Пракуратура вобласці накіравала ў абласны суд крымінальную справу аб забойстве з асаблівай жорсткасцю. Жыхар Светлагорска ў парыве рэўнасці збіў сужыцельку. Жанчына памерла ў бальніцы, паведамляе «Гомельская Праўда».
Здарылася бяда 22 красавіка.
Яны жылі разам каля шасці гадоў, апошнія пяць з якіх жанчына нідзе не працавала. Мужчына ж працаваў на будаўнічых аб'ектах Беларусі, ад'язджаў у камандзіроўкі на працяглы час. Напярэдадні забойства ён патэлефанаваў жанчыне і папярэдзіў, што не прыедзе. Аднак пазней у той самы дзень даведаўся, што знаёмыя едуць у Светлагорск і могуць падвезці. Вырашыў ехаць з імі.
Па дарозе мужчына выпіў чарку гарэлкі. Прыехаўшы дадому, ён прайшоў на кухню, дзе і заспеў п'яную сужыцельку з іншым. Узнік канфлікт, і незнаёмец паволі пайшоў, пакінуўшы сужыцеляў высвятляць адносіны сам-насам. Паводле словаў абвінавачанага, у запале ён некалькі разоў ударыў жанчыну далонню па твары, а затым кулаком у спіну, з-за чаго яна ўпала і ўдарылася галавой. Пакуль сужыцелька ляжала на падлозе, ён ударыў яе нагой у жывот і сышоў падыхаць свежым паветрам.
Вярнуўшыся, мужчына знайшоў жанчыну на падлозе кухні ў той жа позе і вырашыў, што яна спіць. Каля 12-й гадзіны ночы патэлефанаваў знаёмай, каб тая забрала сваю сяброўку. Яна сапраўды прыйшла, убачыла непрытомную жанчыну на падлозе ў крыві і выклікала хуткую. Сужыцель паводзіў сябе абыякава.
Пацярпелую шпіталізавалі ў крытычным стане, праз два дні яна памерла ў шпіталі. Прычына смерці - закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Як высветліла экспертыза, жанчыне было нанесена не менш за 53 удары, 14 з якіх - у вобласць галавы.
Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя як забойства з асаблівай жорсткасцю. Сваю віну мужчына прызнае часткова.
Цяпер справу перадалі ў суд. Абвінавачанаму пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, альбо пажыццёвае, альбо смяротнае пакаранне.
Цяпер чытаюць
Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі
Каментары