод іншага «Чараўнік Ізумруднага горада», пасля — «Дон Кіхот» паводле Булгакава, у красавіку-маі — «Дзікае паляванне караля Стаха». Цалкам пабачыць афішу можна на сайце тэатра.

У праграме магла б з’явіцца і «Цаляначка», але спектакль арыентаваны на механізацыю, што не атрымалася «праштурхнуць» у рэканструкцыю. Магчыма, спектакль з’явіцца на сцэне, але ў перапрацаваным варыянце. Магчыма, у арсенале тэатра ў хуткім часе з’явіцца і музычны спектакль, амаль мюзікл паводле казкі «Жабкі і чарапаха» Уладзіміра Караткевіча. «Сіняя птушка» ж задзейнічае магчымасці механізацыі і самой трупы па максімуму.

Штатная структура тым часам патрабуе папаўнення. На сёння ў тэатры працуюць 217 чалавек, з іх 45 акцёраў. Дырэкцыя спадзяецца павялічыць штат яшчэ на два дзясяткі чалавек, у тым ліку шукае маладых акцёраў. Патрэбныя і спецыялісты па відэаадлюстраванні, але такіх у Беларусі мала і тэатральнай зарплатай зацікавіць іх цяжка. Запрошаныя рэжысёры будуць з’яўляцца ў тэатры, але дырэкцыя найперш хоча запрашаць майстроў, якія змогуць не толькі паставіць спектаклі, але і правесці сваеасаблівыя майстар-класы для акцёраў. Тэатр хацеў бы мець спонсарскія праграмы, але, як адзначае дырэктар, ёсць цяжкасці: багатыя кампаніі ўжо маюць падапечных.

Каментары3

Цяпер чытаюць

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу4

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Усе навіны →
Усе навіны

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць53

«Паклалі цела на асфальт і вырашылі адпачыць». Мінчанка абураная дзяржаўнай рытуальнай службай9

27‑гадовага тэсціроўшчыка з Кобрына асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» па вяртанні з Польшчы8

Энергаблок №2 Беларускай АЭС зноў адключаны ад сеткі3

Пяцёра альпіністаў загінулі на Эльбрусе

Беларусы расказалі пра сямейны бюджэт і выдаткі на іпатэку ў Польшчы6

Навукоўцы вызначылі рысы твару, якія людзі часцей за ўсё лічаць прывабнымі5

Другая пятля на шыі сусветнага гандлю. Хусіты пагражаюць закрыць Чырвонае мора5

Як каралева голых землякопаў падтрымлівае сваю калонію бясплоднай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу4

У Мінску аўтобус задавіў насмерць уласнага кіроўцу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць