«Значна больш, чым звычайна». У Эстоніі затрымалі 32 мігрантаў, якія прыбылі праз Беларусь і Латвію
Паліцыя Эстоніі за апошнія тры дні затрымала 32 іншаземцаў, звязаных з міграцыйным патокам з Беларусі на латвійскай мяжы. Затрыманні прайшлі ў розных раёнах Таліна — у пункце размяшчэння ў раёне Нымэ, у порце і ў цэнтры горада. Пры затрыманні адной з груп праваахоўнікам дапамагла інфармацыя ад жыхара Хар’юмаа, піша reform.news.

У затрыманых не было дакументаў, якія дазваляюць устанавіць асобу, паведамілі ў прэс-службе паліцыі. Паводле папярэдніх даных, яны з’яўляюцца грамадзянамі розных краін Афрыкі.
Папярэдне, яны прыбылі ў Эстонію праз Беларусь і Латвію. Паводле іх слоў, затым яны планавалі перабрацца праз Фінляндыю ў краіны Заходняй Еўропы.
«За апошнія тры дні колькасць затрыманых за незаконнае перасячэнне мяжы значна вышэйшая за звычайную. У выпадку з такімі людзьмі першачарговая задача паліцыі — высветліць рэальнае паходжанне гэтых мігрантаў і іх намеры ў Шэнгенскай зоне, каб забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку ў Эстоніі і ва ўсёй Шэнгенскай зоне», — заявіў кіраўнік бюро пагранічнай службы Пых’яскай прэфектуры Індрэк Ару.
Ару заявіў, што незаконная міграцыя праз Беларусь у кірунку Латвіі носіць арганізаваны характар і выкарыстоўваецца як інструмент гібрыднага ўздзеяння. Паводле яго слоў, узмацненне кантролю ў Польшчы, Літве і Латвіі таксама магло паўплываць на павелічэнне колькасці спроб уезду ў Эстонію.
«Нелегальнай міграцыі таксама спрыяе летняе надвор’е, якое палягчае перасоўванне. Калі вы заўважыце незвычайныя групы іншаземцаў у прыгранічных раёнах, асабліва на поўдні Эстоніі, якія адрозніваюцца ад так званых звычайных турыстаў, або дзеянні, якія ўказваюць на незаконны гандаль людзьмі, варта паведаміць пра гэта ў паліцыю. Разумная пільнасць дапаможа нам хутчэй рэагаваць і праясніць сітуацыю», — заклікаў ён.
Паліцыя Эстоніі паведаміла, што змяніла тактыку працы ў транспартных вузлах і ў памежных раёнах з улікам росту міграцыйнага ціску. Акрамя таго, эстонскія праваахоўнікі дапамагаюць латвійскім калегам, якія непасрэдна сутыкаюцца з павелічэннем колькасці нелегальных пераходаў.
Большасць затрыманых ужо прайшлі першасныя працэдуры, і значная частка з іх падала заявы на міжнародную абарону ў Эстоніі. Паводле рашэння суду іншаземцы змешчаныя ў цэнтр утрымання. Разгляд заяў звычайна займае да 4 месяцаў, але ў асобных выпадках тэрмін можа быць падоўжаны яшчэ на 2 месяцы.
У выпадку адмовы ў выдачы абароны іншаземцы будуць выдвараныя з Эстоніі.
За першыя 6 месяцаў 2026 года ў Эстоніі былі затрыманыя 149 чалавек за незаконную міграцыю.
Цяпер чытаюць
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары